Сельхозпредприятия Ушаччины готовят технику к весенне-полевым работам

Сельское хозяйство

Тэма падрыхтоўкі тэхнікі – зараз адна з асноўных не толькі ў распарадку аграрыяў: навідавоку яна і ў журналістаў.

 

А таму ў дзень, калі мы завіталі на машынны двор “Ільюшынскага”, тут пабывалі таксама і карэспандэнты “СБ”. Увогуле, прадпрыемства, якое наўрад ці можна аднесці да ліку флагманаў рэгіёна, даволі часта трапляе пад увагу цэнтральных СМІ – быццам валодае асаблівым сакрэтам прывабнасці. Прынамсі, ёсць для гэтага і відавочныя прадпасылкі: напрыклад, вялікая колькасць моладзі – толькі летась штат гаспадаркі папоўніўся 15-ю маладымі спецыялістамі. Добрую рэпутацыю заслужыў і ільюшынскі мехдвор – нездарма ў лістападзе сюды запрашалі ўдзельнікаў абласнога семінара.

Дзелавы настрой панаваў ля гаражоў і ў дзень нашага візіту. У чаканні старту палявых работ ззяла свежымі фарбамі сеялка, якую капітальна абнавілі на Віцебскім маторарамонтным заводзе. Непадалёк стаяў адрамантаваны на Заходне-Дзвінскім МРС энерганасычаны МТЗ-3522 – за руль стратэгічнай баявой адзінкі сядзе Антон Коўшаль, які сёлета зноў вярнуўся ў родную гаспадарку, дзе калісьці пачынаў працоўны шлях. Гэтым жа часам ён разам з механізатарам Дзмітрыем Бураком, электрагазазваршчыкам Дзмітрыем Калітухам і іншымі калегамі чараваў над прычапнымі агрэгатамі. І хоць у паветры кружыліся сняжынкі, пейзаж усё роўна не выглядаў зімовым – напэўна, з-за прысутнасці ў ім палявой тэхнікі.
“Ужо гатовы да работы чатырохкорпусны плуг. Нямала давялося папрацаваць, каб давесці да ладу раскідвальнік мінеральных угнаенняў. Абнавілі зубы і планкі ў гідрафікаванай баране БШГЗ-12”, – правёў нас па пляцоўках галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Пятніца. Хоць вопыту работы на гэтай пасадзе ў яго небагата, але прызнаецца, што ў курс справы ўвайшоў хутка: адміністрацыя ставіцца прыхільна, механізатары – працавітыя і ўмелыя. Летась, дарэчы, двое з іх прайшлі перападрыхтоўку ў вучэбным камбінаце і павысілі свае катэгорыі. Калі ж у ходзе рамонту ўзнікае патрэба ў складанай тэхнічнай дапамозе, плячо гатовы падставіць лясгас – як, зрэшты, і з кадрамі ў час масавых палявых работ. Такое таварыскае супрацоўніцтва паміж арганізацыямі розных сфер увогуле характэрнае для нашага раёна. “Спадзяемся, што якасная падрыхтоўчая кампанія дазволіць годна стартаваць на пасяўной”, – рэзюмуе малады спецыяліст.

Больш зладжана вядуцца сёлета гэтыя работы і ў цэлым па раёне. Распачалі іх амаль на месяц раней леташняга, з бюджэту выдзелілі немалыя сродкі, каля трэці тэхнікі рамантавалі на “спецкропках”. Таму і ступень гатоўнасці зараз неблагая: у спраўным стане ўжо каля 90 працэнтаў трактароў і плугоў. Адзнаку ж за гэты этап аграрыям паставіць пасяўная – падчас яе, як і на звычайным экзамене, адразу бачна, хто рыхтаваўся грунтоўна і планамерна, а хто штурмаваў праграму аўральна і па вярхах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Д.Калітуха, А.Коўшаль.



1 комментарий по теме “Сельхозпредприятия Ушаччины готовят технику к весенне-полевым работам

  1. Как подготовим технику к посевной и другим весенне-полевым работам, такую основу заложим будущему урожаю. Надо собрать волю в кулак и сработать качественно, а также своевременно.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *