«С подопечными важно быть на одной волне, жить их заботами». Инна Клачок о профессии социального работника

Общество

Калі 6,5 года таму Іна Мікалаеўна Клачок стала сацыяльным работнікам, не раз задумвалася да псіхолага пахадзіць – навучыцца абстрагавацца ад чужых праблем, чужога болю. Але хутка зразумела, што не патрэбна ёй гэта: з падапечнымі важна быць на адной хвалі, жыць іх клопатамі. Ды і пажылых землякоў, нават калі лёс іх звёў толькі нядаўна, ураджэнка Старынкі ўжо чужымі не лічыць. Як і яны яе – толькі зрэдку называюць Мікалаеўнай, звычайна ж звяртаюцца цёпла “Маё сонейка”, “Золатка”.

На абслугоўванні І.М.Клачок зараз дзевяць жыхарак райцэнтра ва ўзросце ад 72 да 90 гадоў. Вызначаны графік наведванняў кожнай – звычайна два ці тры разы на тыдзень – Іна Мікалаеўна перавыконвае звычайна ўдвая, калі не больш. Ідучы паблізу дома адной, проста не можа не зазірнуць у госці – магчыма, нейкая дапамога спатрэбілася, а прыкмеціўшы ў магазіне штосьці неабходнае другой, абавязкова паспяшаецца да яе з пакупкай.

– Такая работа многаму мяне навучыла, – прызнаецца ўшачанка. – Сталыя людзі – вельмі патрабавальныя, трэба ўмець заваяваць іх давер. Калі толькі пачынала работу ў ТЦСАН, выпрацавала цэлую методыку дзеянняў. Каб не напужаць у першыя дні пасля знаёмства бабуль, дзядуляў (тады абслугоўвала жыхароў Крыскавіч, Лутава, іншых вёсак), не дазваляла сабе штосьці разглядаць у іх доме – нават з прафесійнай мэтай. Быў на абслугоўванні мужчына з дрэнным слыхам – дык выпрацавала гучны голас, навучылася выказвацца коратка і зразумела. Нечакана для самой сябе пасябравала з медыцынай – тэхніку аказання першай дапамогі авалодала на спецыяльных занятках для сацработнікаў, вывучыла ўсе “балячкі” падапечных, пералік неабходных ім лекаў. Дарэчы, стала катэгарычнай: калі бачу, што нехта пры сур’ёзным пагаршэнні здароўя геройствуе, угаворваю выклікаць “хуткую” ці раблю гэта сама.

Да ўсіх сваіх цяперашніх бабуль у Іны Мікалаеўны асабліва цёплыя адносіны. Ад нястомнай працаўніцы Людмілы Андрэеўны Атрашкевіч, напрыклад, сацработнік вучыцца стараннасці: калі садзіць градку – дык як пад лінейку, праполваць – да ніводнай травінкі. Ведае толк у якасці харчовых прадуктаў Марыя Леанідаўна Собаль, адказную ж місію па іх набыцці жанчына давярае толькі І.М.Клачок, гэтак жа добрай гаспадыні. З дзяцінства не мае адной рукі, аднак застаецца самастойнай у дзеяннях Ніна Паўлаўна Лелі – з цікавай, адукаванай жанчынай сацработнік вельмі любіць пагутарыць пра жыццё-быццё. Не прывыкла скардзіцца на праблемы і самая ўзроставая з падапечных Іны Мікалаеўны Зінаіда Іванаўна Лапіцкая: у свой без малога 91 год застаецца бадзёрай, даволі актыўнай.

– Хаця ў І.М.Клачок максімальная загружанасць, са сваімі прафесійнымі абавязкамі яна спраўляецца на выдатна! – кажа загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН Ушацкага раёна Маргарыта Анатольеўна Майсеенка. – Чуем толькі станоўчыя водгукі ў яе адрас. Чалавек адназначна на сваім месцы!

Дарэчы, па адукацыі яна швачка, доўгі час была закройшчыцай у КБА – прыгожымі ўборамі радавала зямлячак, абшывала сваю сям’ю. Калі камбінат разваліўся, пайшла ў качагары – узімку працеплівала памяшканне райнасенінспекцыі, ну а летам займалася агародам. Вядома, разлічваць на фінансавую стабільнасць пры такой занятасці было немагчыма, таму паралельна шукала “ўсесезоннае” месца. І такое знайшлося ў ТЦСАН, чаму наша гераіня вельмі рада. Новых умоў работы яна не баялася – купіла веласіпед, каб дабірацца па давераных ёй адрасах, наладжвала кантакты з насельніцтвам. Прымерыла на сябе і ролю псіхолага.

– Адна з маіх бабуль нядаўна пахавала дваіх сыноў, засталася зусім адна, усе вочы выплакала, – расказвае сацработнік. – Безумоўна, цяжка бачыць яе слёзы – але ж каму як не мне зараз аказаць ёй маральную падтрымку?! І пры сустрэчы, і па тэлефоне стараюся падбіраць правільныя словы, адцягваць увагу на штосьці іншае.

Нягледзячы на такую часта неаптымістычную спецыфіку, сваю работу І.М.Клачок любіць. У вольны ж час нярэдка бярэцца за швейную машынку – рамантуе адзенне сабе і падапечным. У ліку заняткаў па душы таксама – кулінарыя: смак яе выпечкі (дарэчы, карыснай: на расоле ці манцы) ды кароннай стравы – запечанай курыцы з рысам – ведаюць не толькі родныя, але і сябры. Практыкуе лячэнне травамі, многія – чабрэц, мяту – вырошчвае на сваім участку.

Нямала цяжкасцяў было ў жыцці самой Іны Мікалаеўны – але яна здолела захаваць у душы асаблівую дабрыню, веру ў шчырасць чалавечых адносін. Усім гэтым, дарэчы, зараз шчодра дзеліцца са сваімі пажылымі землякамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *