Калядная нядзеля: у розных кутках Ушаччыны прайшлі святочныя мерапрыемствы

Калейдоскоп

Ішла Каляда, калядуючы!

Хто не чуў урыўка з гэтага святочнага песнапення. Многія нават сёлета пад вокнамі сваіх дамоў, паколькі работнікі літаральна ўсіх устаноў культуры ні адзін год не забываюцца пра гэты цікавы народны абрад.

Зорка, Дзед, Баба, Каза, Мядзведзь – абавязковыя персанажы працэсіі, ну а да іх могуць далучацца колькі заўгодна “звяроў” і валачобнікаў. І традыцыя гэта настолькі распаўсюджаная і любімая, што гурты з зоркай можна сустрэць на Ушаччыне нават у пад’ездах шматпавярховак – не першы год калядуюць гурткоўцы Дома рамёстваў на чале з Валянцінай Мугакай і вярнуліся з двума кошыкамі. Ні адзін гаспадар не адпусціць гасцей з пустымі рукамі. Сустрэць такую кампанію – гонар. Калі завіталі калядоўшчыкі – значыць год выдасца ўрадлівым, лад і згода будуць у доме. Добра ведаюць пра гэта ў аграгарадку Арэхаўна. І калі раней проста сардэчна сустракалі гасцей, то сёлета загадзя тэлефанавалі, і загадчык Дома культуры Тамара Аляксандраўна Чабоха складала графік маршруту згодна паступіўшых заявак.

Тэкст песень можа адрознівацца нават у адной мясцовасці. У Матырыне, напрыклад, яго па ўласных дзіцячых успамінах аднавіла Тамара Барадзёнак. У Мосары – краязнаўца Ірына Навагродская, якая паведаміла, што на Сенненшчыне, адкуль родам яе маці, такога абраду не было. А летась пазнаёміла нас і з калядным сталом. Стравы на ім у продкаў былі розныя – але акрамя каўбас, студзеня, бліноў – абавязкова поліўка. Мабыць таму, што на Каляды як і на бацькоўскія суботы ўзгадваюць памерлых продкаў і дзеляцца з імі куццёй. 6 студзеня яна была беднай, а 7-га – багатай. Захавалася і традыцыя ставіць на Раство на стол 12 страў – па колькасці апосталаў.

Самая распаўсюджаная варажба на жаніхоў – ахоп рукамі частаколу і набор дроў са сцірты – калі колькасць атрымлівалася цотнай – значыць будзеш з парай. В.Мугака навучыла дзяўчат і іншым старадаўнім спосабам, якія пераняла ад сваёй маці Сафіі Мікалаеўны Кісель з Мазуляў. Падмяталі падлогу, станавіліся на вуліцы на смецце і чакалі. Адкуль забрэша сабака – адтуль і сваты прыйдуць. Гэтая жывёла прымала і непасрэдны ўдзел у варажбе – ёй кідалі бліны – па першынстве іх паядання даведваліся пра чарговасць замужжа. Ну а ў праўдзівасці апошняй варажбы В.Мугака пераканалася на сабе: ад чырвонага кута па чарзе выстаўлялі боцікі – абутак малодшай сястры заўсёды першым ступаў на парог – яна і першай замуж выйшла.

Рэжысёр Вяркудскага СДК Святлана Ігнатовіч, якая родам з Малых Долец, прыгадала, як чакалі “пальцам піханых” матчыных каўбасак, і што калядны стол самы багаты ў годзе.
Святкі ж працягнуцца да Вадохрышча, і гэта час забаў, варажбы, гульняў, сярод якіх і “Жаніцьба Цярэшкі” – цікавы абрад, які таксама распаўсюджаны не па ўсёй Беларусі. Яго ўдзельнікамі каторы год становяцца адпачываючыя “Лясных азёр”. І сёлета калектывы цэнтра культуры “Матырынская спадчына” і “Дружба” 18 студзеня зноў навучаць і пачастуюць ушацкімі каляднымі стравамі.

Вольга Караленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *