Ашуканцы пачалі “гандляваць” навагоднімі ёлкамі. Прычым, робяць гэта звычайна праз Instagram, дзе ствараюць фэйкавыя старонкі з “унікальнымі” прапановамі, прадаючы “тавар” па зніжаным кошце.
Так, ахвярай аферыстаў стала 37-гадовая жыхарка Віцебска. Жанчына хацела купіць літую елку і ў сацсетцы знайшла прывабную прапанову на старонцы “elkihouse_by”. Ёй паабяцалі, што пры поўнай перадаплаце яна атрымае 50-працэнтную скідку і дастаўку тавару на дом. Віцябчанка пералічыла 345 рублёў на ўказаны рахунак, пасля чаго “прадавец” перастаў выходзіць на сувязь. 51-гадовая ж жыхарка абласнога цэнтра пазбавілася 440 рублёў – вырашыла купіць напалову дзешавейшае навагодняе дрэва.
Перш чым пераводзіць некаму сродкі ці перадаваць аплатныя даныя, задумайцеся: што вядома пра атрымальніка? Пашукайце юрыдычны адрас кампаніі, УНП, даныя пасведчання аб дзяржрэгістрацыі, сканы юрыдычных дакументаў, сертыфікаты адпаведнасці тавараў. Калі ўсяго гэтага на старонцы магазіна ў Instagram няма, а прадавец марудзіць ці адмаўляецца іх высылаць, пакіньце “гандлёвую” пляцоўку. Насцярожыць павінны і зносіны з яе прадстаўніком выключна праз асабістыя паведамленні, “перадаплата”, тавары “толькі пад заказ”, пераводы з карты на карту. Не забудзьцеся папярэдзіць пра такія злачынныя схемы сваіх знаёмых.
Мікалай БАРАТЫНСКІ,
начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС.