Залішне казаць, наколькі важным складнікам эфектыўнай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца забеспячэнне ўмелымі работнікамі.
Гэтую задачу вырашае ў тым ліку і Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ушацкага райсельгасхарча.

Так, перад стартам сёлетняга палявога сезона тут выпусцілі групу перападрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “D”, якія цяпер змогуць сесці за руль энерганасычанай тэхнікі. Заканчваюць праграму і навучэнцы, што будуць кіраваць трактарамі з рухавікамі магутнасцю да 80 кілават (катэгорыя “С”).
– Група на “D” стала першай пасля ўвядзення новых правілаў па навучанні, – расказвае дырэктар Цэнтра Дзмітрый Дрозд. – Раней мы давалі толькі тэарэтычныя веды асноў кіравання, а практычныя навыкі трактарысты атрымлівалі ўжо непасрэдна ў гаспадарках. Зараз жа механізатары асвойваюць у нас і ваджэнне. Відавочна, што каб прайсці адпаведную сертыфікацыю, трэба было мець тэхніку, прычапное і навясное абсталяванне, лабараторыю па ўстройстве сельгасмашын. Што датычыцца апошняй, то яе давялося дааснасціць – зараз у нас ёсць не толькі асобныя вузлы і агрэгаты, а і ўвесь трактар “у разрэзе”. Для абучэння ваджэнню арандуем энерганасычаны МТЗ у адной з гаспадарак. А вось зернеўборачны камбайн КЗС-1218 у нас свой: даставілі яго на базу цэнтра з “Вялікадолецкага” і нямала папрацавалі, каб аднавіць адзінку і прывесці яе ў належны стан. Якраз зараз набіраем групу перападрыхтоўкі на катэгорыю “F”, каб да пачатку корманарыхтоўкі і жніва абучыць новыя кадры для кіравання самаходнымі сельгасмашынамі.

Трэба сказаць, што ў нашай установе навучаюцца не толькі ўшачане, а і механізатары з Полацкага, Лепельскага, іншых раёнаў – такім чынам яе можна лічыць рэгіянальным цэнтрам падрыхтоўкі аграрных кадраў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.