Старший егерь Ушачской организационной структуры Белорусского товарищества охотников и рыболовов Михаил Подворный подстрелил «хитрого» хищника

Калейдоскоп

Першае, аб чым я спытала ў старшага егера Ушацкай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Міхаіла Падворнага, убачыўшы здымак здабытага ваўка, які ён па ліку за амаль паўвекавую кар’еру. Памятала, што летась паляўнічы казаў, што гэта вялікі гонар – падстрэліць хітрага і асцярожнага драпежніка. Значыць і ўлік “медалёў” павінен весціся. Аднак пачула: “Ніколі не лічыў – дрэнная прыкмета, а мы верым у забабоны, каб не спудзіць удачу”.

На мінулым тыдні яна сапраўды была на баку Міхаіла Іванавіча – усяго хвілін дваццаць чакаў шэрага, кіламетраў у двух-трох быў звер, калі пачуў кліч “сабрата” і адзін пайшоў у разведку. Слых у ваўкоў выдатны, і за 10 кіламетраў чуюць, ну а М.Падворны даўно асвоіў ваўчыную мову, імітуе выццё нават без вабы. Звычайна чакаць даводзіцца і дзень, і два, і ніякай гарантыі, што мацёрага атрымаецца перахітрыць. Але паляўнічы выбраў удалую пазіцыю, і дарослы воўк – гады 4-5 – пад 50 кілаграмаў вагой стаў трафеем.

Па інфармацыі дырэктара Ушацкай арганізацыйнай структуры БТПР Вадзіма Аляксандравіча Шульгі, воўк, падстрэлены ў лясным масіве паміж Глыбачкай і Павуллем, першы сёлетні здабыты трафей. Ну а ўсяго за мінулы год паляўнічыя БТПР падстрэлілі 9 ваўкоў, 217 лісіц, 97 янотападобных сабак і 210 кабаноў.

Такога страшнага становішча з нашэсцем ваўкоў, як летась, зараз ва Ушацкім раёне няма. Зграі не прыходзяць у вёску, не загрызаюць сабак на прывязі, не пужаюць сялян. Але менавіта таму, каб яно не паўтарылася, і шчыруюць супрацоўнікі таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Егеры, якія робяць абходы, паведамляюць пра заўважаныя сляды, інфармацыя пераправяраецца, і прафесіяналы рыхтуюцца да палявання.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *