Когда своё дело в радость. Олег Романовский оказывает ушачанам услуги по ремонту оборудования на бензиновых двигателях

Экономика и малый бизнес

Да адкрыцця сваёй справы Алег Пятровіч Раманоўскі ішоў каля 6 месяцаў. Хваляваўся, пабойваўся, а потым рэзка прыняў рашэнне. І вось ужо тры гады аказвае ўшачанам такія патрэбныя паслугі ў рамонце любога абсталявання на бензінавых рухавіках. Яго майстэрня насупраць дома па вуліцы Азёрнай у Ліпаўцы зараз застаўлена пераважна трымерамі, ёсць і самаходныя касілкі – сезонны рамонт, ды і работа ў асноўным прыпадае на лета, хіба што культыватар ці мотаблок могуць даставіць позняй восенню.

Пачыналася ж знаёмстава з тэхнікай – з бензапіл. Рамонт апошніх і быў асноўнай дзейнасцю рукастага хлопца без спецыяльнай адукацыі. Але калі ўладкаваўся на створанае прадпрыемства “Лес”, у якім тры брыгады працавала на нарыхтоўцы драўніны, а пілы вазілі на рамонт у Полацк, сама сабой “намалявалася” вакансія слесара-наладчыка. Алегу самому вельмі цікава было разбірацца ў механізмах, а таксама дапамаглі калегі-практыкі. Яго накіравалі на “стажыроўку” ў Смалявічы да спецыяліста, які ў свой час абучаўся ў Фінляндыі. Але сваім асноўным дарадчыкам называе былога наладчыка з ТАА “Ушачы” Аляксандра Жарнасека. Зараз жа, хоць ведае, здаецца, усё, пастаянна займаецца самаадукацыяй, чытае, штодня праглядае навінкі інтэрнэта. І зрабіў несуцяшальную выснову.

З соцень праглядаў па рамонце тэхнікі сустрэў толькі пару запісаў сапраўды спецыялістаў, якія, бачна, займаюцца рамонтам пастаянна і ўмеюць гэта рабіць.

Свайго першага кліента памятае і зараз. Мужчына прачытаў аб’яву ў “Патрыёце” і прывёз трымер, прамовіўшы: “У Полацк ездзім не так часта, куды і дастаўлялі, а тут на месцы”. Яшчэ адна перавага для ўшачан адчуваецца “на кішэні”. Алег у ацэнцы сваёй работы арыентуецца на кошт паслуг гарадскіх калег, але прымяняе памяншальны каафіцыент. Літаральна ўсё ў яго танней: дыягностыка прычыны паломкі, напрыклад, каштуе 10-15 рублёў, нескладаны рамонт – 20-25, складаны – 50-60.

Ну а пра якасць і казаць не даводзіцца. Кожны, хто працуе ва Ушачах і для ўшачан, проста не можа халтурыць: па-першае, вернуць назад, па-другое, такую характарыстыку дадуць, што ніякая рэклама не дапаможа. Ну а да А.Раманоўскага ўжо вязуць інструмент не толькі землякі, але і жыхары Бабынічаў, Блізніцы, іншых населеных пунктаў суседніх раёнаў. “Сарафаннае радыё” экзаменуе прадпрымальніка выключна на станоўчую адзнаку. Існуе і гарантыя на рамонт.

– На жаль, даводзіцца нават адмаўляць, калі просяць адрамантаваць тэрмінова, – так Алег Пятровіч адказвае на пытанне аб цяперашняй патрэбе ў рэкламе. – Раней пастаянна даваў аб’яву ў “раёнцы”, адтуль і прыйшлі першыя кліенты. Цяпер жа работы ўлетку шмат, ды вы і самі бачыце. Ну а вось зімой – вымушаны прастой. Тады падаю нулявую дэкларацыю. Так што магу параіць любому, што адкрыць сваю справу і заняць патрэбную нішу не страшна.

Прыклад Алега Пятровіча ў чарговы раз сведчыць, што пры жаданні чалавек абавязкова заробіць на хлеб, а то і на масла да яго. Сваю справу ён распачаў, калі зачынілася лесаперапрацоўка ў ТАА “Лес”. Аднак акрамя статусу прадпрымальніка заўсёды меў пастаянную работу. Працаваў вартаўніком на ўчастку “Слабада”, зараз – кантралёр па выпуску тэхнікі АТП №6. Пазменны графік ці работа ноччу пакідае патрэбны вольны час для занятку сваёй дзейнасцю, якая для Алега Пятровіча не ў цяжар, а ў радасць. Як і частыя госці ў маляўнічым куточку Ліпаўца – зусім непрыкметны, амаль схаваны кустоўем паварот з цэнтральнай вуліцы ведаюць ужо многія ўшачане.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *