Шэра, неба без перапынку плача – у такі непагодлівы дзень мы сустрэліся з начальнікам Плінскага паштовага аддзялення Маяй Іванаўнай Вахмянінай, калі яна толькі-толькі вярнулася з рыбалкі. “Няўжо за тыдзень не нахадзіліся, каб у свой выхадны пускацца пешшу за тры кіламетры і ў дождж праводзіць паўдня на вуліцы?”
Мая Іванаўна ў адказ “дэманструе” сваю абаяльную ўсмешку: “Я ж заўсёды паўдня пад адкрытым небам і ў любое надвор’е. Дрэннага для мяне ніколі не бывае. У кожнай прафесіі свае перавагі. У маёй – гэта не адзіная. З камп’ютарнымі тэхналогіямі ідзём нага ў нагу, навінкі перыёдыкі ведаем, многа цікавага чытаем. Аднавяскоўцы ставяцца быццам сябры ці родныя, хоць я толькі каля пяці гадоў працую ў Двор Пліне”.
Сёлета адзначаецца 150-годдзе Сусветнага паштовага саюза, які стаў асновай для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне паштовых паслуг. Арганізацыя складае адмысловы рэйтынг, паводле якога Беларусь займае 15-е месца са 172 краін свету і лідзіруючую пазіцыю сярод дзяржаў СНД па паказчыку ўстойлівага паштовага развіцця.
Наогул жа ў паштовай сувязі Мая Іванаўна ўжо чвэрць века. Да гэтага была загадчыкам аднаго з наваполацкіх аддзяленняў і без шкадавання сцвярджае, што тут ёй падабаецца больш – усё на месцы, рацыянальней праходзіць час. А чым больш загружаны дзень, тым цікавей. Яна любіць, калі многа ўсяго трэба паспець і вельмі шчыра – тое, чым займаецца. Першую палову дня сустракае кліентаў у аддзяленні, а другую ў якасці паштальёна абходзіць больш дзясятка вуліц гэтай вялікай і падзеленай рэчкай на дзве часткі вёскі. Для кардыянагрузкі раяць 10 тысяч крокаў! У яе атрымліваецца ў паўтара раза больш, і якраз такім як патрэбна – хуткім тэмпам. І гэта не лічачы бегатні ля дома. “Стамляецеся за дзень, напэўна, моцна?”, – пытаюся ў субяседніцы і чую нечаканае: “Не, я ж лёгкай атлетыкай займалася!” “Ну а калі акрамя сумкі з перыёдыкай і тавары трэба даставіць?”. “Таксама не, я ж і цяжкой атлетыкай займалася!”, – здзіўляе Мая Іванаўна і канчаткова пераконвае ў сваёй незвычайнасці, калі паведамляе, што пайшла ў апошнюю секцыю, каб паправіцца, бо вельмі худой была.
Набраць кілаграмы ёй усё ж не ўдаецца. Гаспадыня аддзялення і печ топіць у халодны час, і парадак навокал у цёплы падтрымлівае. Пры гэтым вялікі ўчастак ля бацькоўскага дома з цяпліцамі, садам, кветнікамі ў поўным парадку. А які часнок у кошыку стаяў! “Праз два дні спрыяльны час для пасадкі, вось і падрыхтавала. Нездарма ж столькі карысных часопісаў чытаю”, – жартуе Мая Іванаўна і ўжо сур’ёзна дадае: “Акрамя шматлікіх, што ёсць у каталозе, нам дасылаюць спіс выданняў, якія паступаюць у продаж. Знаёмлюся сама, раю аднавяскоўцам ці прачытаныя потым кладу некаму ў паштовую скрыню. Ды і з сабой у сумцы пару-тройку невялікіх часопісаў нашу, прапаноўваю. Многія прывыкаюць і ўжо самі заказваюць ці выпісваюць. Улетку больш бяру на рэалізацыю красвордаў і размалёвак. Ну а да “Патрыёта” – устойлівая любоў, не чытаюць яго толькі тыя, хто ўжо не бачыць – 60 экземпляраў пры 193 дамах на вёсцы, з якіх далёка не ўсе заселеныя, асабліва зімой. І ўгаворваць нікога не трэба. Адзін падпісчык нават скрупулёзна падшыўку вядзе, а потым гадавую перадае на чытанне іншагародняй сястры”.
Зразумела, каб напрацаваць даверлівыя стасункі з кліентамі, затрымацца на хвілінку ля варот не атрымаецца. Чакаюць яе бабулі і каб паразмаўляць. Адмовіць ва ўвазе Мая Іванаўна не можа. Тым больш што знаёма з многімі даўно. Бо тут правяла два першыя гады жыцця, а потым і пяцігодку пасля шлюбу. А калі давялося даглядаць хворую маці – у трэці раз вярнулася ў вёску. У яе тэлефонным каталозе нумары абсалютна ўсіх, хто мае “мабільнік”. Нагадвае, што прыйшла пасылка. Удакладняе, што з прадуктаў прынесці разам з пенсіяй. Густы кліентаў яна вывучыла выдатна. Хаця той, хто можа хадзіць, любіць завітаць у паштовае аддзяленне, каб самому выбраць тавар. А асартымент тут не горшы, чым у магазіне. Паліцы на ўсю сцяну застаўлены прамысловымі таварамі і бакалеяй, у халадзільніку “малочка”, каўбасы, ды і маразільнік не застаецца пустым. Мая Іванаўна маніторыць тавар мясцовага магазіна і заказвае тое, чаго там няма.
Да “Маечкі” могуць патэлефанаваць і апоўначы – успомняць, што забыліся выпісаць выданне. Яна падказвае, як самастойна аплачваць тэлефон, паслугі, устанавіць мабільныя прылады ці паглядзець астатак у “Зале”. У плінскім аддзяленні часта вельмі ажыўлена, многія прыходзяць, як кажуць, на сяло. Яна не раздражняецца, не павышае голасу, засяроджана выконвае аперацыі, не выпускаючы пры гэтым рэплік наведвальнікаў.
“Ці Вы верталётам маё пісьмо адпраўлялі? Да абеду канверт браў, а ўвечары ліст ужо атрымалі”, – спецыяльна забегся на наступны дзень здзіўлены кліент. А Мая Іванаўна проста чула, як ён казаў у чарзе, што вельмі хутка трэба… І накіравала “першым класам”. Многа розных карысных паслуг прапануе кліентам “Белпошта”, шмат сацыяльных функцый выконвае. А на вёсцы застаецца яшчэ і ачагом культуры, да якога самі нясуць ногі.
Вольга КАРАЛЕНКА.