Слупок тэрмометру пайшоў на “мінус” – і рыбаловы ўжо збіраюць свае прылады ў прадчуванні любімага занятку. Але варта памятаць, што выходзіць на вадаёмы ў перыяды ўтварэння або разбурэння лядовага пакрыцця, калі таўшчыня лёду менш за 7 сантыметраў, забараняецца!
Неабходна ведаць і тэхніку аказання дапамогі ў выпадку правальвання ў палонку. Каб дапамагчы і не пацярпець самому, прытрымлівайцеся наступных правілаў: працягніце таму, хто трапіў ў ваду, доўгую палку, вяроўку ці іншы падобны прадмет. Калі неабходна наблізіцца да яго, рабіце гэта паўзком, раўнамерна размяркоўваючы вагу цела па паверхні. Каб лягчэй выцягнуць пацярпелага, загадайце яму працаваць нагамі. Калі ж і самі апынуліся ў вадзе, не спрабуйце неадкладна выбрацца на лёд, паколькі ў тым месцы, дзе праваліліся, ён, хутчэй за ўсё, нетрывалы. Ляжце на жывот у позу плыўца, падбярыцеся да краю палонкі, адштурхніцеся нагамі і паспрабуйце грудзьмі выбрацца на лёд, а потым адпаўзіце ці адкаціцеся далей. Прасоўвайцеся да бяспечнага месца, адштурхваючыся рукамі і нагамі.
Трываласць лёду можна вызначыць па яго колеры: блакітны – трывалы, белы – удвая слабейшы, шэры ўказвае на прысутнасць вады ў яго складзе і, як следства, друзласць.
Катацца на каньках варта толькі там, дзе няма хуткай плыні, пры гэтым таўшчыня лёду павінна быць не менш за 25 см. Пераходзіць водныя аб’екты па лядовым пакрыцці на лыжах рэкамендуецца па пракладзенай лыжні з адшпіленым мацаваннем лыж, зняўшы петлі палак з рук. А пры групавым пераходзе варта рухацца на адлегласці не менш за 5 метраў адзін ад аднаго. Рыбаловам забараняецца прабіваць лункі ў лёдзе на адлегласці менш за 1 метр адна ад адной. Пры выхадзе на лёд рыбаловы і іншыя грамадзяне абавязаны надзець выратавальную камізэльку, якая павінна адпавядаць памеру. Таксама рэкамендуецца мець з сабой вяроўку і лядовыя штыры.
Мая ПАЦЭЙКА,
старшыня Ушацкай раённай арганізацыі
таварыства выратавання на водах.