В Ушачах у братской могилы по улице Октябрьской состоялся траурный митинг

Общество

Ля брацкай магілы па вуліцы Кастрычніцкай адбыўся жалобны мітынг. Тут расстраляна 992 ушачаніны яўрэйскай нацыянальнасці. Самаму старэйшаму было 74 гады. Малодшаму – паўгадзіны, ён нарадзіўся ў гета і нават не атрымаў імя. Гэтыя і многія іншыя факты аб зверствах фашыстаў прыгадалі падчас сваіх выступленняў старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі і іншыя ўдзельнікі мітынгу. На вялікі жаль, гэта не адзінае месца пахавання ахвяр генацыду на Ушаччыне. Іх сотні па ўсім раёне. Мы павінны памятаць пра гэта і не даць перапісаць гісторыю.

13 мая 1943 года. 35 жыхароў Мурагоў хаваліся ў загадзя выкапанай зямлянцы. Калі вёску акружылі, адшукалі і сховішча. Людзей сагналі на поле, заставілі выкапаць яму, распрануцца дагала. Каго расстралялі, каго закалолі штыкамі, каму перарэзалі нажамі горла. Толькі двум з іх было за семдзясят, астатнія – у самым росквіце сіл, 30-40 гадоў, а 21 – падлеткі і дзеці. Марыйка Савульская не пражыла і пяці месяцаў – год нараджэння і смерці ў дзяўчынкі супадаюць. Сваё зверства карнікі схавалі, пасеяўшы на брацкай магіле авёс.

З Мурагоў уцалела толькі два чалавекі – Марыя Аляксееўна Сыч і дзяўчынка, якая гасціла ў Садках у бабулі. Так значыцца ў дакументах аб злачынствах фашыстаў, а працэсы распачаліся адразу ў пераможным 1945-м, фіксаваліся яны і падчас акупацыі. Падобны шчаслівы выпадак захаваў жыццё Александрыне і Васіліне Дрозд (Азевіч) – адзіным з васьмі дзяцей і наогул сярод жыхароў Тухаціна, што было спалена праз год – 12 мая 1944-га.

У музеі народнай сталы імя У.Е.Лабанка створана экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народу на тэрыторыі Ушацкага раёна. Хутка яна папоўніцца рэчамі, адшуканымі падчас раскопак у вёсцы Забораўна.

Крывавым аперацыям, якія не пасуюцца ні з адным воінскім статутам, фашысты прыдумвалі лірычныя назвы “Моросящий дождь”, “Весенний праздник”, “Зимнее волшебство”.

З данясенняў камісара партызанскай брыгады імя Кароткіна А.Эрдмана 17 жніўня 1943 года: “Карнікі ўварваліся ў пасёлак імя Сталіна Ушацкага раёна. Спалілі 6 з 12 дамоў, закатавалі траіх чалавек: старую жанчыну Аўліх Еўдакію, яе дачку Зосю, якой прабілі і адсеклі галаву. Прычым закапаны былі толькі ногі. Яе пяцігадовы сын Міша быў увесь сколаты нажамі, разрэзаны рот, распораты жывот, адсечана частка галавы. (Ад рэдакцыі: верагодна, малога катавалі першым на вачах у матулі, каб яна расказала аб месцы знаходжання партызан, як было ва ўсіх іншых вёсках, якія каты падазравалі ў сувязі з “бандытамі”). Знойдзены акоп шырынёй 15 метраў, дзе закапана 60 мірных жыхароў. Спалены вёскі Лясіны, Шніткаўшчына, Зарубаўшчына, Весніцк, Касары, Ульянаўка, Капцы, Рагозіна”.

З прызнанняў ваеннаслужачага галоўнай палявой камендатуры №392 Мінска Шульце: “Спалілі вёскі Кублічы, Юзафатава, Острава, Стайкі, Ідута, Судзілавічы, Гушчынская Слабодка, Лажаншчына. У Кублічах з 300 дамоў засталося толькі 100 за тое, што забілі 2 паліцэйскіх, прычым 40 чалавек расстралялі на іх магілах”.

Сакавік 1943 года. У вёсцы Усвіца-1 немцы гвалтавалі жанчын у прысутнасці дзяцей. Жыхарам вёскі Сапегі, можна лічыць, “пашчасціла”. Іх карнікі сагналі на могілкі, дзе кожны сам сабе і выкапаў магілу. Хаця такіх “гуманных” пахаванняў было вельмі мала. У Турасполлі вяскоўцаў жывымі кідалі ў калодзежы ці ў лункі на мясцовым возеры. Матуль з немаўляці, падлеткаў. У Жарах пасля катавання палкамі, плецямі 10 кастрычніка 1942 расстралялі 76 чалавек. І няма ніводнага сельсавета, у якім бы не аказалася дзясятку сясцёр Мурагоў.

Ва Ушацкім раёне спалена 194 вёскі. Раней у спісах значылася толькі 94. Удалося аднавіць таксама імёны 54 партызанаў, 169 яўрэяў, расстраляных у студзені 1942 года.

За паўтара года работы са шматлікімі дакументамі, у тым ліку прадстаўленымі Полацкім занальным архівам па запыце пракурора Ушацкага раёна Максіма Падворнага, супрацоўнік музея Святлана Турло падрыхтавала таксама зборнік “Спаленыя вёскі Ушацкага раёна 1942-1944”, экзэмпляр якога знаходзіцца ў раённай бібліятэцы.

З паказанняў ваеннаслужачага 95-й пяхотнай дывізіі Фендляра: “22 красавіка 1944 года 280 пяхотны полк ішоў у наступленне на Ушачы. 30 кіламетраў – 8 дзён. Супраціўленне тады сустракалі нячаста. Як ветэрынар палка, я знаходзіўся ў канцы абозу і па шляху бачыў у агні чатыры вёскі, целы абгарэлых мірных жыхароў, а калі спыняліся ў цэлай вёсцы – жыхароў у ёй не было, калі толькі адзінкавыя старыкі. Гэта была барацьба не толькі супраць партызан, але і мірных жыхароў”.

“Нам не нужны свидетели крови”, – вучыў служачых трэцяй карнай роты Калькоўскі і паказваў, як трэба расстрэльваць. А каб скрыць сляды, дамы падпальваліся. Вёскі бралі ў кола. Калі каму ўдавалася вырвацца з падпаленых дамоў – расстрэльвалі, паралельна забіралі скаціну. Па ходзе руху да наступнай вёскі ўперад – на размініраванне дарогі – пускалі мірных жыхароў.

Спісы ахвяр генацыду і загінуўшых змагароў можна адшукаць на сайтах “Кніга памяці Рэспублікі Беларусь”, “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай войны”, “Партызаны Беларусі”, “Яд Вашем”.

Падчас 36-дзённай карнай аперацыі ў маі-чэрвені 1944 года і папярэдніх у Германію забралі 2222 чалавекі, загінуў, прапаў без вестак кожны другі ўшачанін. Да гэтага часу не ўдалося назваць імёны ўсіх ахвяр вайны, адрозніваюцца і лічбы ў архіўных дакументах, на абелісках і брацкіх магілах. Работа па пошуку, а таксама ўдакладненні працягваецца. Забытыя імёны вяртаюцца ў электронныя архівы і на помнікі ў тым ліку пасля зваротаў блізкіх. Цікаўцеся абнародаванымі данымі, звярайце іх, дапамагайце навуковым супрацоўнікам адшукаць усіх ахвяр генацыду беларускага народа.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *