Калі б ні гаварылі пра перспектывы кааператараў, дырэктар Ушацкага філіяла Ганна Уладзіміраўна Хамёнак без сумнення кажа: “Белкаапсаюзу” быць”. І дабаўляе: “Толькі мы выконваем сацыяльную функцыю, дастаўляем прадукты ў самыя аддаленыя вёскі. Прэзідэнт не пакіне сам-насам сяльчан, і тое, што шукаюцца варыянты па паляпшэнні сітуацыі, выдзяляецца новая тэхніка, пацвярджае гэта”. Наколькі задаволены абслугоўваннем вяскоўцы, мы вырашылі пераканацца самі, напрасіўшыся ў адзін з чацвяргоў у рэйс да Віктара Анатольевіча Мынчынскага – самага вопытнага вадзіцеля-прадаўца, чыё імя сёлета занесена на Дошку гонару філіяла.
Густы паўтысячы “родных”
“Віцюша, тры малачка, у бутэльцы пераважна. А калі не хапае на іншыя вёскі, то можна менш”, – прасіла Таццяна Станіславаўна Шуневіч з Храмёнкаў. Неабходнасці ў эканоміі ў гэты дзень не было, і Віктар Анатольевіч падаў два пакеты і бутэльку – у апошніх большы тэрмін захоўвання, аб чым выдатна ведаюць бабулі. Але ўразіла нават не дасведчанасць пакупніц, а чуласць да прадаўца і такіх як і самі вяскоўцаў. Што, калі некаму не хопіць, ды і яму тлумач, чаму мала прывёз.
Літаральна ва ўсіх вёсках “малочкі” бяруць многа з разлікам на жыўнасць. Каровак не стала, а катоў па-ранейшаму шмат: некаторыя трымаюць і па восем. Таму самым хадавымі таварамі з’яўляюцца яшчэ ліверная каўбаса і танны корм. У наяўнасці быў супавы набор ад “Ганны”, але В.Мынчынскі патлумачыў, што вяскоўцы маюць на ўвазе здрабнёныя косці па рублю з хвосцікам.
Па Ушацкім раёне – 19 маршрутаў аўтакрам, па Полацкім – 21, іх працягласць адпаведна да 120 і 200 кіламетраў.
Наогул паразуменне паміж прадаўцом і пакупнікамі такое, што дзівішся. Калі Таццяна Браніславаўна Зімніцкая з Новага Жыцця папрасіла малака, ён адразу працягнуў тры пакеты, а жанчына на маё маўклівае пытанне-позірк адказала, што Віценька выдатна ведае, колькі яна звычайна бярэ. Наогул, аб’ехаўшы ў гэты дзень па ўсіх вызначаных 11 вёсках, нідзе не пачула нават імя па бацьку вадзіцеля-прадаўца. Усе называлі яго Віця, Віцюша, сынок. Былі і такія лаканічныя заказы: “Хлеб – наш”, і хоць на стэлажах ляжалі боханы выключна ўшацкага філіяла, прадавец ведаў, што пакупніку з Мірнага падаць трэба менавіта “цагліну”. А вельмі часта, павесіўшы на кручок адну ручку торбы ці пакета, ля акенца раздавалася: “Як заўсёды!”. І напаўняліся яны кефірам, тварагом, смятанай, батонамі, пляцёнкамі і іншай здобай. Літаральна ўсе адыходзілі ад аўтакрамы добра загружаныя, таму, каб данесці сумкі, бабулі карысталіся спецыяльнымі, на калёсіках, ці з імі былі сацыяльныя работнікі.

“Мы ж без цябе прападзём”
“Вы з рэдакцыі? Як добра! Мы даўно збіраліся пісаць, каб пахваліць нашага вадзіцеля”, – узрадавалася старэйшая жыхарка Старынкі Вялікадолецкага сельсавета Антаніна Іванаўна Падворная – Заказы выканае, цяжкое да дому падвязе, нават таблеткі ў аптэцы купіць, калі папросіш. Нам жа за імі складана дабрацца”. Далучыліся да яе і іншыя жыхары. “Гэта наша агульнае меркаванне. “Мяне ён увогуле выручае. За нашай вёскай па яго маршруце Заазер’е, дзе таксама жывуць падапечныя, дык заўсёды падвозіць. Хоць у адзін бок, а колькі часу эканоміцца”, – дадае сацыяльны работнік Тамара Мікалаеўна Хадан. Аб тым, што Віктар Анатольевіч не адмовіць нікому ў просьбе, пераканалася і ў час нашага падарожжа. Па гравійцы ішла жанчына з ношай. “Трэба падвезці, Але да Ветча яшчэ, а ўжо столькі прайшла”. Так, ён таксама ведае жыхароў па імёнах, знае, дзе хто працуе, каго варта пачакаць ля аўтакрамы, а хто ў гэты дзень не прыйдзе. А пад’язджаючы да нешматлюдных вёсак, калі на прыпынку яшчэ няма жыхароў, падае сігнал. Здалёк чуе машыну і таропіць Тамару і Віктара Галіноўскіх з Антунова іх аўчарка Герда. Дарэчы, ад вадзіцеля атрымлівае ласунак – зрэзаны абветраны слой каўбасы. Вадзіцель-прадавец В.Мынчынскі мае двайную спецыяльнасць і, адпаведна, ведае не толькі ўстройства машыны, але і правілы гандлю, агульныя і для аўтакрамы, і для супермаркету.
Задаволеная рэакцыя на прэсу ў Храмёнках і Новым Жыцці. “Гэта зараз, калі на зіму іншых жыхароў няма, ён да майго дома падымаецца, а раней ніжэй станавіўся і падносіў сумкі, такі маладзец”, – казала Марыя Іванаўна Шуневіч. А даведаўшыся, што прадавец ідзе ў водпуск, расстроілася. “Мы ж прападзём без цябе”. Так, заязджаючы на вёску два разы на тыдні некалькі дзясяткаў год, яны сапраўды становяцца роднымі. “Не так даўно падыходзяць маладыя мужчыны, пытаюцца, ці пазнаю. Шчыра адказваю, што не, а яны смяюцца. “Памятаеце, як сына свайго з лодкі здымалі, калі мы пакатацца сабраліся”. А такое сапраўды было. Гадоў 20 таму, пакуль гандляваў, мой малы з мясцовымі хлапчукамі раззнаёміўся і збег”, – з усмешкай прыгадвае Віктар Анатольевіч.

Не горш за магазін
Жыхары Заазер’я раней за прадуктамі хадзілі ў мясцовы магазін, але аб яго закрыцці не сумуюць. І на сяло сходзяць, і ўсё, што патрэбна, набудуць, прычым свежае. У аўтакраме ж абарачальнасць хуткая, ды і адкуль тут нясвежаму брацца, калі тавар загружаецца з колаў на колы. Супавых набораў, ды і курынага бядра, крыла часова не было, масла сметанковага таксама. Таму і бяруць некаторыя па некалькі пачакаў, як запалкі і цыгарэты. Наогул на гэты раз Віктар Анатольевіч нагадвае пакупнікам, пра што маглі забыцца. Каўбаса вараная, вэнджаная, з салам і без, міёрская, глыбоцкая, цукеркі розныя… А вось пра ўшацкі тавар напамінаць не трэба. “Купіла галубцоў, адвару два – і дастаткова. Што ж на адну сябе гатаваць”, – тлумачыць выбар паўфабрыкатаў Валянціна Адамаўна Сыс. Наогул уласная прадукцыя філіяла вельмі выручала ў часы вострага дэфіцыту, бо пельмені, клёцкі ў продажы былі заўсёды. Ну а ў час нашага сумеснага падарожжа пераканалася, што аўтакрамы пры загрузцы сапраўды ў прыярытэце перад магазінамі райцэнтра. Сыркі глазураваныя, плаўленыя, ёгурты, яблыкі, капуста, шчакавіна, свежая выпечка кулінарнага цэха, расольнік ці боршч у шклянках (даспадобы мужчынам). Галодным дакладна не застанешся.
А што аўтакрамы будуць запатрабаваны ва ўсе часы, больш за ўсё пераканалі і здзівілі чэргі на двух прыпынках у Лутаве Сяльцы. Да райцэнтра – пару кіламетраў, ды і пакупнікі не хавалі, што бываюць там часта, але ўсё роўна заўсёды ідуць да магазіна на колах. “Навошта цягаць, калі тут усё свежае, вось смятаннікі начной выпечкі, малочка ў асартыменце”, – набудаваўшы поўную сумку, казала задаволеная Надзея Васільеўна Жыдамірава. Так жа думаў і вясковец з Заазер’я, якому пад заказ да дому прывезлі 4 кілаграмы буракоў. Пераважная большасць жыхароў мае мабільны тэлефон свайго вадзіцеля, чым і карыстаецца.

Сацыяльны дадатак
Не буду сцвярджаць, што літаральна ўсе запыты пакупнікоў мог задаволіць у гэты дзень прадавец. Не было чаю і кавы, селядцоў і маргарыну, лямп, прыправы, рыса, хутка закончылася ліверка. Пакуль не тое, як некалькі гадоў таму, але і не пуста, як мінулым летам. У Ветчы добры асартымент таго дня ўспрынялі як паказны для прэсы і прапаноўвалі перадаць вёскі “Еўраопту” ці іншым сеткавікам, калі зноў будзе недастатковым забеспячэнне. І вельмі здзівіліся, калі пачулі, што такія варыянты разглядаліся, аднак трымаючы ў гарадах супермаркеты, ніхто не жадае намотваць па 200 кіламетраў, каб выручыць пад тысячу рублёў. “Е-дастаўка” не працуе бясплатна нават у межах Мінска, ды і даўно не чутна ў прэсе бадзёрай рэкламы: “Адчынім магазін у населеным пункце ад 400 чалавек”. А ў нас філіял трымае іх ва ўсіх сямі вялікіх (!) (ад 200 да 500 жыхароў) вёсках.
А самыя распаўсюджаныя на раённай карце сярод 254 кропак, а менавіта 153 – “хутаркі”, у якіх пражывае ад 1 да 10 жыхароў, ды яшчэ 59, дзе ад 10 да 50. І ў якія два разы на тыдні абавязкова заязджае аўтамагазін.
Некалі прыбытковыя аўтакрамы зараз прыносяць філіялу страты: сярэднямесячны тавараабарот усяго 22,3-25,5 рублёў. А менавіта на Віцебшчыне самая вялікая колькасць дробных населеных пунктаў і “сацыяльны дадатак” не паляпшае фінансавага становішча ўсяго аблспажыўтаварыства, які перажывае не лепшыя часы, што ў сваю чаргу адбілася і на асартыменце.
Раней бы такія фургоны!
В.Мынчынскі ў кааперацыі з дзевяностых гадоў, таму лепш чым хто можа расказаць пра змены ў працы і нават у быце сяльчан. “Раней бы такія фургоны, як зараз атрымліваем, з дадатковымі вітрынамі, маразільнікамі, калі людзей на вёсках у разы больш было. Вось сёння мы ў Старынцы хвілін 12 стаялі, а гадоў 20 таму – мінімум паўгадзіны. У Гарадку летам я наогул затрымліваўся на 1 час 50 хвілін – гэта, напэўна, рэкордны паказчык. Цукерак адных цэлы мех браў – па 40 пачакаў, камбікорму па 60-70 мяшкоў, для яго развозу нават спецыяльную машыну потым сталі пускаць, хлеб не на двух латках, як зараз, а па некалькі ваганетак загружалі. Так рана (заязджалі мы ва Ушачы ў палове пятай вечара), аб’ехаўшы столькі вёсак, мы б па тых часах не вярнуліся, у лепшым выпадку каля апоўначы. Тады ж было больш магазінаў, таму на нашых маршрутах меней прыпынкаў. Мяняюцца ў лепшы бок умовы, толькі вось не заўсёды пасуюцца яны з усімі рэаліямі. Іншы раз на дах машыны даводзіцца падымацца, каб адшукаць сувязь і спрацаваў касавы апарат. Ды і новы фургон, шчыра кажучы, не імкнуся браць, паколькі ён шырэйшы, а пры нашых вузкіх дарогах, кустоўі зімой рызыкуеш завязнуць у снезе. Мы з калегамі страхуем адзін аднаго, просім пачакаць на базе, калі існуе пагроза не прабіцца і давядзецца выцягваць. Неяк на маршруце Загаваліна-Адэліна-Рацькава да ночы вазіўся. Раніцай наша кіраўніцтва выклікала на расчыстку тэхніку, я супакоіўся, еду далей, і раптам павіс: напэўна, лапату вышэй паднялі. А завея: пакуль перад расчышчу, задні мост зноў замяло, да таго ж чаранок лапаты зламаў. Мы ж не па цэнтральных дарогах ездзім, а скарг, калі крый Бог не дабраўся да вёскі, будзе, як не па адной іншай арганізацыі. Шчыра кажучы, не разумею падзелу дарог на службы: у выніку пад’езд да вёскі пачышчаны ці прагрэйдзіраваны, па самой – сумёты і ямы, ці наадварот”, – расказваў пра будні Віктар Анатольевіч.

Купляйце ўшацкае
Што парадавала ў час нашага аб’езду больш за іншае, дык гэта перавага да свайго, ушацкага тавару. І пернікі бралі, і пячэнне, і адразу па некалькі пакетаў кексаў з разынкамі. “На падарунак нявестцы ў Мінск, яна вельмі любіць”, – патлумачыла былы прадавец, жыхарка Пуцілкавіч Ніна Жванская. А яшчэ не пачулі ніводнага наракання на якасць ушацкага хлеба, хоць вяскоўцы ахвотна выказваліся пра ўсе свае нязручнасці. Вось і мандарыны з хурмой прасілі прывезці, а гэта вельмі паказальна – прывыклі, што ва ўшацкай аўтакраме набыць можна ўсё. Спадзяемся, што хутка так і будзе, паколькі ўжо зараз намеціўся яўны зрух у лепшы бок.
Вольга Караленка.