Медальной феерией порадовали самбистки-ушачанки 2009-2010 годов рождения, выступавшие на республиканской спартакиаде ДЮСШ в Стайках

Cпорт

Выдатны падарунак да вясенняга свята зрабілі сабе і свайму трэнеру Святлане Фядосенка юныя ўшацкія самбісткі: на нядаўняй рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ каманда нашых дзяўчат заняла трэцяе месца ў агульным заліку сярод усіх спартыўных школ краіны!

Трэба сказаць, што падобны поспех у гісторыі нашай установы быў толькі аднойчы: напрыканцы 90-х у маладога трэнера Веры Фаміной сфарміравалася перспектыўная каманда дзюдаістак, касцяк якой складалі Лера Джураева, Насця Ляшкова, Таня Кротава, Вераніка Марковіч. Яны старанна развівалі свае таленты і ўзялі каманднае “срэбра” рэспубліканскай спартакіяды.

І вось зараз у нашай установе зноў заззялі амбіцыйныя зорачкі, якія праяўляюць сябе як у дзюдо, так і ў самба. На спартакіядзе, што праходзіла ў алімпійскім цэнтры Стайкі, наш поспех кавалі пяць спартсменак 2009-2010 гадоў нараджэння. Дастойна выглядала Каця Рубанік і спынілася ў кроку ад п’едэстала. Толькі хваляванне перашкодзіла Сашы Міхаль выйсці ў фінал – на яе рахунку “бронза”. Аліса Зуева і Карына Лецкая па ўзроўні былі вартыя “золата”, але па крыўднай выпадковасці засталіся са “срэбрам”. Дзяўчынка, якая перамагла нашу Алісу, пасля заканчэння фінальнага паядынка разгублена ўсклікнула: “Не можа быць! Я выйграла Зуеву?!”.

Ну а Улада Цюкала сваіх шансаў не ўпусціла, хоць ёй было, напэўна, больш складана, чым іншым – зусім нядаўна перанесла пнеўманію, больш чым на месяц выбыла з трэніровачнага працэсу, не трапіла і на збор у сталіцу, куды запрасілі ўшацкіх дзяўчат. Тым не менш Уладзіслава выглядала проста бліскуча: ва ўсіх схватках перамагла чыста – кідком, утрыманнем ці болевым прыёмам. Дзіву даешся, колькі сіл і мужнасці ў гэтай 13-гадовай дзяўчынкі, якая выступала ў вагавой катэгорыі да 41 кілаграма… “Перад фіналам вельмі хвалявалася, але Святлана Мікалаеўна знайшла патрэбныя словы: параіла бароцца, як на трэніроўцы, не прыдумваць веласіпед. І ўсё атрымалася!” – дзеліцца ўражаннямі наша залатая медалістка. Дарэчы, гэта выступленне дазволіла Уладзіславе выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту.

“Гэта поспех усёй нашай школы: ад адміністрацыі, якая годна вырашае надзённыя пытанні, да тэхнічных работнікаў, што ствараюць умовы для трэніровак. Асобная падзяка – бацькам, без падтрымкі якіх было б вельмі складана. У кожнай з маіх выхаванак свой характар, але аднолькавая мэтанакіраванасць, упартасць. Пакуль многія іх аднагодкі сядзяць у тэлефонах – яны працуюць на трэніроўках і, да слова, з дзяцінства ўсведамляюць, што абавязковы складнік поспехаў – спартыўны рэжым, здаровы лад жыцця”, – зазначае С.Фядосенка.

Што ж, дзяўчаты, якія славілі нашу школу чвэрць стагоддзя таму, пазней упісалі свае імёны ў гісторыю сусветнага дзюдо і самба. Пажадаем падобнага і іх юным паслядоўніцам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *