Председатель Комитета государственного контроля Республики Беларусь Василий Герасимов совершил рабочую поездку в Ушачский район

Общество

На гэтым тыдні Ушацкі раён з рабочай паездкай наведаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Мікалаевіч Герасімаў. Галава кантрольнага ведамства прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна, а таксама наведаў прамысловыя прадпрыемствы Ушаччыны, у тым ліку філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе завяршаецца маштабная мадэрнізацыя вытворчасці ў рамках рэалізацыі інвестпраектаў па даручэнні Прэзідэнта “Адзін раён – адзін праект”.

Заснавальнік аграхолдынга «Славянскі Вялес» У.Некрашэвіч (у цэнтры) знаёміць В.Герасімава са спецыфікай вытворчасці.

Увага жывёлагадоўлі

На пасяджэнні райвыканкама разглядалася вельмі актуальная і сур’ёзная тэма – падрыхтоўка сельгасарганізацый раёна да зімова-стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Ад таго, у якіх умовах будзе зімаваць жывёла, як будзе накормлена, напрамую залежыць прадукцыйнасць, а значыць і фінансавы складнік гаспадарак. Усе яны зараз вядуць падрыхтоўчыя работы па прывядзенні ў належны стан ферм, комплексаў, прафілакторыяў. Высокая гатоўнасць у “Сафійскіх дарах” і “Ільюшынскім”. Што да кармоў, то ў цэлым па раёне на ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавана больш 15 цэнтнераў кармавых адзінак. Прырода дала другі шанс і гэтай цёплай восенню яшчэ ідзе нарыхтоўка сенажу, з палёў убіраецца кукуруза, да таго ж была пасеяна рэдзька алейная, якая таксама пойдзе на корм. Па папярэдніх падліках будзе нарыхтавана каля 26 цэнтнераў кармавых адзінак.

Канечне, рэкорднымі паказчыкамі ў сферы жывёлагадоўлі раён не можа пахваліцца, аднак станоўчыя зрухі ў параўнанні з папярэднімі гадамі ёсць – зменшыўся падзеж маладняку, плюсуем па валавай вытворчасці малака, павялічыўся надой на карову, палепшылася якасць, больш стала цёлачнага пагалоўя. Добрыя вынікі паказвае створаная група ўзнаўлення, даюць эфект штотыднёвыя выязныя семінары з практычным прымяненнем на базе гаспадарак. Ёсць яшчэ праблемы, якія патрабуюць вырашэння, на гэта накіраваны намаганні кіраўніцтва раёна, спецыялістаў райсельгасхарча і гаспадарак.

“Не забывайце пра самае галоўнае, што заўсёды патрабуе ад усіх нас Прэзідэнт – павінна быць жорсткая дысцыпліна! Без гэтага немагчыма дабіцца ніякіх станоўчых рэзультатаў”, – падводзячы вынікі нарады, адзначыў В.М.Герасімаў.

Сістэмных праблем няма

На “прамую лінію” да старшыні Камітэта звярнулася 7 грамадзян. Пытанні, якія агучылі ўшачане, датычыліся аплаты працы, жылля, гандлёвага абслугоўвання, работы са зваротамі грамадзян і ў цэлым выканання заканадаўства. Агучаныя праблемы мелі як прыватны характар, так і грамадскі. Напрыклад, жыхары Малых Долец прасілі не зачыняць мясцовы магазін. Між тым, у вёсцы засталося каля двух дзясяткаў чалавек і больш мэтазгодна было б наладзіць тут работу аўтакрамы, зразумела, з нармальным асартыментам. Сітуацыя будзе дасканала вывучана і прынята рашэнне.

“Сістэмных праблем у раёне “прамая лінія” не паказала, усе звароты мелі жыццёвы характар. Па ўсіх пытаннях разам з райвыканкамам разбяромся, дапаможам людзям, дадзім адказы”, – пракаменціраваў Васіль Мікалаевіч.

Інвестыцыі прынясуць карысць

Як складваюцца справы на прадпрыемстве, як ва ўмовах санкцый наладжаны экспартныя рынкі – пра гэта і іншае ішла размова ў дрэваапрацоўчым цэху Ушацкага лясгаса. За 8 месяцаў цэх, работа якога арганізавана ў дзве змены, выпусціў амаль 8 тысяч кубоў піламатэрыялаў, 73 працэнты з іх – доля экспарту. У цэлым рэалізацыя піламатэрыялаў склала 127,6% да ўзроўню мінулага года. Асвоілі новыя рынкі збыту, у прыватнасці, Азербайджан. Інвесціруе лясгас у вытворчасць для пашырэння сваіх магчымасцей. Напрыклад, у дрэваапрацоўчым цэху з’явіўся дровакольны станок. З бярвення любой крывізны ў месяц вырабляецца ад 150 кубоў колатых дроў, асноўным іх спажыўцом з’яўляецца насельніцтва раёна. Зусім нядаўна быў запушчаны ў работу і новы ацыліндровачны станок, які дасць магчымасць развіваць і домабудаванне. Так, ужо рэалізавана дзве альтанкі на вядомую гандлёвую пляцоўку “Лясны домік”, яшчэ адна падрыхтавана да продажу. Якраз на момант візіту гасцей у цэху ішоў выраб зруба лазні. На чарзе заказы ад насельніцтва на яшчэ адну і нават жылы дом плошчай у 100 м.кв.

У магутную і сучасную вытворчасць пераўтвараецца філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Адбываецца гэта ў рамках ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект”, якая з’яўляецца паказчыкам развіцця беларускіх рэгіёнаў і знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта. А таму падчас паездак па краіне старшыня Камітэта дзяржкантролю не ўпускае магчымасць азнаёміцца з рэалізацыяй інвестпраектаў. Той, што ажыццяўляецца на Ушаччыне, можна назваць унікальным: на пальцах пералічыш прадпрыемствы, якія ў Беларусі займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка – курынай і свіной пратэінавай мукі, кармавога тлушчу, а пасля мадэрнізацыі і запуску аналагаў такой вытворчай пляцоўкі не будзе. Калі да мадэрнізацыі агульны аб’ём вытворчасці складаў больш за 4200 тон у год, то у перспектыве ён павялічыцца ў разы. Дабаўкі і камбікармы “Віцебскаграпрадукта” прызначаны выключна для ўласнага пагалоўя, а якасныя кармы адразу адчувальна адбіваюцца на прывагах. Заснавальнік “Славянскага Вялеса” Уладзімір Пятровіч Некрашэвіч дэталёва пазнаёміў з тэхналогіяй новай вытворчасці і ў цэлым з дзейнасцю аграхолдынга. Запусціць новую лінію вытворчасці мяркуюць у бліжэйшыя месяцы, засталіся некаторыя наладачныя работы і дакументальныя нюансы, звязаныя з пускам прыроднага газу.

Што дае рэалізацыя гэтага праекта? “Віцебскаграпрадукту” і ў цэлым холдынгу “Славянскі Вялес” – надзейнае звяно ў вялікім вытворчым ланцугу, а раёну – працоўныя месцы, дастойную заработную плату, папаўненне бюджэту, а ў жыхароў Старога Сяла з’явілася яшчэ і выдатная магчымасць падключыць прыродны газ.

* * *

Падчас візіту ў раён В.М.Герасімаў наведаў і мемарыяльны комплекс “Прарыў”, дзе разам са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці У.Гадзяцкім і старшынёй райвыканкама С.Садоўскім ушанаваў памяць загінуўшых у гады вайны і ўсклаў кветкі да Вечнага агню.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *