Водительский стаж Василия Шалака около 40 лет

Общество

Хоць і ведала час прыбыцця аўтобуса з Полацка, ды ўсё ж прыйшлося з чвэрць гадзіны патаптацца на ганку аўтастанцыі: з-за рамонту шашы маршрут праз Сарочына стаў непрадказальным – даводзіцца і на петлях аб’ездаў пакруціцца, і перад святлафорамі пастаяць. Зразумела, што ад шафёрскага майстэрства і пунктуальнасці ў дадзеным выпадку нічога не залежыць. “Калі раней мы радаваліся, атрымліваючы гэты рэйс, то цяпер ён перайшоў у разрад нежаданых. Але, канечне, для будучых выгод варта пацярпець”, – разважаў Васіль Леанідавіч Шалак, калі нарэшце высадзіў пасажыраў і мы ўладкаваліся для размовы ва ўтульным салоне яго невялікага МАЗа.

Абсалютнае ж лідарства ў шафёрскім рэйтынгу экстрым-маршрутаў трымае паездка на Лепель праз Вялікія Дольцы раніцай панядзелка – з ухабістымі адрэзкамі дарогі і пяцігадзінным прамежкам перад выездам назад. Гэты час, да слова, кожны бавіць па-свойму: герой артыкула, напрыклад, у мінулы раз падкруціў гайкі на сядзеннях, тое-сёе падрамантаваў у салоне. А вось рэйс на Матырына перамясціўся ў рэйтынг прэстыжных – ніхто не супраць пракаціцца па новенькім асфальце. Ну а В.Шалак – тым больш: гэта ж малая радзіма. На палях мясцовага калгаса ў пачатку 80-х атрымаў практыку ваджэння грузавіка. Шафёрскага майстэрства дадала армейская служба, падчас якой калясіў на УАЗе па Маскве. Потым некалькі год вазіў кіраўнікоў ільнозавода, а ў 2005-м уладкаваўся ў АТП №6 і зараз мае ўжо каля 40 гадоў вадзіцельскага стажу.

Работа на грамадскім транспарце спецыфічная. Не ўсім даспадобы раннія пад’ёмы і дні, “распаласаваныя” рэйсамі. У чацвер, напрыклад, змена В.Шалака пачалася а пятай гадзіне, дома ж меркаваў быць толькі пад 10 вечара, калі завершыць апошні полацкі маршрут. Але больш засмучае зношанасць аўтобусаў: за апошнюю пяцігодку ў распараджэнне нашага ўчастка не паступіла ніводнай новай адзінкі. МАЗ Васіля Леанідавіча хоць і быў перададзены ўшачанам тры гады таму, але перад гэтым у наваполацкім парку на ім ужо паспела папрацаваць 8 чалавек. “Зараз паеду ў майстэрню – ззаду нешта пастуквае, трэба высветліць прычыну ды і памыць аўтобус перад новым рэйсам: сёння вунь якая слота”, – агучвае бліжэйшыя планы вадзіцель.

Вядома ж, усе стараюцца прадухіліць экстрэмальныя сітуацыі ў дарозе. Праўда, звязаны яны бываюць не толькі з тэхнікай і надвор’ем, а і з паводзінамі пасажыраў. Чаго толькі не пабачыў Васіль за гэты час: і цэлыя застоллі на “галёрцы” спрабавалі арганізаваць, і закурыць, і песню зацягнуць. Было і такое, што ў час паездкі ў дзяўчыны пачаўся моцны прыступ хваробы – давялося па тэлефоне на платформу высадкі дапамогу выклікаць. А ў дзень нашай размовы адзін мужчына вырашыў схітрыць: узяў у касе білет да Бельчыцы, а ехаць збіраўся далей – планы парушыла пільнасць вадзіцеля. Ёсць, канечне, і пасажыры, якіх В.Шалак прыгадвае з цеплынёй. Так, на плінскім рэйсе часта ездзіць пажылая жанчына, былая настаўніца – дык яна штораз яблычкам ці іншым гасцінцам пачастуе, а на выхадзе абавязкова “Ні гвазда, ні жэзла” пажадае.

Удзячныя словы герой аповеду выказаў і ў адрас сваіх былых і цяперашніх калег. Прыгадаў, як у першыя месяцы работы дапамагалі парадамі Генадзь Журко і Уладзімір Чульба, а таксама Аляксандр Волах, у кабіне з якім ён ездзіў стажорам. “А вось бачыце, аўтобус з Жар прыйшоў? На гэтым маршруце сёння Васіль Пятроўскі, ён ужо на заслужаным адпачынку, але з кадрамі зараз так складана, што кіраўніцтва філіяла яго папрасіла хоць на кароткі час на работу выйсці – і ён згадзіўся, водпускі хлопцам даў. А ўвогуле ў нас увесь калектыў вельмі добры, згуртаваны”, – адзначае наш суразмоўца. І сапраўды, нам заўсёды праблематычна вылучыць у гэтай арганізацыі кандыдатуру для артыкула з нагоды чарговага прафесійнага свята: не таму, канечне, што няма дастойных, проста героямі нашых публікацый ужо станавіліся літаральна ўсе вадзіцелі, дыспетчары і механікі ўчастка. А гэта, згадзіцеся, красамоўны факт!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *