Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук завяршаюць работу над праектам пятай рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі, якая выйдзе ў тыраж ужо сёлета. Нагадаем, што выданне абнаўляецца раз у 10 год.
У гэты раз яго дапоўняць больш за паўтысячы відаў рэдкіх і знікаючых раслін і жывёл. Але будуць і тыя, чый статус панізіцца – напрыклад, за апошнія гады павялічыліся папуляцыі мядзведзя і рысі.
Нагадаем, што ў нашай краіне дзейнічае Дзяржпраграма па ахове навакольнага асяроддзя, штогод выдзяляюцца немалыя сродкі на захаванне біялагічнай разнастайнасці і аднаўленне колькасці рэдкіх відаў флоры і фауны. Навукоўцы пастаянна вядуць іх маніторынг, у выніку якога летась пад ахову перададзены каля 500 месцаў пражывання і росту чырванакніжных жывёл і раслін.
Знайшліся такія і на тэрыторыі нашага раёна. Так, пры праектаванні лясной дарогі былі выяўлены месцы, дзе жыве рэдкі мятлік тарфянікавая жаўтушка, расце прастрэл раскрыты (сон-трава) і чына гладкая. Навуковыя супрацоўнікі аформілі адпаведныя пашпарты і накіравалі ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Рашэннем райвыканкама, узгодненым з Дзяржінспекцыяй аховы прыроднага і расліннага свету пры Прэзідэнце, участкі ляснога фонду плошчай 39,3 га былі перададзены пад ахову Ушацкаму лясгасу.
Дарогу ж спраектавалі такім чынам, каб яна не шкодзіла рэдкім відам.
Усяго ва Ушацкім раёне выяўлена і перададзена пад ахову 34 месцы росту і 5 – пражывання чырванакніжных раслін і жывёл.
Міхаіл ШУК,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя.