Накануне профессионального праздника пообщались председателем суда Ушачского района. Делимся подробностями

Общество

Кожнае судовае рашэнне А.М.Мішута параўноўвае з нараджэннем дзіцяці – яго гэтак жа трэба вынасіць, дасканала вывучыўшы абставіны справы, погляды бакоў. Каб сумленне было чыстым, а душу грэла разуменне таго, што некаму ўдалося дапамагчы, у сваёй рабоце Аксана Мікалаеўна выкладваецца максімальна. Суддзя, упэўнена яна, – гэта не столькі прафесія, колькі лад жыцця.

Да цяперашняй пасады – старшыні суда Ушацкага раёна, якую займае тры гады, ураджэнка Полацка прайшла доўгі шлях. “Напэўна, вам гэта падасца дзіўным, але пачынала я сваю кар’еру выхавацелем у дзіцячым садку. Па дарозе на работу з захапленнем назірала за ўзвядзеннем новага будынка полацкага суда – гэта падалося мне нейкім знакам лёсу, і калі туды пачаўся набор штату, паспяшалася на сустрэчу з кіраўніцтвам, – прыгадвае А.М.Мішута. – Спраўлялася з канцылярскімі справамі, але асабліва падабаўся ўдзел у судовых пасяджэннях: літаральна гарэлі вочы, калі бачыла работу вопытнага суддзі. А аднойчы ён у мяне запытаў, маўляў, колькі буду ў сакратарах хадзіць. Зразумела: трэба рухацца наперад – так, паступіла на юрфак ПДУ і стала кансультантам суда, а пазней судовым выканаўцам, у тым ліку старшым”.

Каб зразумець, наколькі моцна палюбіла Аксана Мікалаеўна сваю другую прафесію, дастаткова прыгадаць факт, што ў дэкрэтным адпачынку яна адбыла ўсяго 9 месяцаў. Заручыўшыся падтрымкай бацькоў, якія на дзень заставаліся з яе маленькім сынам, бегла па справах судовага выканаўцы, “вяла” абавязаных асоб, спаганяла з іх сродкі на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей.

“Добра памятаю дзень свайго назначэння на пасаду суддзі, хоць і было гэта 14 гадоў таму, – расказвае А.М.Мішута. – У сына навагодні ранішнік у садку, а мне трэба ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь ехаць на экзамен. Нават не ведаю, з-за чаго перажывала больш: як прайсці іспыт ці як аднясецца да маёй адсутнасці малыш. Увогуле ахвяраваць асабістым за гэты час даводзілася нярэдка”.

Хаця лішніх эмоцый пры разглядзе спраў Аксана Мікалаеўна сабе не дазваляе, кожную прапускае праз сябе, робіць усё, каб дапамагчы людзям. Быў у яе практыцы выпадак, калі пажылая палачанка, якая дрэнна бачыла, у завею трапіла ў адкрыты каналізацыйны люк, атрымаўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах арганізацыі, спецыялісты якой вялі там оптавалакно, было адмоўлена – ад пакрыцця маральнага, матэрыяльнага ўрону пацярпелай электрасувязісты адмахваліся. Змірыцца з такім А.М.Мішута не магла – праштудзіравала дзясяткі законаў, інструкцый, тэхнічных кодэксаў і ўсё ж знайшла патрэбную зачэпку. Як высветлілася, на момант правядзення работ ля кожнага адчыненага люка павінен стаяць кантралюючы спецыяліст. Такога ў прыгаданым выпадку не было, таму пасля настойлівага папярэджання суддзі пра магчымую пераправерку абставін здарэння кіраўніцтва арганізацыі ўсё ж пайшло на вырашэнне канфлікту ў добраахвотным парадку.

Калі нехта гэтак жа марыць паспрабаваць сябе ў такой справе, прыходзьце ў суд – для пастаноўкі ў кадравы рэзерв патрэбны вышэйшая юрыдычная адукацыя, стаж работы ў галіне і ўзрост ад 25 гадоў. Каб канчаткова вызначыцца, можна пачаць з пасады сакратара. Хто ведае – магчыма, менавіта ў судзе (не абавязкова Ушацкага раёна) знойдзеце сябе.

Што ў прафесійных буднях самае складанае? Зусім не правакацыйныя выхадкі прысутных у зале, якія сваімі паводзінамі спрабуюць вывесці служыцеля закона з сябе, тайком запісваючы ўсё на камеру, дыктафон (такое, па словах Аксаны Мікалаеўны, наадварот, дапамагае сканцэнтравацца, зрабіць усё максімальна правільна). Не зносіны з выпівохамі ці агрэсарамі, якія часта трапляюць на лаву падсудных (для нашай гераіні не важна, хто перад ёй, галоўнае – працэс, у які з галавой пагружаецца). Бяруць за жывое выпадкі, калі для вызначэння памеру маральнага ўрону даводзіцца ўнікаць у самае балючае для істцоў. Так, пасля страшнай аварыі на адной з рэспубліканскіх трас (тады ў матацыкл, на якім ехала маладая пара, урэзалася легкавушка) на пасяджэнне суда прыйшлі маці, бабуля з дзядулем і дзядзька загінуўшай 17-гадовай дзяўчыны – кожны з болем расказваў пра сваю разумную, прыгожую, таленавітую любіміцу, адзінае дзіця ў сям’і. Не сарвацца было вельмі няпроста.

Многія памылкова лічаць, што ўсе судовыя справы вырашаюцца ў кабінетах, залах для пасяджэнняў. Насамрэч і суддзі, і іншым работнікам нярэдка даводзіцца выязджаць на раён. Скажам, не могуць блізкія ці суседзі вызначыць межы сваіх участкаў, указваюць на парушэнні з боку адзін аднаго – прымаецца рашэнне разабрацца ва ўсім на месцы. А там, зазначае А.М.Мішута, часта сказанае з практыкай не супадае.

Цяжкіх і заблытаных спраў (а яны для нашай гераіні самыя цікавыя!) на Ушаччыне няшмат. Тым не менш, ёсць моманты, на якіх хацелася б засяродзіць увагу. Хвалюе старшыню суда, што многія абыяк ставяцца да выхавання сваіх дзяцей: замест сумеснага баўлення часу дазваляюць нашчадкам суткамі “прападаць” у тэлефоне, а іх адсутнасць дома ноччу (у 12-13 гадоў!) чамусьці не выклікае занепакоенасці. І яшчэ: ніякая прапаганда здаровага ладу жыцця не будзе мець поспеху, калі дома – на вачах малога – пастаянныя п’янкі. Ёсць праблемы і з доглядам за дамашнімі гадаванцамі – каб потым не пакрываць некаму ад дзеянняў чатырохлапага маральны, маёмасны ўрон, перш чым яго завесці, А.М.Мішута раіць азнаёміцца з правіламі ўтрымання. Варта больш уважліва адносіцца і да захаванасці сваёй маёмасці: крадзяжы з дачных дамоў застаюцца вельмі актуальнымі ў нашым раёне.

Сапраўдны гонар жанчыны – яе сын, які ў школьныя гады сур’ёзна займаўся спортам, а зараз вучыцца ў Разанскім ваенным вучылішчы, атрымлівае спецыяльнасць “ваенная разведка, спецназ”. Пасля сур’ёзнай траўмы нагі знаёмыя раілі хлопцу “знізіць планку”, аднак ён здолеў трапіць у пяцёрку залічаных у той год беларусаў, прычым, адзіны – не з ліку сувораўцаў, кадэтаў. А ўсё дзякуючы мэтанакіраванасці, непахіснасці ў прыняцці рашэнняў – гэтыя якасці, па ўсім відаць, малады чалавек пераняў ад маці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *