Летась на Ушаччыне зарэгістравана нараджэнне 78 малышоў, што на 22 больш, чым у 2022-м.
Пра дэмаграфічныя паказчыкі мінулага года пагутарылі з начальнікам аддзела загса райвыканкама Аляксандрай СТУКАЛАВАЙ.
– Як часта ўшачане заключалі шлюбы?
– Узаконілі свае адносіны 57 пар, што на 7 больш, чым у 2022-м. Па-ранейшаму многа паўторных шлюбаў для аднаго ці абаіх маладых – 59,6 працэнта рэгістрацый. Прычым, 5 сямей “увайшлі ў адну раку” двойчы – ажаніліся ранейшыя “палавінкі” (годам раней было 3 выпадкі).
– Раскажыце пра ўзрост жаніхоў і нявест.
– Ён у параўнанні з 2022-м для жанчын зменшыўся на 1 год і склаў 34, для мужчын жа застаўся без змен – 37. Самым маладым жаніхом стаў 17-гадовы хлопец, адна нявеста пайшла пад вянец у 16. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі мужчына і жанчына, якія афіцыйна аформілі адносіны ў 67.
Асноўную частку шлюбаў (40) складалі пары, у якіх жаніх старэйшы за нявесту, а найвялікшая розніца ва ўзросце – 22 гады. Адваротная сітуацыя была ў 17 выпадках, тут максімальная разбежка – 8 год.
– Ці рэгістраваліся шлюбы з замежнымі грамадзянамі?
– Іх было 5: 4 – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, 1 – з прадстаўніком Азербайджана.
– Ці стала менш разводаў?
– Сумарна – так. Летась нашым аддзелам зарэгістравана 10 скасаванняў шлюбу па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак (у 2022-м – 7), па рашэннях суда – 27 (34). Самай маладой жанчыне, якая падала ў загс заяву на развод, было 26, мужчыну – 23. Пайшлі на такі крок і грамадзяне паважанага ўзросту – у 68 і 70 гадоў адпаведна. Найкарацейшым аказаўся шлюб працягласцю ў 1 год і 2 месяцы, а адну пару не згуртавалі і пражытыя разам больш 30 гадоў.
– Як справы з нараджальнасцю?
– На свет з’явілася 38 хлопчыкаў і 40 дзяўчынак, 22 з якіх – першынцы, 27 – другія дзеці ў сем’ях, 15 – трэція, 3 – чацвёртыя, 6 – пятыя, 3 – шостыя, 2 – сёмыя. Найбольшая колькасць малых – 38 – з’явілася ў мам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, 37 – ад 31 да 40, 3 – ад 16 да 18. Самымі маладымі матулямі сталі дзве 16-гадовыя дзяўчыны, самая ж старэйшая нарадзіла ў 43. Узрост “новаспечаных” тат склаў ад 17 да 45 гадоў.
Непакоіць тое, што павялічылася колькасць дзетак, якія з’явіліся на свет у няпоўных сем’ях. Гэты паказчык у 2023-м склаў 21,8 працэнта (годам раней – 14,3). 12 нараджэнняў зарэгістравана адначасова з устанаўленнем бацькоўства (7).
– Якія імёны бацькі давалі малышам?
– Самымі папулярнымі ў хлопчыкаў сталі Мікіта, Аляксандр і Глеб, а сярод дзяўчынак – Ева, Марыя і Дар’я. У разрадзе рэдкіх – Радамір, Давід, Дзямід, Савелій, Ціхан, Леў, а таксама Эмілі, Аўрора, Альбіна, Дамініка.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
- Прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.