«Художественный музей под открытым небом»: усадьба семьи Авдошко напоминает сказочный терем

Благоустройство Калейдоскоп

З’яўленню гэтага артыкула паспрыяла… недарэчнасць. Ведалі, што непадалёк ад дземянецкай фермы шчыруюць на палетках механізатары, але павярнулі не на тую гравійку – пра што, прынамсі, зусім не пашкадавалі, бо выехаўшы ў Астравенец, натрапілі ў дальнім яго баку на абсалютна дзівосную сядзібу, якая нагадвала казачны церам. І хоць народны фальклор параўноўвае візіт нязваных гасцей з набегам арды, праехаць міма, канечне, не змаглі. Тым больш што дзверы ў хату былі прыадчынены, а мульцяшны пластыкавы воўк на газоне ля ганка трымаў у лапах таблічку са словамі: “Ты заходзь, калі што!..”

Гаспадар Міхаіл Васільевіч Аўдошка аказаўся з тых людзей, пры знаёмстве з якімі ўжо праз дзве хвіліны ўзнікае ўражанне, што вы сябруеце ўсё жыццё. Добразычлівы мужчына ахвотна правёў нас па “прыцерамавай” тэрыторыі і расказаў, як звычайная вясковая сядзіба пераўтварылася ў мастацкі шэдэўр.

Сам мужчына родам з полацкай Мяніцы, а ў Астравенцы вырасла яго жонка Надзея Сцяпанаўна Пугач. Жыла сям’я ў Наваполацку, а ўвесь працоўны шлях гаспадара прайшоў на “Нафтане”, дзе ён адказваў за спраўную работу абсталявання. Ва ўшацкую вёску наведваліся часта – дапамагалі жончынай матулі Вользе Іванаўне, калі ж гаспадыні не стала, сядзібу ў маляўнічым куточку не кінулі – вось ужо сёмы год шчыруюць над яе аздабленнем.

“Як толькі пайшоў на заслужаны адпачынак – уцёк з горада! А вось другая мая палавінка цалкам адмовіцца ад бытавых выгод пакуль не рашаецца – на зіму з’язджае “каравуліць” кватэру. А мяне туды зараз і калачом не заманіш. Тут жа і майстэрня, і лазня, і сябры-суседзі… А цішыня якая – пасля шматлюдных нафтанаўскіх цэхаў ніяк ёю не нацешуся! На падворак дзікія козы, лісіцы заглядваюць, курапаткі падкарміцца прылятаюць. У маладосці паляўнічым быў, але астыў да гэтай справы, пераключыўся на рыбалку, вакол жа столькі вадаёмаў, вёска сваю назву апраўдвае. Аднаго разу на тутэйшым возеры Пагаловец чырвонага карася кілаграмы на два выцягнуў, трапляліся і іншыя цікавыя трафеі”, – з захапленнем апісвае вартасці вясковага жыцця Міхаіл Васільевіч.

Нас жа асабліва цікавіла паходжанне драўляных карунак і дзівосных малюнкаў, якімі густа аздоблены літаральна ўсе пабудовы. “Гады тры таму вырашыў я зрабіць на вокнах налічнікі. Прыдумаў узор, намаляваў трафарэт на шпалерах, перанёс яго на дошкі і выразаў электралобзікам. Працэс аказаўся захапляльным, але вокны хутка скончыліся, тады я падумаў, што ёсць жа і сцены! І з таго часу мяне проста не спыніць!” – з гумарам апісвае майстар сваю разьбярскую эпапею. Карункі захопліваюць ужо і ўнутраную прастору, складваюцца ў афарызмы – напрыклад, жадаюць лёгкай пары наведвальнікам лазні.

Але ў сям’і не адзін Міхаіл Васільевіч мае творчыя замашкі. Надзея Сцяпанаўна, якая да выхаду на пенсію працавала швачкай на мастацкай фабрыцы, узяла на сябе кветкаводчы сектар – і сядзіба вабіць яркімі колерамі з ранняй вясны і да маразоў. Сярод любімых кветак – цюльпаны, якіх тут цэлая калекцыя. Дачка Наталля праяўляе сябе ў якасці ландшафтнага дызайнера. Адваявала творчую прастору і ўнучка Даша, якая навучалася ў мастацкім класе. Прыстасавала для сваіх карцін агароджы ды вароты, якія не паспеў захапіць дзядуля, і нават бетонны слуп ператварыла ў бярозавы ствол.

Вось такі мастацкі музей пад адкрытым небам сціпла прытаіўся на астравенскай вулачцы, якая хоць і носіць назву Цэнтральнай, але пад увагу турыстаў трапляе нячаста. Зрэшты, цяпер мы будзем ведаць, што гэтая вёска адметная не толькі самай высокай у вобласці (а некалі – і ва ўсім СССР) тэлевышкай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *