Между спортом и искусством

Мир увлечений

Рашучасць у рухах, мужнасць у рысах твару, мэтанакіраванасць у вачах… “Гэта больш за хобі, Іра. Гэта стыль жыцця”, – усміхаецца сямнаццацігадовы Алег Зайцаў, раскладаючы свае чарадзейскія прыстасаванні. Па чарзе на асфальце з’яўляюцца газа, запалкі, ланцугі з кнотамі на канцах (так званыя “нунчакі”), бутэлька з вадой. “Навошта вада?” – пытаюся я. Звыклым жэстам Алег аблівае галаву: “Каб не загарэцца”.
Гучыць рытмічная музыка – нязменны атрыбут вогненнага “монаспектакля”. Юнак жвава запальвае “нунчакі” і пачынаецца такое… Выдатна адпрацаваныя рухі нагадваюць рытуальны танец. Раз-пораз мы заплюшчваем вочы, бо Алег падкідвае падпаленыя ланцугі і ловіць іх на лёце голымі рукамі. Кожны такі трук пагражае яму апёкам – нягледзячы на доўгія трэніроўкі і грунтоўнае веданне справы. Маленькія агеньчыкі вымалёўваюць у змяркальным паветры мудрагелістыя фігуры – у каго на што хопіць фантазіі. Хтосьці нават убачыў зіхатлівыя “крылы” за спіной у Алега. Нарэшце шоу заканчваецца. Бурнымі апладысментамі.
Як выпускнік Глыбачанскай, сельскай школы прыйшоў да такога занятку?
– На сацыяльным сайце “Укантакце” я выпадкова знайшоў суполку, прысвечаную гэтай экзатычнай тэме. Там пазнаёміўся з “фаернунчакерам” з Украіны (дакладней Адэсы – прым. аўтара) Георгіем Курыленка. Спісаліся. Потым ён паказаў мне відэа са сваіх “fire shows” (англ. “вогненныя прадстаўленні”). Сказаць, што я быў уражаны, – гэта не сказаць нічога. Вырашыў падзяліцца знаходкай з бацькамі, якія зацікавіліся не менш за мяне. Шчыра кажучы, я адразу захапіўся ідэяй навучыцца “кіраваць агнём”. І пайшло-паехала… Першапачаткова інструкцыі і каштоўныя парады мне даваў Жора Курыленка – па інтэрнэце. Натуральна, першыя 8 месяцаў я трэніраваўся без агню, выпрацоўваў тэхніку. Потым, калі адчуў сябе дастаткова ўпэўненым, запаліў “нунчакі”, але тут жа зразумеў, што мне яшчэ працаваць і працаваць.
– Апячыся не баішся?
– Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. Былі і апёкі – як жа інакш. Напрыклад, выступаючы на выпускным вечары, я апаліў руку. Але траўмы – дробязь у параўнанні з тым, што адчуваеш падчас выступленняў. Гэта як наркотык – раз паспрабаваўшы, больш не можаш абысціся без…
– Гэтага спорту?.. Ці мастацтва?..
– Што б ні было – нічога больш захапляючага я не ведаю. У свой час упартыя заняткі з “нунчакамі” дапамаглі мне выйсці са стану сапраўднай дэпрэсіі. Але гэта – ужо зусім іншая гісторыя…
У гэтым годзе Алег паступае ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, на факультэт геадэзіі. Кідаць сваё хобі ён не збіраецца: насупраць, у планах юнака сабраць каманду аднадумцаў.
Для тых, хто хоча звязацца з Алегам, пакідаем адрас яго электроннай пошты: oleg.fire-zajtzev@yandex.ru
І.КАРЭЛІНА, інстытут журналістыкі БДУ.
АД РЭДАКЦЫІ: паважаныя чытачы, асабліва падлеткі, не спрабуйце паўтарыць апісаныя небяспечныя трукі, бо, каб атрымаць падобныя навыкі, неабходна вельмі многа трэніравацца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *