Корреспондент «Патрыёта» побывала в Ушачской котельной. Делимся впечатлениями

Общество

На вуліцы – мінус 4,3. Падача вады на горад – 63, абратка – 49 градусаў, тэмпература ў катле – 830… “А ў кожнай кватэры – не ніжэй 18” – апошняя інфармацыя з’яўляецца ўпэўненасцю вопытных аператараў Дзмітрыя Шляхтунова і Мікалая Кулака (на здымку). Самі жывуць у шматпавярхоўках і ведаюць, што ніхто з ушачан не замярзае. А ўсе першыя лічбы бачны на разумным дысплеі, як і схема, вузлы ацяпляльнай сістэмы, кожная працуючая адзінка. Гэта сэрца цэнтральнай кацельні, ці дакладней мозг, які сочыць за работай кожнага органа паасобку, плюсуе энергію, апавяшчае пра збой у сістэме мільгаючай чырвонай лямпачкай. Націснуўшы пару “кнопак”, аператар убачыць, дзе менавіта няспраўнасць, і прыме адпаведныя рашэнні.

“Наша задача, каб якраз і не было работы, каб усё ішло спакойна, – гаспадары гіганцкай “парной” упарта не жадаюць расказваць пра пазаштатныя сітуацыі. – Самае небяспечнае – калі прападае электраэнергія. Транспарцёры, помпы – літаральна ўсё працуе ад электрычнасці. Здараецца такое вельмі рэдка, аднак бывае. Калі падобная сітуацыя ці нешта іншае вельмі сур’ёзнае – паведамляем начальніку кацельні, каб прымалася аператыўнае рашэнне. Але ў асноўным ухіляем самастойна – да справы падключаюцца слесары, якія, як і мы, дзяжураць днём і ноччу”, – расказвае Дзмітрый Анатольевіч.

Але нават калі трывожная лямпачка не падае сігналу, да дысплею аператары падыходзяць вельмі часта. “Так, тэмпература на паўградуса перавышае норму”, – тлумачыць Мікалай Валер’евіч і падымаецца па лесвіцы да фотадатчыка, каб апусціць рычаг: “Зменшыў гарэнне з максімальнага да сярэдняга ўзроўню. Усяго іх тры. Але хутка на заходзе сонца тэмпература апусціцца і зноў давядзецца падымаць на максімум”.

Хоць у абодвух вялікі стаж работы, у Д.Шляхтунова, напрыклад, больш трыццаці гадоў, на вока “печы” яны не разаграваюць. Побач з дысплеем вісіць графік: насупраць тэмпературы паветра пазначана, якой яна павінна быць на выхадзе. Зараз на горад хапае трох мегават у гадзіну, калі мароз памацнее, да работы далучацца адзін або два новыя катлы на шчапе. Так жа паступаюць, калі здараецца якая-небудзь няспраўнасць. Печы гомельскай вытворчасці, якія зараз і ўключаны, служаць ужо дзесяць гадоў, а гэта тэрмін лічы што поўнай амартызацыі. Ламаюцца каласнікі, рвуцца ланцугі транспарцёраў, заглушкі. Механізмаў і абсталявання на цэнтральнай кацельні зашмат, даводзіцца і ўнутр яшчэ не зусім астылага агрэгата залазіць. Нядаўна ні адзін дзень слесары рамантавалі вадзяны фільтр – трубы падачы таксама састарэлі, звараныя ў адным месцы, яны “разыходзіліся” ў іншым. Пазменна паміж Мікалаем Іванавічам Александровічам і Дзмітрыем Мікалаевічам Сазонавым падзелены начныя дзяжурствы. Хоць і знаходзяцца ў такі час дома, прыязджаюць па першым выкліку.

