У кабінеце начальніка Ушацкага РАУС В.С.Карэнскага асобны стол з вялікімі кубкамі, дыпломамі нагадвае сапраўдную “алею славы”. Між тым, такі вынік з’явіўся не проста так. 2024-ы для аддзела быў няпростым (павялічылася колькасць злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх, больш напружана стала на сяле, часцей у міліцэйскіх зводках фігуравалі нецвярозыя), аднак ушацкія праваахоўнікі спрацавалі дастойна.

Палепшылася раскрывальнасць
Летась у раёне зарэгістравана 91 злачынства, што на 15 больш, чым у 2023-м. Увогуле не было разбояў, вымагальніцтваў, згвалтаванняў. Паменела фактаў па лініі наркакантролю (3 супраць 4), у сферы дамашняга насілля (3 супраць 5), а таксама кіберзлачынстваў (8 супраць 10). Дарэчы, паўплывала на апошняе шырокая прафілактычная работа: выступленні ў СМІ, працоўных калектывах, гутаркі ў ходзе адпрацоўкі жылога сектара.
Разам з тым, вырасла колькасць хуліганстваў (з 0 да 3), крадзяжоў (з 23 да 29), угонаў (з 0 да 5), а таксама незаконных дзеянняў у адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (з 6 да 8). Быў таксама адзін факт пагрозы забойствам. Падазроныя па ўсіх цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах былі ўстаноўлены. Палепшылася раскрывальнасць і па іншых.
Трэба падкрэсліць, што палова злодзеяў “выйшлі на справу” ў стане алкагольнага ап’янення, практычна адна трэць – ужо маючы ў біяграфіі судзімасць. Большасць з гэтых грамадзян нідзе не працавалі і не вучыліся. Асабліва неспакойна было ў Кубліцкім, Сарочынскім, Вялікадолецкім і Глыбачэнскім сельсаветах, дзе колькасць злачынстваў павялічылася і склала 9, 11, 5 і 8 адпаведна (у 2023-м – 1, 6, 3, 6).
Прадухіліць карупцыю
Па-ранейшаму рэгіструюцца ў нас эканамічныя правапарушэнні, якія падлягаюць крымінальнаму пакаранню – летась іх было 5 (годам раней – 2), прычым два з іх адносіліся да карупцыйных, адно – цяжкіх карупцыйных.
Пераступілі мяжу закону ў нашым раёне 3 іншаземцы. Адно злачынства здзейсніў непаўналетні (у 2023-м такіх фактаў было 4).
Па лініі дзейнасці наркакантролю да крымінальнай адказнасці прыцягнуты тры чалавекі, усе – за незаконны абарот наркотыкаў. Разам з тым фактаў збыту такога зелля не выяўлена, як і ў папярэднія некалькі гадоў.
У лячэбна-працоўныя прафілакторыі летась накіравана 20 жыхароў раёна (годам раней – 18), 10 з якіх мелі судзімасць. 9 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, у іх канфіскавана 102 літра самагону, брагі, іншай спіртаўтрымліваючай прадукцыі, 4 самагонныя апараты. Такія ж праблемы з законам, толькі па іншым артыкуле, зарабілі 15 чалавек, якія вырошчвалі на ўчастках мак.
Надзейныя кадры
На пасяджэннях калегій УУС і МУС нямала ўвагі надавалася ацэнцы кадравага забеспячэння падраздзяленняў органаў унутраных спраў. В.С.Карэнскі падкрэсліў, што калектыў раённага аддзела – гэта ўдалы сплаў маладосці і вопыту, у сваіх жа работніках ён як кіраўнік цэніць найперш адданасць службе і міліцэйскаму абавязку, сумленнасць і справядлівасць.
∇ “Абласныя і рэспубліканскія прызы – сумесны вынік кожнага з нас. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калег, а таксама ветэранаў органаў унутраных спраў Ушаччыны з надыходзячым Днём міліцыі, пажадаць моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і плённай дзейнасці на карысць радзімы, – кажа Віталь Станіслававіч. – Між тым, паспяховыя паказчыкі і высокія ўзнагароды – не падстава расслабляцца. Наперадзе, як звычайна, напружаная работа, у якой галоўным прыярытэтам застанецца забеспячэнне на тэрыторыі раёна спакою і бяспекі грамадзян”.
Па лініі крымінальнага вышуку летась на Ушаччыне зарэгістравана 56 злачынстваў, што на 13 больш, чым годам раней. “Аб’ектамі цікавасці” выкрадальнікаў часта станавіліся прадукты харчавання (9 выпадкаў), металічныя вырабы (6), інструменты (5) і электрапрыборы (3).
Кожны дзень – непрадказальны
Многія лічаць сваю работу аднатыпнай. Супрацоўнікі ж аддзялення крымінальнага вышуку пра такое могуць толькі марыць. Калі вярнуцца дамоў атрымалася раней за 7-8 гадзін вечара, абышлося без шматлікіх выездаў, праверак падазроных месцаў і грамадзян, значыць пашанцавала.
– Над цяжкімі злачынствамі працуем калегіяльна, – тлумачыць начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС М.В.Баратынскі. – Па гарачых слядах шукаем сведак, выстройваем камбінацыі, аналізуем… Дапамагае веданне мясцовых жыхароў, іх звычак, схільнасці да розных учынкаў. Сярод нядаўніх рэзанансных спраў – прычынне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якое пацягнула смерць чалавека, у вёсцы Касары. Адразу пасля паступлення ў аператыўна-дзяжурную службу сігналу, а было гэта ноччу, прыбылі на месца. Каб зарыентавацца, скласці спіс тых, з кім мог кантактаваць пацярпелы, і вызначыць падазраваемага, хапіла і паўгадзіны.
Большая ж частка матэрыялаў, што знаходзіцца на праверцы, мае бытавую аснову: хтосьці “правёў рэвізію” ў закінутым вясковым доме, нехта “зрабіў ногі” веласіпеду, пакінутаму ў пад’ездзе… Менавіта крадзяжы былі і застаюцца ў лідарах крымінальнага рэйтынгу ў нашым раёне. Летась іх было 29, прычым некаторыя мелі прыкметы серыйнасці. Так, напрыклад, жыхар Угрынак “засвяціўся” тройчы – нахабна залазіў у суседскія дамы і цягнуў усё, што можна. Праўда, з незаконным багажом аднойчы трапіў на вочы аднавяскоўкі, якая і патэлефанавала ў міліцыю. Злодзей быў затрыманы па гарачых слядах, усплылі і яго ранейшыя “заслугі”.
Па словах аператыўнікаў, працэс устанаўлення вінаватых асоб іншы раз ускладняецца тым, што звесткі па злачынствах паступаюць вельмі позна. Так, у 2024-м палачанін паведаміў пра знікненне дрэваапрацоўчага станка з яго дачы ў вёсцы Павулле, дзе не быў ажно два гады, таму не змог назваць нават прыблізны час прапажы. Справа дагэтуль застаецца ў “распрацоўцы”.
Паспяваюць ушацкія сышчыкі і па накірунку дзейнасці наркакантролю працаваць, і з кіберзлачыннасцю змагацца. Пры гэтым па многіх паказчыках не першы год яны ўтрымліваюць самыя высокія пазіцыі. Так, летась узровень раскрыцця злачынстваў склаў 92,9 працэнта (сярэднеабласны паказчык – 82,7), а па цяжкіх і асабліва цяжкіх фактах, а таксама на тэрыторыі Кубліцкага, Сарочынскага, Глыбачэнскага і Жарскага сельсаветаў – 100.
Аўтарытэт сярод насельніцтва М.Баратынскі лічыць адным з важнейшых паказчыкаў у службе. А ўтрымаць яго можна толькі дзякуючы прафесіяналізму, кампетэнтнасці, зладжанасці. І калектыў аддзялення крымінальнага вышуку адпавядае гэтым якасцям. Пад кіраўніцтвам Мікалая Віктаравіча, які мае за плячыма вопыт работы ў групе па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, крымінальна-выканаўчай інспекцыі, разблытваннем злачынных галаваломак зараз займаюцца старшы оперупаўнаважаны Мікалай Храпавіцкі і оперупаўнаважаны Сяргей Рамашэўскі. Прыгадваючы службовыя дасягненні 2024-га, варта назваць таксама Сяргея Герцыка, якога нядаўна праводзілі на заслужаны адпачынак.
Стрэсамі, фізічнымі нагрузкамі, маральным напружаннем аператыўнікаў не напужаць – справа, якой займаюцца, стала не проста прывычнай, але і любімай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.