На календары – апошні дзень лета, а на старонках нашай газеты яшчэ ніводнага разу за сезон не друкавалася фота аднаго з лепшых хлебаробаў раёна Юрыя Юркевіча. Каб выправіць “недарэчнасць”, мы накіраваліся на дземянецкія палеткі.
Класічны здымак на фоне залатых каласоў, праўда, зрабіць ужо не паспелі: літаральна дзень таму механізатар памяняў штурвал “Палесся” на руль “Беларуса” і прыступіў да іншага працэсу. Прынамсі, таксама важнага і актуальнага: разам з калегам Максімам Кучаронкам яны ўбіралі з маляўнічых пагоркаў ля Баяршчыны саламяныя рулоны.
Назіраць, як зладжана працуе дуэт, было прыемна: лічаныя хвіліны спатрэбіліся Юрыю, каб з дапамогай маніпулятара загрузіць прычэп Максіма. Да слова, калегі яны не толькі на дземянецкіх нівах, а і на асноўным сваім працоўным месцы ва УП ЖКГ – поруч шчыруюць у градзянецкай кацельні. Але калі Ю.Юркевіч кожны сезон прыходзіць на дапамогу сельгаспрадпрыемству, то яго напарнік далучыўся ў гэтую кагорту толькі сёлета. Аднак з аграрнай справай мужчына добра знаёмы, бо кар’еру пачынаў у “Райаграсэрвісе”, да таго ж трымае вялікую падсобную гаспадарку.
“Дырэктара Максіма Мікалаевіча Палонскага ведаю па ранейшай сумеснай працы на сарочынскім свінакомплексе. Сёлета ў “Дземенцы” вельмі складана з кадрамі, таму пасля заканчэння ацяпляльнага сезона сеў за руль трактара. Заняты быў пераважна на корманарыхтоўцы, да якой зараз асаблівая ўвага, – працаваў з граблямі, прасаваў сена і салому – так што гэтыя цюкі скруцілі мы разам з Генадзем Хадасевічам. Дарэчы, мясцовыя аграрыі прынялі мяне вельмі добразычліва, давалі парады, ва ўсім дапамагалі, – падзяліўся з намі М.Кучаронак.
На ўчарашнюю раніцу ў раёне салома была ўбрана з 67 працэнтаў участкаў. Рулоны звезены з плошчы ў 2 тысячы гектараў.
Камусьці можа падацца, што ўборка саломы – работа не надта тэрміновая: зразумела, што неабходна адразу ачысціць участкі, дзе пасля жніва зноў пасеюць азімыя, на астатніх жа рулоны маглі б паляжаць і да больш спрыяльнага часу… Але кіраўнік гаспадаркі, канечне, з такім разважаннем не згодны: “Па-першае, усё варта рабіць своечасова – у тым ліку і наводзіць парадак на хлебных нівах. А што датычыцца селішчанскіх палёў, дык там мы сёлета пад азімае жыта, авёс, іншыя адналетнікі падсеялі травы – люцэрну, сумесь канюшыны, цімафееўкі, райграса. Зараз яны актыўна адрастаюць, а пад саломай, калі яе не ўбраць, могуць папрэць. Палеткі ля Глыбачкі, дарэчы, мы ўжо цалкам ачысцілі: склалі рулоны ля мясцовай фермы і на ўскрайку палёў. Усяго ж убралі салому на 73 працэнтах участкаў, запрасавалі каля 1100 тон. Зімой яна спатрэбіцца: пойдзе на корм і на подсціл жывёле”.
“Дземенец” сёлета разам з “Вялікадолецкім” ідзе ў лідарах па тэмпах корманарыхтоўкі. Тут заклалі 4541 тону сенажу, што складае 145 працэнтаў ад планавай лічбы (у сярэднім па раёне, дарэчы, заданне па гэтым відзе кармоў выканана на 97,6 працэнта). У арсенале гаспадаркі таксама 460 тон зернесенажу, 209 – сена. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана ўжо 22,46 цэнтнера кармавых адзінак пры плане 27,9. У бліжэйшы час паказчык павялічыць сілас: “каралева палёў” займае сёлета плошчу ў 350 гектараў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.