16 ноября — Международный день отказа от курения

Общество

Курыць нельга кінуць

“Кінуць курыць лёгка, я сто разоў гэта рабіў!” – вядомы жарт, аўтарства якога прыпісваюць Марку Твэну, чуў, напэўна, кожны. Але тым, хто сапраўды вырашыў развітацца з нікацінавай залежнасцю, часта не да жартаў. Па статыстыцы, кожны курэц у Беларусі спрабаваў пазбавіцца ад шкоднай звычкі ў сярэднім тройчы. Адной сілы волі бывае недастаткова – што можа дапамагчы ў такім разе, расказвае ўрач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ Паліна Генадзьеўна ПУГАЧ:

– На старце адмовы ад курэння можна паспрабаваць выклікаць непрыемныя адчуванні. Не “забівайце” сябе, выкурыўшы пачак за гадзіну – дастаткова крыху перавысіць базавую дозу нікаціну (+1 цыгарэта ўжо спрацуе). Зрабіце працэс курэння нязручным: не насіце з сабой тытунёвыя вырабы, запалкі і запальніцы, набывайце толькі па адным пачаку, старайцеся выкурваць толькі палову цыгарэты ці адну трэць, зменшыце глыбіню зацяжкі. Не курыце “за кампанію” ці ад няма чаго рабіць. Калі рука пацягнулася да цыгарэты, устрымайцеся хаця б на 5 хвілін. Адзначайце колькасць выкураных вырабаў, паступова скарачайце яе на 1. Пасля куплі кожнага пачаку запісвайце, колькі ён каштаваў – у канцы тыдня падлічыце агульную суму, падумайце, што маглі б набыць за гэтыя грошы.

За месяц да адмовы ад цыгарэт пачніце прымаць комплекс вітамінаў і мінералаў, каб падтрымаць арганізм і пазбегнуць “сіндрому адмены” – пагаршэння стану. Карысна будзе паглядзець відэаролікі пра шкоду нікаціну, пачытаць адмысловую літаратуру. Былыя курцы вылучаюць наступныя выданні: “Лёгкі спосаб кінуць курыць” Алена Карра, “Карпарацыя “Кідайце курыць” Стывена Кінга, “Кідайце курыць прама зараз! Без рызыкі набраць лішнюю вагу” Пола МакКенна. Паспрабуйце тэхнікі расслаблення, медытацыі.

Цяга да цыгарэт – гэта энергія. Яе можна перанакіраваць на штосьці больш карыснае: не саромейцеся бегаць, спяваць, можна напісаць пост у сацсетцы. А яшчэ ёсць дадаткі (напрыклад, Kwit, QuitNow!, Smoke Free), якія фіксуюць працягласць адмовы, інфармуюць аб паляпшэнні работы арганізма.

Набудзьце ў аптэцы нікацінавыя заменнікі: жуйкі, таблеткі, пластыры, спрэі. Яны аблегчаць сімптомы “сіндрому адмены”, дапамогуць хутчэй адмовіцца ад тытунёвых вырабаў. Але ж папярэдне рэкамендуецца пракансультавацца са спецыялістам, каб правільна разлічыць працягласць і дазіроўку прэпаратаў з улікам стажу курэння і агульнага стану здароўя. Пры цяжкай нікацінавай залежнасці могуць прызначацца прэпараты з групы антыдэпрэсантаў. Выкарыстоўваць у якасці заменніка электронныя цыгарэты, вейпы нельга: яны не менш шкодныя за цыгарэты, а звычка курыць застаецца.

  • Не змаглі кінуць курыць з першага разу – рабіце новыя спробы.
  • Калі ж самастойна не атрымліваецца, звярніцеся да псіхіятра-нарколага Ушацкай ЦРБ (тэлефон 5-03-94) ці ў Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі (8-0212-61-45-76).
  • Урачэбная дапамога павышае верагоднасць поспеху на 80 працэнтаў.

Цыгарэта давядзе да бяды!

На мінулым тыдні ў Талачынскім раёне на пажары загінуў мужчына, а ў Стаўбцоўскім абарвалася жыццё адразу траіх. Па статыстыцы, больш 60-70% загінуўшых у падобных сітуацыях беларусаў становяцца ахвярамі агню з-за непатушанай цыгарэты.

Каб прыцягнуць увагу да праблемы, у лістападзе ў рэспубліцы праходзіць акцыя МНС “Не прапальвай сваё жыццё!” Памятайце, што ў час курэння любы неасцярожны рух, непатушаная запалка, часцінка тытуню могуць выклікаць узгаранне. Калі акурак трапіць на матрац, ён можа тлець да чатырох гадзін, а чалавек загінуць не ад агню, а ад атручвання прадуктамі гарэння. Яшчэ хутчэй распачнецца пажар, калі непатушаную цыгарэту вы кінеце ў сметніцу з паперамі ці непадалёк ад сена, саломы.

Гэтыя і іншыя ісціны аб асцярожным абыходжанні з агнём пры курэнні нагадваюць жыхарам раёна выратавальнікі падчас прафілактычных мерапрыемстваў – на прадпрыемствах, у гандлёвых кропках, навучальных установах Ушаччыны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *