На прошедшей неделе кормоуборочные комбайны усердствовали на полях ушачских хозяйств

Сельское хозяйство

Шчыра кажучы, пісаць у пачатку восені рэпартажы з зялёнага жніва дагэтуль не даводзілася – ды і не прыгадаеш, каб у верасні так актыўна ішла закладка сянажных траншэй.

Але гэты год паднёс ужо нямала аграрных сюрпрызаў, у ліку якіх і тое, што другі ўкос па прадукцыйнасці пераўзыходзіць першы і дае падставу спадзявацца, што жывёлу ўсё ж будзе чым накарміць узімку.

На мінулым тыдні кормаўборачныя камбайны шчыравалі на палетках большасці ўшацкіх гаспадарак. А “Сафійскія дары”, дзе неабходна забяспечыць патрэбы самага вялікага статка, вылучылі на гэту справу аж тры КВК-800: дзве адзінкі, што адправіў на дапамогу холдынг, нарыхтоўвалі сянаж ля Гамылёва, ну а мы накіраваліся ў бок Матырына і Заазер’я, дзе Сяргей Шчэрбік (на здымку) убіраў на зялёны корм канюшыну.

Паназіраць за працай аднаго з лепшых механізатараў гаспадаркі хацелі даўно. Летась ён быў героем корманарыхтоўкі – стаў першым у раёне на адвозцы зялёнай масы, прычым, са значнай перавагай над калегамі: на трактары К-744 перавёз больш 7 тысяч тон, тады як уладальнік другога месца – 4813. Засвяціцца ў лідарах Сяргей паспеў ужо і сёлета – у час пасяўной паказаў лепшы вынік на падрыхтоўцы глебы, апрацаваўшы 848 гектараў. Прычым, шчыраваў не толькі на годных палетках – так, шмат сіл і цярпення запатрабавала распрацоўка зарослых участкаў ля Апанаскавічаў: і загразалі там неаднойчы, і ламаліся, амаль усё праходзілі ў два сляды, а колькі разоў давялося мяняць каткі культыватара… Затое далучылі да севазвароту каля 200 гектараў. Магчыма сёлета пасеяныя там яравыя і не далі чаканага выніку, але на наступны сезон палеткі дакладна прынясуць большы плён.
“…Ды прычым тут маё майстэрства? Проста, тэхніка прадукцыйная. На той жа адвозцы ў мяне быў 20-тонны ПІМ, трава летась урадзіла, а на КВК Саша Гусёнак працаваў – у пары з такім старанным і ўмелым калегам любыя рэкорды па плячы. А яшчэ наша кіраўніцтва належным чынам працэс арганізоўвала”, – сціпла прымяншае сваю ролю ў поспехах наш суразмоўца. Але ўжо па тым, як відавочна напружвае яго невялікі вымушаны прыпынак на ўзмежку, бачна, што працаваць Сяргей прывык з поўнай аддачай. І каб пагутарыць з ім больш грунтоўна, выкарыстоўваем правераны ў палявых журналісцкіх вандроўках ход – просімся праехацца ў кабіне КВК.

У “Сафійскіх дарах” другім укосам скасілі сёлета ўжо значна больш запланаванага, на 102% выканалі заданне па нарыхтоўцы сена, а вось па сенажы справіліся пакуль толькі на 52,5%, але актыўна запаўняюць траншэі – за панядзелак, напрыклад, заклалі 280 тон. На ўчарашнюю раніцу ў гаспадарцы было нарыхтавана 9,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, па раёне гэты паказчык складаў 10,26 цэнтнера.

пакойную бяседу ўсё роўна не спраўдзілася: каб якасна ўбіраць травяныя кармы, трэба не толькі спрытна руліць па няроўных палетках, а і пастаянна глядзець у бакавое акно, каб “зялёнка” раўнамерна запаўняла кузаў, не прасыпалася міма на паваротах і няроўнасцях. Так што адцягваць увагу машыніста пытаннямі было няёмка, затое атрымалася адчуць спецыфіку гэтага віду механізатарскай справы. Проста падбіраць масу ў валках, напэўна, лягчэй, тут жа КВК і касіў, і здрабняў траву, якая адразу з поля паступала на кармленне жывёле завячэльскага і плінскага комплексаў.

 

У гаспадарцы, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, такі працэс ідзе ўсё лета, займаўся ім пераважна Пётр Караткевіч, а Сяргей на сваім “Кіраўцы” трамбаваў траншэі. Калі ж спатрэбілася падмяніць калегу – перасеў у кабіну КВК. Хоць на ім звычайна не працуе, асвоіўся хутка. “А што тут прывыкаць? Я ж патомны механізатар – яшчэ дзядуля трактарыстам быў, ды і сам ужо дзесяць год у гэтай гаспадарцы. Прайшоў падрыхтоўку для работы на высокапрадукцыйнай тэхніцы ў вучэбным цэнтры нашага райсельгасхарча. КВК спрытны, спраўны – у полі толькі трэці сезон, а з дробным рамонтам, калі трэба замяніць сегмент касы ці пальцы грабляў, справіцца не праблема”, – тлумачыць Сяргей.

Тым часам кузаў МАЗа напоўніўся, і Мікалай Васілеўскі (на здымку) акуратна павёз “зялёнку” ў бок бальшака. Вопытны вадзіцель шмат год адпрацаваў у ПМК-66, а летась з-за аптымізацыі змяніў будаўнічую сферу на аграрную. “Канечне, і ў нас было няпроста, але з хлебаробскай справай, калі змены доўжацца з досвітку да цёмнага, мала што параўнаеш: мае цяперашнія калегі заслугоўваюць асаблівай пашаны за цярплівасць і самаадданасць”, – мяркуе Мікалай Пятровіч.

А С.Шчэрбк між тым тэлефанаваў галоўнаму аграному, каб удакладніць далейшую задачу: працягваць справу тут ці пераязджаць у Гамылёва на нарыхтоўку сенажу. Кіраўніцтва ж дакладна ведае, што на кожным участку і на любой тэхніцы гэты адказны хлопец зробіць усё так, як трэба.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *