Гэты Дзень выратавальніка – чатырнаццаты ў кар’еры начальніка дзяжурнай змены Андрэя Раманоўскага. І калі мы напярэдадні свята зазірнулі ў пажарную часць №1 г.п.Ушачы, каб напісаць артыкул пра яго, адразу пачулі ад падначаленых байцоў: “Ён дакладна заслугоўвае трапіць на старонкі газеты – старанны, справядлівы і шчыра любіць сваю справу!”
Каб пацвердзіць яго прафесіяналізм, можна прывесці і такі факт: некалькі разоў Андрэй Генадзьевіч удзельнічаў у абласным конкурсе прафмайстэрства сярод начальнікаў дзяжурнай змены і заўсёды ўваходзіў у пяцёрку лепшых. Кіруючы работай і дзеяннямі змены, ён выдатна ведае кожны напрамак, бо сам працаваў і пажарным, і вадзіцелем, і камандзірам аддзялення не толькі ў часці, а і на пастах у Глыбачцы і Двор Пліна. Дарэчы, у прафесію прыйшоў, маючы за плячыма сярэднеспецыяльную і вышэйшую адукацыі па спецыяльнасці “інжынер-механік”. Першым працоўным месцам хлопца было прадпрыемства меліярацыйных сістэм, але праз некаторы час вырашыў стаць выратавальнікам. Прызнаецца, што ні разу не пашкадаваў аб такім выбары, і прыгадвае сваіх настаўнікаў – Уладзіміра Цвяцінскага, Аляксандра Жукава, Канстанціна Галая, Мікалая Шустрова.
Год толькі пачаўся, а менавіта каравулу А.Раманоўскага ўжо двойчы давялося выязджаць на пажары. Нямала самых розных па складанасці іх адбылося за гады службы. “Няпроста было тушыць пажар у Белым, калі гарэў дом з мансардай і складанай планіроўкай, у Слабодцы аднойчы з-за палаў травы загарэлася адразу некалькі пабудоў, а на адзін з нядаўніх выклікаў у Строкты наогул прыехалі, а ні агню, ні дыму практычна нябачна, а ўнутры чалавек ужо загінуў з-за непатушанай цыгарэты. Былі і пазаштатныя сітуацыі, калі, напрыклад, чалавек трапіў у бітумную пастку на тэрыторыі асфальтнага завода і не мог самастойна выбрацца”, – прыгадвае выратавальнік.
Моцны характар дазваляе Андрэю не губляць самавалодання і захоўваць вытрымку ў складаных, а часам і трагічных сітуацыях. У гэтай прафесіі інакш немагчыма, трэба дзейнічаць упэўнена і не даваць волю эмоцыям.
Аднойчы на лінію паступіў званок, які быў адрасаваны медыкам: на беразе рэчкі ў гарпасёлку адзін з адпачываючых сур’ёзна параніў нагу асколкам шкла. Даведаўшыся, што брыгада “хуткай” прыбудзе не адразу, прыняў рашэнне накіравацца да месца, дзе наклаў жгут і аказаў першую дапамогу пацярпеламу. Увогуле, прыгадваючы, як усе прысутныя на беразе ў той дзень разгубіліся, падкрэслівае, што базавыя медыцынскія веды спатрэбяцца ў жыцці кожнаму. Дарэчы, накіроўваючыся з той змены дадому, вырашыў зазірнуць яшчэ раз на рэчку, каб агледзець бераг і пераканацца, што не засталося шкла, аб якое параняцца іншыя. Неабыякавасць – адна з галоўных рыс гэтага супрацоўніка.
“Неяк уначы паступіў сігнал аб пажары ў Заазер’і. Дыспетчар, ведаючы, што ў раёне два населеныя пункты з такой назвай, удакладніў сельсавет. На тым канцы провада прагучала, што Ушацкі, а па прыбыцці ў вёску аказалася, што там усё спакойна, а гарыць дом у Вялікадолецкім. Сігнал перадалі мясцоваму пасту, аднак час быў страчаны і ўрон аказаўся істотным. Таму хацелася б папрасіць ушачан быць больш уважлівымі пры паведамленні аб узгараннях, па магчымасці ўказваць карацейшыя шляхі пад’езду да дому ў той ці іншай вёсцы. Мы спяшаемся як мага хутчэй прыбыць на месца не толькі таму, што такія патрабаванні службы, а і таму, што кожны з нас шчыра хоча дапамагчы”, – зазначае А.Раманоўскі, а заадно развейвае і даўні міф аб тым, што на пажары выратавальнікі прыязджаюць без вады: ЗІЛы, якія раней былі на ўзбраенні, умяшчалі 2,5 тоны, якія ў залежнасці ад падачы расходаваліся ў сярэднім за 6 хвілін. Таму, каб ведаць, дзе хутчэй папоўніць запасы, адразу і гучала пытанне пра ваду. У цяперашні час умяшчальнасць МАЗаў-дзесяцітоннікаў дазваляе без праблем справіцца і з буйным узгараннем.
Пацікавіліся ў начальніка змены, якім чынам выратавальнікі так хутка арыентуюцца падчас выкліку: як запомніць, дзе знаходзяцца ўсе 254 населеныя пункты раёна? “Гэта якраз нескладана. Ёсць карты і навігатары, аднак у асноўным разлічваем на сябе. Напрыклад, я як ураджэнец Царкавішча выдатна ведаю вялікадолецкую зону. Усе глыбачанскія вёскі вывучыў, калі працаваў там на пажарным пасце, гэтак жа і з плінскім наваколлем. Ды і на шляху яшчэ можна зарыентавацца, абмеркаваць між сабой карацейшыя пад’езды. Складаней нават па гарпасёлку: тут вадзіцель і начальнік змены за секунды і лічаныя метры да павароту з часці павінен прыняць рашэнне, у які бок павярнуць, каб не намотваць кругі і не губляць час”, – тлумачыць А.Раманоўскі.
На сутках ніхто не сядзіць у чаканні выкліку, кожная гадзіна распісана – фізічная падрыхтоўка, заняткі, абслугоўванне тэхнікі і абсталявання. І ўсё гэта начальнік змены робіць разам з падначаленымі, паказвае ўласны прыклад. На рахунку Андрэя Генадзьевіча нямала ўзнагарод і ні аднаго спагнання. Жадаем яму і ўсім ушацкім выратавальнікам, каб як мага радзей раздаваліся трывожныя званкі, а прафесіяналізм даводзілася адточваць толькі на вучэннях і конкурсах!
Вольга КАМАРКОВА