Школа экономии

Калейдоскоп

Бывае, даводзіцца чуць прэтэнзіі людзей да нашай камунальнай службы. Напрыклад – што, часам, недастаткова гарачыя трубы, мала цяпла ў кватэрах зімой. І наконт платы за выкарыстанне вады ўзнікаюць у людзей пытанні. А між тым, калі пачынаеш разбірацца, то аказваецца, што падлікі нашай бухгалтэрыі правільныя. Проста чалавек не ўмее эканоміць. Як гэта рабіць? А вось так.
Згодна складзенаму балансу страт цеплавой энергіі ў доме, 25 працэнтаў яе губляецца праз вокны.
Змяніць сітуацыю можна, калі ўцяпліць дзвярныя і аконныя праёмы спецыяльным матэрыялам, заклеіць аконныя рамы паперай ці ліпкай стужкай. І яшчэ пажадана закрыць вентыляцыйныя адтуліны ў кухні, ванным пакоі і прыбіральні шчыльнай паперай або картонам. Эканомныя гаспадыні ў асенне-зімовы перыяд выкарыстоўваюць для штор шчыльныя тканіны, закрываюць імі на ноч вокны і балконныя дзверы, але так, каб яны не перашкаджалі цыркуляцыі цяпла. Цяпер пра форткі і вокны. Можна назіраць, што дзе-небудзь яны прыадчынены для праветрывання. Але ж пры гэтым адбываецца страта некалькіх градусаў цяпла. Праветрываць памяшканне лепш часцей, але толькі на працягу некалькіх мінут і пры шырока адчыненым вакне ці фортцы.
З ранейшых часоў засталася ў нашых людзей і абыякавасць пры карыстанні водаправодам. Пэўна, многія заўважалі, што калі героі замежных фільмаў чысцяць зубы, яны карыстаюцца налітай у стакан вадой. Мы ж, відаць, такія багатыя, што дазваляем сабе марна ліць ваду з адчыненага крана, а за мінуту яе выцякае 12-20 літраў. А колькі вады губляецца пры неберажлівым мыцці посуду! Можна ж рабіць гэта не пад струменем, а ў ракавіне, закрыўшы адтуліну пробкай, або ў тазіку з дабаўленнем мыючага сродка.
Падлічана, што 10 капель вады ў мінуту з няспраўнага крана – гэта страта 2000 літраў пітной вады ў год.
Трэба паклапаціцца аб тым, каб у доме заўсёды была запасная гумавая пракладка, якую няцяжка замяніць самастойна, або звярнуўшыся ў камунгас. А яшчэ існуюць спецыяльныя водазберагаючыя душавыя галоўкі, якія дазваляць эканоміць да 50 працэнтаў вады, не мяняючы пры гэтым эфектыўнасці выкарыстання душа. Такім жа будзе эфект устаноўкі водазберагаючых насадак на краны ў кухні і ваннай.
С.ЖУРАЎЛЁЎ, галоўны інжынер УП ЖКГ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *