Демографические тенденции Ушаччины: от рождения до развода — что изменилось в 2024 году

Общество

Розныя аспекты дэмаграфічнай сітуацыі ў нашым краі цікавяць многіх, таму мы традыцыйна разам з загадчыкам аддзела загса Ушацкага райвыканкама Аляксандры Яўгенаўны Стукалавай прааналізавалі леташнюю статыстыку, каб вылучыць яе асаблівасці і тэндэнцыі.

 

Новае пакаленне

Малышоў, якія нарадзіліся летась на Ушаччыне, было 55 (годам раней – 78): 26 хлопчыкаў і 29 дзяўчынак. Цікава, што сярод іх і адна двойня: у пары з Вяркуд з’явіліся дачушкі Даша і Маша.

Прыемна, што ў раёне павялічваецца колькасць мнагадзетных сямей. Такі статус сваім бацькам летась падарылі 13 дзетак. Былі таксама факты нараджэння чацвёртых – 3, пятага і шостага – па 1. Пераважная ж большасць – 25 – традыцыйна першынцы, а другіх малышоў было 12.

У 80 працэнтах выпадкаў дзеці з’явіліся на свет у поўных сем’ях (у 2023-м гэты паказчык складаў 78,2). 10 разоў нараджэнне рэгістравалася адначасова з устанаўленнем бацькоўства.

У топ-5 самых папулярных імёнаў сярод хлопчыкаў увайшлі Марк, Максім, Міхаіл, Мікіта і Цімафей, а сярод дзяўчынак – Дар’я, Ева, Вікторыя, Ксенія і Паліна. Калі ж называць самыя рэдкія (незвычайныя) імёны, то ў іх ліку акажуцца Самуіл, Глеб Каан (двайное), Леў, Давід, а таксама Адэліна, Каміла, Алівія, Эмілія, Эма.

Што да ўзросту бацькоў, то самымі маладымі сталі 17-гадовая дзяўчына і два 18-гадовыя хлопцы, а ў пашпартах самых старэйшых значыліся лічбы 42 і 47 адпаведна.

Найбольшая колькасць дзяцей – 30 – нарадзілася ў жанчын ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. У 30-40 сталі мамамі 23 прадстаўніцы прыгожай паловы.

Каханню ўсе ўзросты падуладныя

Летась на Ушаччыне было заключана 57 шлюбаў, што адпавядае паказчыку 2023-га. З іх 2 – з іншаземцамі, якія прыехалі ў наш раён з Літвы і Чэхіі, а таксама 1 – з асобай без грамадзянства. У 33 выпадках для аднаго ці абаіх закаханых шлюб быў паўторным, але часцей рашаліся на яго ўсё ж жанчыны – 28 супраць 21 мужчыны. Дзве пары зарэгістравалі адносіны паўторна паміж сабой.

Самым маладым жаніху і нявесце было 18 і 17 адпаведна, а самым дарослым – 66 і 56. Сярэдні ж узрост тых, хто ўступаў у шлюб, склаў 35 гадоў для мужчын і 33 для жанчын – пары ў параўнанні з 2023 годам крыху памаладзелі (тады было 37 і 34).

Асноўную частку шлюбаў традыцыйна складалі пары, у якіх узрост жаніха перавышаў узрост нявесты (самая вялікая розніца – 20 гадоў). Адваротная ж сітуацыя назіралася ў 37 працэнтах выпадкаў – жанчыны былі старэйшыя за сваіх партнёраў ад 1 да 8 гадоў.

Самым актыўным месяцам для вяселляў стаў жнівень (марш Мендэльсона прагучаў 10 разоў), што характэрна для кожнага года. Увогуле незапатрабаваным аказаўся студзень, а вось у маі, які многія лічаць не самым лепшым для стварэння сям’і, было 2 рэгістрацыі шлюбу.

Не заўсёды моцныя саюзы

Непасрэдна ў аддзеле загса скасавана 13 шлюбаў (годам раней – 10), такім чынам, разводаў было ў чатыры разы менш, чым вяселляў. Дарэчы, па даных Белстата, у краіне на кожныя пяць шлюбаў прыпадае тры расставанні сямейных пар, так што наш раён у гэтым плане не на горшых пазіцыях. Дарэчы, самы праблемны перыяд для шлюбу – з 5-га па 9-ты гады сумеснага жыцця, на якія прыходзіцца больш чвэрці разводаў.

У нашым раёне ўзрост самых маладых мужа і жонкі, якія падалі летась заяву на скасаванне шлюбу, склаў 20 і 22 гады адпаведна. А самымі ўзроставымі ўшачанамі, якія вырашылі развесціся, сталі 66-гадовыя мужчына і жанчына.

Самы кароткі шлюб, скасаваны летась у раёне, доўжыўся 4 месяцы і 10 дзён, а самы працяглы – 43 гады, 6 месяцаў і 28 дзён.

* * *

Удакладнім, што прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *