Ресурсный центр для учащихся с особенностями психофизического развития появился в Ушачской средней школе

Образование и молодежь

Рэсурсны цэнтр для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’явіўся ва Ушацкай сярэдняй школе. Гэта стала магчымым дзякуючы гранту пасольства Славацкай Рэспублікі на фінансаванне гуманітарных праектаў, які выйграла распрацоўка педагогаў названай установы.

заняткі ў рэсурсным цэнтры праводзіць настаўнік-дэфектолаг Маргарыта Далжонак

– Дапамог у гэтым выпадак, – падзялілася з намі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.У.Ворса. – Летась для знаёмства з работай мабільнага рэнтгенадыягнастычнага апарата, набытага ў райбальніцу за сродкі такога ж гранту, прыехала дэлегацыя з ліку прадстаўнікоў пасольства прыгаданай краіны. Тады іх увазе былі прапанаваны яшчэ пяць праектаў з розных сфер. І вельмі прыемна, што наш – адукацыйны – гасцей зацікавіў. 24 кастрычніка 2022-га было падпісана пагадненне на яго фінансаванне.

Прамаруджваць з рэалізацыяй праекта ўшачане не сталі – менш чым за год (хаця дапускаўся ўдвая большы перыяд) зрабілі ў кабінеце рамонт, знайшлі і закупілі неабходнае абсталяванне, мэблю, дапаможнікі, развіваючыя гульні, затраціўшы на ўсё гэта звыш 7,6 тысячы еўра. Ужо зараз рэсурсны цэнтр, які атрымаў назву “Астравок спакою”, гатовы прымаць асаблівых дзетак, іх педагогаў, бацькоў. Заняткі тут будуць праводзіцца як індывідуальныя, так і групавыя.

Аўдыторыя, што на другім паверсе, падзелена на тры зоны. Першая – для кансультавання навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў. Для зручнага размяшчэння, дэманстрацыі магчымых варыянтаў карэкцыйнай работы прадугледжаны мяккія крэслы і канапа, магнітна-маркерны фліпчарт (спецыяльны мальберт). Непасрэдна заняткі будуць праводзіцца ў больш прывычнай для навучэнцаў абстаноўцы: перад школьнай дошкай, за партамі (толькі больш сучаснымі – са спецыяльнымі падстаўкамі для падручнікаў, падсветкай). Калі ж трэба, наадварот, адпачыць, расслабіцца, хлопчыкаў і дзяўчынак запросяць у зону сэнсарнай разгрузкі. Тут і мяккія маты для актыўнасці, і балансіровачныя платформы для ўтрымання раўнавагі, і нават сухі басейн (мяккая ёмістасць, запоўненая каляровымі пластмасавымі шарыкамі) для ўзняцця настрою. На кожным кроку – штосьці цікавае і ў той жа час карыснае для развіцця дзяцей рознага ўзросту.

– Адначасова ў нашым “Астраўку спакою” змогуць займацца да пяці навучэнцаў, – удакладняе Алёна Уладзіміраўна. – Прычым, неабавязкова толькі з інтэграваных класаў нашай школы – запросім тых, хто атрымлівае адукацыю на доме, выхаванцаў дашкольных устаноў райцэнтра, прадстаўнікоў сельскіх навучальных устаноў.

Першая аналагічная структура была адкрыта ў Віцебску на базе абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў 2018 годзе. Сёння спецыялісты дапамагаюць своечасова выявіць дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, адаптавацца ім у соцыуме, вызначаюць аптымальны адукацыйны маршрут і эфектыўнае суправаджэнне развіцця непаўналетніх.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *