Сезон журавін. Традыцыйна ў гэты час мы трапляем у цэх перапрацоўкі дароў лесу ААТ ”Лес”, хаця вырабляюць там прыпас з чырвоных і чорных парэчак, чарніц, маліны, клубніц, брусніц. Але менавіта восеньская ягада займае 75 працэнтаў усёй вытворчасці. Зараз яна паўсюдна – у скрынях, што прыйшлі з Пінска, у вялізным чане, катлах. Упакоўкамі са слоікамі і вядзерцамі застаўлена і прасторнае памяшканне для фасоўкі.

“Цяпер яшчэ свабодна, вось у верасні, калі толькі пайшлі журавіны і запрацавалі навучальныя ўстановы – нашы пастаянныя заказчыкі, было сапраўды застаўлена, перапрацавалі 17 тон”, – тлумачыць начальнік цэха Людміла Аўдошка і дабаўляе, што сёлета апрабавалі прыпас з клубніц, а дэкларацыю на гэты новы від атрымалі яшчэ ў пачатку года. Як правіла, пастаянна ёсць на прадпрыемстве і рэзервовы запас у бочках – паступае заказ, і гатовы паўфабрыкат тэрмінова фасуецца па слоіках ці вядзерцах. У 7-кілаграмовых іх пастаўляюць на харчовыя камбінаты, літровыя сёлета ўпершыню заказалі ў сталовую БНТУ, ну а “Спартак” спыняецца на 65-кілаграмовай ёмістасці. У шкле прадукцыя дзешавей, а пластыку перавагу аддаюць тыя контрагенты, якія не жадаюць мець справу з абменнай тарай.
Паколькі амаль кожны ўшачанін мае ягады на ўчастках або дачы, цікаўлюся ў Л.Аўдошкі, ці можна зрабіць такі ж прыпас самастойна.
– Механіка працэсу аднолькавая і на кухні, і ў цэху: пераціраем, тэрмічна апрацоўваем, далучаем цукар і лімонку. А вось “хімія” розная, дома мы даводзім да кіпення, варым, у нас жа ягада пастэрызуецца пры тэмпературы да 75 градусаў, а гэта значыць, што ўсе вітаміны і карысныя рэчывы захаваліся ў максімальным аб’ёме. Тэхналогія аднолькавая на любой ягадзе, розная толькі колькасць цукру і лімонкі, больш у нашых паўфабрыкатах, як вядома, нічога няма.
Па гэтай прычыне прадукцыя ўшацкага “Лесу” паступае ў сталовыя самых розных устаноў: сады, школы, універсітэты, прадпрыемствы – сёлета ўпершыню пайшла, напрыклад, на “Атлант” і “МАЗ”. А вось такія беларускія флагманы, як “Спартак” і “Камунарка” – сярод даўніх і верных заказчыкаў. Праўда, зараз партнёрскае пастаянства залежыць не ад якасці і добрасумленнасці выканання дагавораў, а ад выйграных тэндараў, а значыць – цаны. І самым гарачым цэхам таварыства аказваецца нават не вытворчы, а адміністрацыя, дзе на чале з дырэктарам Ігарам Мікалаевічам Федарэнкам шукаюць пастаўшчыкоў, заказчыкаў і ад якіх і залежаць аб’ёмы.
“Раней мы працавалі па прамых дагаворах, прычым доўгатэрміновых, а зараз паквартальныя тэндары, без правядзення якіх заказаць прыпас могуць толькі прыватнікі. Таму і работы больш, і не ведаеш дакладна ці атрымаецца захаваць “Красный пищевик” або іншыя выгадныя заказы, – расказвае галоўны бухгалтар Вольга Агіевіч. – Усімі тэндарамі, як і пошукам запчастак і дэталяў для вытворчасці і машын займаецца наш галоўны інжынер”.

У Рамана Долгага, бясспрэчна, самая творчая работа. Ён і сам смяецца, што штодня гуляе ў рулетку. “Справа ў тым, што толькі на рэальных ці анлайн-аўкцыёнах мы бачым канкурэнта, цану і можам паніжаць яе, зыходзячы з абставін. Пераважная большасць тэндараў – закрытыя, ты падаеш свой кошт, вывучыўшы папярэднія прапановы іншых вытворцаў, аднак не ведаеш, які яны паставяць на гэты раз, – расказвае Раман. – Так два гады “змагаліся” з асіповіцкім кансервавым заводам за “Вітамін” (пастаўшчык прадукцыі на ўсе мінскія бальніцы) і вось упершыню атрымалася абысці. Для іх прыпасы – усяго 3 працэнты ад усёй вытворчасці, і таму яны могуць дазволіць сабе на гэтай “кроплі” занізіць цану. Нашай прадукцыяй гандлююць і аптавікі, якія ад свайго імя ўдзельнічаюць у тэндарах. У верасні у нас было 47 контрагентаў, а вось кропак на адгрузку – 320, зыходзячы з іх геаграфіі і фарміруецца лагістыка паставак”.
Каго з калектыву ААТ “Лес” ніколі немагчыма застаць на месцы, дык гэта вадзіцеляў. І таму, калі высветлілася, што Алег Аўдошка на гэтым тыдні на “малым крузе” і пакуль не накіраваўся ў рэйс, паспяшалася да “кур’ера” і запыталася пра самае прыгожае месца Беларусі.

“Канечне Ушаччына, гэта без жартаў, – адказвае Алег Васільевіч. – Хаця ў вадзіцеляў асаблівая ацэнка. Калі ўлічыць, што прыпас мы падвозім не на склад, а да канкрэтнага вясковага дзіцячага сада, школы, то самыя прывабныя для мяне тыя населеныя пункты, дзе зручныя пад’езды, у гэтым плане вельмі падабаецца Ліда. Наогул геаграфія рэйсаў у нас вельмі разнастайная: Барысаў, Маладзечна, Ашмяны, Пінск…”. Рамантыкі ў іх справе, аднак, не вельмі многа. Стамляюцца: па тыдні за рулём, за які намотваюць па 2 тысячы кіламетраў, ды і машына не прыстасавана для начовак, асабліва для такіх рослых вадзіцеляў як Сяргей Селявёнак. Тым не менш на прадпрыемстве хоць і невялікі, аднак стабільны (ніякай цякучасці) і поўнасцю ўзаемазамяняльны калектыў. Можна нават не пытацца, чым займаецца брыгадзір Алена Ярмош або моцная палова штата – усім, што патрабуе рабочы момант.
Вольга КАРАЛЕНКА.