Ушачане падтрымалі акцыю “Жывая памяць удзячных пакаленняў”. Манеты на будаўніцтва ў Маскве помніка вызваліцелям да 80-годдзя Вялікай Перамогі ў спецыяльную скарбонку ўжо апусцілі старшыні райвыканкама Сяргей Садоўскі і райсавета Наталля Марковіч, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.
Нагадаем, што ідэя фонда вядомага аршанца-паралімпійца Аляксея Талая дзейнічае не адзін год. Першы помнік героям устаноўлены ў Мінску ў 2022 годзе – ён уяўляе сабой прастрэлены трохкутнік, з якога прарастае дрэва. Другі ў 2024-м устанавілі ў Брэсце, трэці з’явіцца на Паклоннай гары ў расійскай сталіцы.
Сэнс праекта – у адзінстве нашых народаў і пакаленняў: памятныя знакі вырабляюцца са сплаваў манет дзяцей, дарослых, ветэранаў. Дарэчы, калі ў першым прыняла ўдзел 130 тысяч чалавек з Беларусі і Расіі, у другім – 500, то сёлета мяркуецца пад 5 мільёнаў, у тым ліку ўжо 17576 – ад суайчыннікаў за мяжой. Яшчэ адна мэта праекта – адказ тым краінам, якія прыніжаюць ролю СССР у перамозе, знішчаюць помнікі савецкім вызваленцам і перапісваюць гісторыю.
Лішкі сплаву заліюцца ў зліткі, на якіх гравіруецца надпіс “9 мая 1945 года”, а таксама радкі з лістоў вызваленцаў. “Мама, не крыўдуй, я пайшла на фронт біць фашыстаў…” ці “Родная, я абавязкова вярнуся!”. Вытрымкі з такіх жа рэальных франтавых лістоў напісаны і на бетонным трохкутніку. Помніка пакуль толькі тры, а вось зліткі з’явяцца ва ўсіх музеях воінскай славы на прасторы Беларусі і Расіі, а таксама дружалюбных
дзяржаў.
Стаць удзельнікамі акцыі могуць усе жадаючыя ўшачане па 26 сакавіка ўключна – скрыні для збору манет размешчаны ў фае райвыканкама, раённым цэнтры культуры, музеі і бібліятэцы.
У праекце ўжо прынялі ўдзел Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Дарэчы, калі манеты (у тым ліку і знятыя з абарачэння) ідуць на пераплаўку, то безнаяўныя сродкі, якія можна пералічыць па QR-коду, – на аплату паслуг па вырабе і ўстаноўцы.
Вольга Караленка.