Спасение лебедей: как неравнодушные жители Ушаччины помогают птицам пережить зиму

Общество

Калі рыбаловы радуюцца мінусавой тэмпературы, то вадаплаўным птушкам яна дастаўляе клопаты. У апошнія гады ўсё больш крылатых мяняюць спрадвечныя звычкі і застаюцца зімаваць у Беларусі. А неабыякавыя людзі б’юць трывогу, калі бачаць, як лебедзі сядзяць на лёдзе ці плаваюць у амаль зацягнутых палонках.

Нядаўна ў Глыбоцкім раёне пасля сігналу ад насельніцтва зладзілі цэлую выратавальную аперацыю з удзелам некалькіх службаў – праўда, у яе ходзе высветлілася, што птушкам, якія “ўмерзлі ў лёд”, нічога не пагражае. Паступалі падобныя паведамленні і ўшацкім прыродаахоўнікам. У прыватнасці, пасля трывожнага сігналу з Вяркуд начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.Шук выехаў на мясцовае возера, аднак лебедзі тым часам ужо
паляцелі.

У пацвярджэнне яго слоў можна прывесці свежыя факты. Нядаўна ў Віцебскім раёне прыродаахоўнікі выратавалі лебедзя, у якога вакол крыла і лапы закруціўся кавалак вяроўкі. А на гэтым тыдні птушку, што не можа ўзляцець, прыкмецілі на Матырынскім возеры, дзе якраз праводзілі рэйд супрацоўнікі МНС і таварыства выратавання на водах. Да добрай справы далучыліся арандатар вадаёма Пётр Герасімёнак і ўшацкі рыбалоў Аляксандр Кызыма – хоць гэта было няпроста, лебедзя максімальна акуратна знялі з лёду і транспартавалі ў раённую ветстанцыю.

“У халодны час птушкі стараюцца эканоміць сваю энергію і без патрэбы не рухацца, таму іншы раз складваецца ўражанне, што яны ў бядзе і не могуць самастойна пакінуць палонку, якая вось-вось зацягнецца. Насамрэч гэта не так – здаровыя асобіны пераляцяць на іншы вадаём: вяркудскія, напрыклад, хутчэй за ўсё адправіліся на Дзіву, дзе зараз плавае цэлая армія птушак. Шмат іх на рацэ Ушача, нават у моцныя маразы не замярзае возера ля ГЭС у вёсцы Гомель. Зрэшты, часам птушкам усё ж патрабуецца дапамога – напрыклад, калі яны параненыя ці па іншай прычыне не могуць самі выратавацца, таму кожны сігнал мы правяраем і ўдзячны людзям за неабыякавасць”, – тлумачыць сітуацыю Міхаіл Аляксандравіч.

А праз пару дзён мы праведалі крылатага пацыента. “Знешніх прыкмет траўмаў і пашкоджянняў у птушкі не бачна, вылучылі для яе асобнае памяшканне, уводзім супрацьзапаленчыя, абязбольваючыя прэпараты, будзем назіраць за яе станам, і як толькі ачуняе – вернем у натуральнае асяроддзе”, – патлумачыла нам загадчык дыягнастычнай лабараторыі Вольга Пецкалёва. Лебедзь тым часам паснедаў ячменем і прагульваўся па “палаце” (на здымку), а набліжэнне доктара сустрэў шыпеннем: відаць, не толькі нам уколы не
падабаюцца.

Гэта не першы падобны пацыент, якому дапамагаюць на ветстанцыі: часцей за ўсё прывозяць буслоў, быў калісьці і лебедзь. Як бачна, калі справа датычыцца зберажэння нашага жывёльнага свету, сваю лепту ў гэта гатовы ўнесці і жыхары, і арганізацыі Ушаччыны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *