Пачынаць справу з нуля заўсёды няпроста. Тым больш калі ты – навічок, а побач няма вопытных дарадцаў. Прыкладана ў такой сітуацыі апынулася выпускніца факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя Машэрава Вікторыя Лукашэвіч, калі ў 2018-м разам з такім жа маладым напарнікам Уладам Бабкіным прыйшла працаваць у толькі створанае аддзяленне плавання Ушацкай спартшколы.
Але задачу спрашчала ўзаемнае жаданне: у маладых спецыялістаў – праявіць сябе ў трэнерскай справе, а ва ўшачан – прывесці дзяцей у новенькі басейн на прывабны від спорту. Па словах трэнера, амаль усе бацькі пры першым знаёмстве кажуць, што проста хочуць, каб дзеткі навучыліся плаваць. Гэтаму і прысвечаны першы год заняткаў. Дарэчы, праводзяцца яны не толькі ў басейне, і ў сераду мы пабывалі на “сухапутнай” трэніроўцы малодшай групы. “Восенню я зусім нічога не ўмеў, зараз жа магу праплыць туды і назад, а калі мы спаборнічалі на 25-метроўцы, стаў 4-м!” – падзяліўся з намі Міша Ладзік. А Ксюша Шустрова паведаміла, што баялася нават заходзіць у ваду, цяпер жа з радасцю бяжыць на кожны занятак.
Ну а для самой Вікторыі першае знаёмства з “воднай стыхіяй” праходзіла на возеры Чаравэчча пад наглядам вопытнага “трэнера” – любімай бабулі Эмы Аляксандраўны Лукашэвіч. Ранняе дзяцінства Вікі прайшло ва Ушачах, ды і пазней, пераехаўшы ў Полацк, гасцявала ў райцэнтры кожныя выхадныя. Плаванне асвойвала ў спартыўным класе, а потым – вучылішчы алімпійскага рэзерву. Паступала туды першаразрадніцай, і перад ёй паставілі задачу праз год выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Вядома ж, большасць плыўцоў хочуць спаборнічаць на кароткіх дыстанцыях, Віка ж па фізічных даных не надта падыходзіла для спрынту, таму яе спецыялізацыяй сталі 800 і 1500 метраў, дзе на першы план выходзіць вынослівасць.
Залішне казаць, наколькі складанымі былі трэніроўкі: адольвалі штодня пад 10 кіламетраў, а аднойчы зафіксавалі рэкорд – плылі без перапынку 2,5 гадзіны. Пік стомленасці звычайна прыходзіцца на сярэдзіну стаерскай дыстанцыі, і тут важна не думаць пра тое, як табе цяжка, таму Віка старалася чымсьці заняць галаву: напрыклад, паўтарала англійскі алфавіт ці напявала якую-небудзь песню. “Мелася ў нас практыкаванне “N па 100” – гэта значыць, плывеш на хуткасць стометроўку некалькі разоў запар. Дык аднойчы трэнер (а ён быў вельмі патрабавальны) вырашыў праверыць нас на трываласць: на 10-м заплыве я ўжо прыкметна стамілася, пасля 15-га чакала другое дыханне, якое ўсё не адкрывалася, а на 20-м… пачала плакаць – добра, што слёз у вадзе не бачна – але з дыстанцыі не сышла”, – прыгадвае Вікторыя. Праца дала плён: на кантрольных спаборніцтвах у Віцебску яна выканала кандыдацкі нарматыў. Увогуле на вобласці дзяўчына заўсёды была ў прызах, уваходзіла ў пяцёрку лепшых і на рэспубліканскім першынстве.
Адным з самых запамінальных момантаў сваёй кар’еры Віка называе ўдзел у заплыве па Заходняй Дзвіне, які ладзіўся ў Віцебску ў рамках святкавання Дня горада. “Трэба было пераадолець паўтара кіламетра. Стартавалі пры добрым надвор’і, але раптам пачаўся дождж, узняўся вецер – і наша падарожжа стала даволі экстрэмальным. Але да фінішу дабраліся ўсе!”
На змену спартыўнай кар’еры прыйшла трэнерская. Вікторыя не хавае, што пасля адпрацоўкі ва Ушачах магла пераехаць у горад, як, прынамсі, зрабіў яе напарнік. Але яна засталася: прызнаецца, што падабаецца сама работа і атмасфера ў калектыве, задавольвае і арэндная кватэра, якую выдзелілі па хадайніцтве СДЮШАР. А ў тым, як паважаюць свайго трэнера вучні, мы ўпэўніліся, пабываўшы на “воднай” трэніроўцы старэйшай групы. Не адзін залаты медаль прынёс у скарбонку каманды Лёша Салодкін, але статус лідара абавязвае яшчэ больш шчыраваць на занятках. Вельмі стараецца Мацвей Пугач, які хоць і належыць да сярэдняй групы, але дадаткова трэніруецца і са старэйшай. Каб займацца з Вікторыяй Аляксееўнай, спецыяльна прыязджаюць ва Ушачы лепяльчане Аліса Папова, Дзяніс Аўтушка. А ўшацкі выпускнік Мацвей Уліновіч марыць стаць трэнерам і збіраецца ўзяць мэтавае накіраванне для паступлення ў БДУФК.
За апошнія гады Ушачы сталі адным з цэнтраў плавання – у нас рэгулярна праходзяць этапы рэспубліканскіх спаборніцтваў “Узыходзячыя зоркі”, шматлікія іншыя турніры, на якіх Вікторыі даводзіцца выконваць і функцыі суддзі.
“Мне пашанцавала ў жыцці: я займаюся любімай справай і штодня атрымліваю зарад пазітыву, – прызнаецца гераіня аповеду. – Магу даць параду моладзі, якая шукае свой шлях: калі вы сапраўды жывяце спортам, не здраджвайце мары, не слухайце тых, хто раіць набыць больш “практычную” прафесію. Дапамагаць людзям быць здаровымі, прыгожымі і моцнымі – вельмі важна і высакародна!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.