Подработка на лето: в Ушачах прошла молодежная ярмарка вакансий

Образование и молодежь

Зала пасяджэнняў Ушацкага райвыканкама ў чацвер стала месцам прыцягнення для моладзі. Тут праходзіў кірмаш вакансій. На сустрэчу з прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна прыходзілі старшакласнікі. Усіх іх аб’яднала агульная мэта – знайсці падпрацоўку.

“Кішэнныя грошы ніколі не лішнія, а аддаць за лета тыдзень-другі, каб іх зарабіць, не лічу праблемай”, – кажа Вікторыя Праннік. Дзяўчына адразу падыходзіць да століка БРСМ, каб запісацца ў студэнцкі атрад. Паводле яе слоў, летась таксама не сядзела без справы: займалася праполкай іглічных у пітомніку лясгаса – за 15 дзён зарабіла 320 рублёў. “І мяне запішыце, хачу грошы на новы мабільны тэлефон сабраць, – падключылася Вольга Цімафеева. – Мінулым летам у двух атрадах – ад “Сафійскіх дароў” і камунальнай гаспадаркі – працавала”.

Студатрады фарміруюцца па розных напрамках: лясным, сельскагаспадарчым, сэрвісным… “Акрамя варыянтаў працаўладкавання прапануем моладзі і ўдзел у цікавых мерапрыемствах, акцыях”, – удакладняе першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель.

Дарэчы, чакаюць юнакоў і дзяўчат у многіх арганізацыях Ушаччыны. На кірмашы прысутнічалі прадстаўнікі 11-ці, якія прэзентавалі 94 свабодныя месцы для непаўналетніх. Так, падсобных рабочых з ліку школьнікаў ад 14 гадоў гатовы прыняць у ААТ “Ільюшынскі”, кухонных рабочых – у санаторыі “Лясныя азёры”. 60 навучэнцаў змогуць праявіць сябе на добраўпарадкаванні тэрыторыі, рамонце памяшканняў ва ўсіх школах Ушаччыны, на відавой праполцы – у “Сафійскіх дарах”, праполцы і паліве кветнікаў – ва УП ЖКГ. Цэнтр дзяцей і моладзі запрашае на работу ў аздараўленчы лагер “Азёрны”, што ў Арэхаўне, лясгас – у пітомнік.

“Сённяшні кірмаш вакансій аказаўся даволі масавым і прадукцыйным, – зазначыла начальнік аддзела садзейнічання занятасці Аляксандра Жыцянёва. – На мерапрыемства завіталі звыш 50 навучэнцаў, 37 з якіх дамовіліся з наймальнікамі аб працаўладкаванні.

Непаўналетнім не абысціся без медыцынскага агляду, юнакам і дзяўчатам ва ўзросце 14-15 гадоў спатрэбіцца таксама пісьмовая згода аднаго з бацькоў. Пры гэтым задзейнічаць іх можна максімум 1 гадзіну 18 хвілін за дзень у перыяд навучання або 4 гадзіны 36 хвілін у канікулярны час. З 16-гадовага ж узросту працягласць работы павялічваецца да 3,5 і 7 гадзін адпаведна.

Што датычыцца аплаты працы навучэнцаў, то яна ажыццяўляецца за фактычна адпрацаваны час і выкананую работу, вынікаючы з памеру мінімальнай зарплаты ў краіне (на сённяшні дзень – 726 руб.). Так, за 1 гадзіну 14-15-гадовы работнік можа атрымаць 7 руб. 57 кап., а 16-17-гадовы – 4 руб. 96 кап. Гэта амаль 35 рублёў за дзень.

У райкаме БРСМ (будынак КБА, 3 паверх) і ў раённай службе занятасці (райвыканкам, кабінеты №49 і 50) чакаюць усіх, хто хоча частку летніх канікул правесці за карыснай справай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *