Са спортам на Ушаччыне сябруюць вельмі многія, а ўмовы для заняткаў у нас проста выдатныя. У райцэнтры, напэўна, няма ніводнага школьніка, які б не пабываў у басейне, і калі бацькі нам расказваюць, што раней яны маглі плаваць толькі летам, у гэта нават не верыцца. Нам стала цікава, які спартыўны занятак самы папулярны ў наведвальнікаў комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Аказалася, што апроч ужо прыгаданага басейна вялікім попытам карыстаецца трэнажорная зала, і мы вырашылі даведацца, хто і з якімі мэтамі туды ходзіць.

Трэба сказаць, што асобныя з нас займаюцца на аддзяленні лёгкай атлетыкі і тут ужо бывалі, але для іншых візіт у трэнажорку аказаўся першым. Правесці экскурсію і расказаць пра розныя нюансы пагадзіўся інструктар Дзмітрый Яўгенавіч Раманоўскі. Дарэчы, наша зала – адна з лепшых не толькі ў вобласці, а і ў краіне – пра гэта кажуць і прафесійныя спартсмены, што трэніруюцца тут у час збораў. Яе плошча складае 315 квадратных метраў, тут маецца некалькі дзясяткаў трэнажораў для розных груп мышцаў, вялікі набор гантэляў, прычым база перыядычна папаўняецца.

…У зале было даволі мнагалюдна. У асноўным тут займаліся юнакі – у тым ліку старшакласнікі нашай школы. Мы пагутарылі з Арцёмам Кучаронкам і Кірылам Шахам і даведаліся, што яны пачалі хадзіць сюды паўгода таму, каб стаць больш моцнымі і фізічна развітымі. Трэніруюцца ў асноўным на сілавых трэнажорах і ўжо дасягнулі некаторых вынікаў. Так, калі толькі пачыналі заняткі, рабілі жым штангі лежачы адзін 50, а другі 30 кілаграмаў, а за гэты час павялічылі вагу да 70-60.

Як патлумачыў нам трэнер, падлеткам рэгулярныя трэніроўкі на сілавых трэнажорах пажадана пачынаць, калі ўжо нармальна сфарміраваліся косткі і стабілізаваўся гарманальны фон, бо інакш можна нанесці арганізму шкоду. А вось займацца на бегавых дарожках, велатрэнажорах, трэніраваць расцяжку і прэс можна і дзецям, і пажылым, канечне, калі стан здароўя дазваляе. Дзмітрый Яўгенавіч паказаў нам, як устанавіць на іх мінімальную нагрузку.
А яшчэ аказалася, што ў трэнажорку ходзяць не толькі мужчыны. Мы пазнаёміліся са старшакласніцай Васілісай Арцюх і яе маці Святланай Уладзіміраўнай. Дзяўчына паведаміла, што трэніруецца тут ужо два гады, а пазней і маму гэтым зацікавіла (звычайна наадварот бывае: дарослыя дзяцей стараюцца чымсьці карысным захапіць). Такім чынам атрымаўся сямейны спартыўны дуэт, у якога нават ёсць уласная праграма па самаўдасканаленні, што складаецца з наступных этапаў:
• Як бы банальна гэта ні гучала, але неад’емная частка здаровага ладу жыцця – гэта сон 8-9 гадзін.
• Не менш важна – правільна харчавацца, інакш трэніроўкі будуць марнымі.
• Лепш, каб заняткі былі рэгулярнымі: нельга казаць, маўляў, сёння нешта няма настрою, давай нікуды не пойдзем.
• Для кожнага трэба падабраць асобны набор практыкаванняў і выконваць іх з добрым настроем.
⯀ Пагутарыўшы з наведвальнікамі, мы прыйшлі да высновы, што здаровым і фізічна развітым быць зараз модна ў любым узросце!
Ну а пасля размінкі ў трэнажорцы работнікі спарткомплексу прыгатавалі нам бонус – трэніроўку, якую правёў інструктар па скалалажанні Валерый Уладзіміравіч Корань. Двое з нас ужо мелі вопыт у гэтым відзе спорту, астатнія ж сабраліся пакараць скаладром упершыню. Як аказалася, узрост тут асаблівага значэння не мае, у адрозненне ад вагі, спрыту і смеласці. А яшчэ ўздым заўсёды пачынаецца з пытання: “Страхоўка гатова?” – бяспека перш за ўсё! Вельмі важна адчуваць і маральную падтрымку: калі сябры крычаць табе: “Давай, ты зможаш!” – з’яўляюцца дадатковыя сілы. Амаль кожны з нас дабраўся да вяршыні ці да таго ўзроўню, на які быў здольны. Відавочна, што гэта самы захапляльны від спорту, якім можна пазаймацца на нашым цудоўным комплексе. А вопытны Валерый Уладзіміравіч можа абучыць літаральна кожнага!

У час падрыхтоўкі гэтага артыкула мы атрымалі столькі ўражанняў! Шчыра дзякуем усім, хто нам у гэтым дапамагаў, і заклікаем чытачоў газеты часцей прыходзіць на “Юнацтва-Ушачы” за сілай, бадзёрасцю і добрым настроем!
Яна, Назар і Аня САКАЛОВЫ, Арцём РЭВЕНКА,
Злата КЛІМАШЭЎСКАЯ,
Ксенія ДУКМАСАВА.