– А вось абсталяванне на газе не падключалі ўжо тры гады. Пасля рэканструкцыі кацельні, замены цепласетак па горадзе, якая зменшыла страты і поўнасцю ліквідавала парывы, магутнасці чатырох катлоў хапае нават у максімальны мароз, – працягвае экскурсію начальнік кацельні А.В.Апёнак, паказваючы апаратную падачы шчапы. – Іх дзве – да новых і старых катлоў. З вуліцы Амкадорам падвозіцца паліва, якое часткова вырабляецца шчападрабілкай лясгаса непасрэдна на тэрыторыі кацельні. Калі горы ўтварыліся вялікія, запас шчапы робіцца ля нашага сховішча ў Кублішчыне. А яшчэ партыі драбнейшай фракцыі паступаюць з дрэваапрацоўчага цэха лясгаса, дзе наладжана безадходная вытворчасць і ўсе абрэзкі таксама ператвараюцца ў шчапу. Ёсць сухая і свежая, таму бяром з розных партый для лепшай цеплааддачы. За суткі зараз разыходзіцца каля 70 кубаметраў.

Менавіта Аляксандр Васільевіч разбіраецца і ў скаргах людзей з-за неадпаведнасці тэмпературы ў кватэрах ці гарачай вады. Сёлета іх не было наогул, адзінкавыя і ў мінулым годзе, хаця раней, з уводам новых дамоў, праблемы сапраўды паўставалі. Наогул рэканструкцыя камунгасам у апошні час праведзена вялікая, ва ўсім жылым фондзе ўстаноўлены таксама помпы, што ліквідавала пытанні з падагрэвам вады. Усё гэта абсталяванне ў падпарадкаванні начальніка кацельні. Зразумела, што на яе тэрыторыі, маючы такую гаспадарку, А.Апёнак бывае не пастаянна, але да дробязяў ведае, калі і што адбывалася. Звонку і ўнутры вядзецца відэаназіранне, таму ці ў рэальным часе, ці ў перамотцы можна ўсё паглядзець.

А аператары між тым расказваюць пра свае абавязкі ў летні час. З цэнтральнай кацельні на рамонтныя ці іншыя работы іх не прыцягваюць. Па-першае, усё роўна падаецца гарачая вада, па-другое, па чарзе пераглядаюцца і рамантуюцца катлы. Зусім невыпадкова аказаўся тут і кёрхер. Пад вялім напорам вады ачышчаецца воданагравальнікі, папярэдне замочаныя ў кіслаце. Уручную дабрацца да тысяч дробных металічных лустачак проста немагчыма. Ад нагару ачышчаюцца топкі, заглушкі, дымасосы…

Прыпыніўшы расказ, Дзмітрый Анатольевіч ідзе праверыць падачу шчапы: яна аўтаматычная, аднак перыядычна трэба ўбіраць прасыпаныя рэшткі. Мікалай Валер’евіч тым часам спыніў выгрузку вуголля і накіраваўся да запоўненай цялежкі. Адначасова праверыў і градус у топцы: 830 пры максімальнай тысячы. Па такім абкатаным маршруце і рухаюцца ўсю змену. З падключэннем дадатковых катлоў радыус павялічваецца ўдвая.

Каб стаць аператарам кацельні, спецыяльная тэхнічная адукацыя непатрэбна. Дастаткова прайсці спецыяльныя курсы і штогод пацвярджаць веды. Падключэнне ж новых машын складанасцяў у мужчын не выклікала – яны падобныя. Маюць і асобныя “корачкі” на права кіравання газавым абсталяваннем. Ды спадзяюцца, што яны больш не спатрэбяцца – валютнае паліва даражэй для кацельні і, адпаведна, спажыўцоў.

Вось і 20 гадзін – перазменка. Дзмітрый і Мікалай расказваюць калегам пра паводзіны абсталявання за змену, робяць запісы ў журнале. Катлы пры гэтым ні на хвіліну не спыняюцца. Мы не ведаем кухні гэтай гіганцкай парной. І не павінны ведаць.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *