Ведётся борьба с борщевиком

Благоустройство

У разгары лета, усё наўкол квітнее, і гэта радуе вока. За адным выключэннем – разам са сваімі сабратамі па флоры буяе і разрастаецца баршчэўнік, а паралельна нарастае паток тэлефанаванняў у розныя інстанцыі ад жыхароў раёна, якія ад яго пакутуюць. На жаль, наш раён лічыцца адным з самых праблемных у рэспубліцы па распаўсюджанасці гэтай небяспечнай расліны, і гэта не наша віна, а наша бяда. Па выніках даследаванняў спецыялістаў з Інстытута батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, агульная плошча, захопленая баршчэўнікам у нашым раёне, складае каля 600 гектараў. На барацьбу з “агрэсарам” выдзяляюцца немалыя сродкі, аднак вынікі, мякка кажучы, не ўражваюць. На сённяшні дзень апрацавана хімічнымі прэпаратамі 30 гектараў, скошана – 160. 
Асноўнае пытанне, якое цікавіць жыхароў раёна – хто павінен змагацца з гэтай раслінай? Адказ на яго просты – землеўладальнік. Амаль усе сельгаспрадпрыемствы раёна вельмі слаба вядуць барацьбу з баршчэўнікам, хоць у чэрвені кожнаму землеўладальніку былі выдадзены прадпісанні па скарачэнні яго распаўсюджвання, за невыкананне якіх раённай прыродаахоўнай інспекцыяй ужо складзена 9 пратаколаў у адносінах службовых асоб. Не на ўзроўні вядуць работу меліяратары і дарожнікі.
У якасці станоўчых прыкладаў можна адзначыць ААТ “Ільюшынскі”, дзе абкасілі тэрыторыю вакол цэнтральнай сядзібы, не бяздзейнічае Вялікадолецкі сельвыканкам, у “Глыбачанах” правялі хімічную апрацоўку на двух гектарах, якая дала добрыя вынікі. У мінулую пятніцу ў Вяркудах, якія найбольш пакутуюць ад пачварнай расліны, пад непасрэдным кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама В.П.Цянюгі скошвалі баршчэўнік трыма трактарамі, якія арэндавалі ў ПМС, пасля чаго плануюць правесці хімічную апрацоўку. У Селішчы маюцца прыклады таго, як удала змагаюцца з баршчэўнікам на ўласных падвор’ях пры дапамозе апрацоўкі гліфасатамі.
І хочацца яшчэ раз нагадаць, што абыходзіцца з гэтай раслінай трэба вельмі асцярожна. Найбольш небяспечнымі з’яўляюцца чаранкі і жылкі лісця, часткі суквеццяў і насенне – старайцеся не датыкацца да іх. Пры рабоце з баршчэўнікам трэба апранаць адзенне, праз якое не пранікае вільгаць, ахоўныя акуляры, а пасля работы прамыць твар і рукі вадой з мылам, працерці спіртам; нельга працаваць у сонечныя дні. Калі сок расліны трапіў на скуру, трэба прамыць яе і змазаць пантэнолам або борным вазелінам, накласці павязку, а пры неабходнасці звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *