Председатель Ушачского райисполкома Сергей Садовский встретился с жителями агрогородка Глыбочка

Общество

Старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскі сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Глыбачка. Спектр пытанняў, якія былі абмеркаваны, аказаўся разнапланавым. Паколькі на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі розных службаў раёна, то адразу даваліся разгорнутыя тлумачэнні, а праблемныя моманты ўзяты на кантроль і дадзены даручэнні па іх ухіленні.

Асноўнай і самай хвалюючай тэмай, якую хацелі абмеркаваць з кіраўніком раёна жыхары аграгарадка, прадказальна была ліквідацыя КУСГП “Глыбачаны”. Не толькі работнікі, а і ў цэлым многія вяскоўцы балюча ўспрынялі такое рашэнне. А далося яно між тым няпроста. Канечне, кіраўніцтву раёна хацелася захаваць некалі паспяховае прадпрыемства, але ў апошнія гады фінансава няўстойлівая гаспадарка не магла нават закрываць свой фонд аплаты працы, у выніку як снежны ком нарошчваліся вялікія даўгі перад малочным камбінатам, а выплачваць зарплату даводзілася і з раённага бюджэту, забіраючы сродкі, запланаваныя на сацыяльную сферу, добраўпарадкаванне і іншыя праекты. Пры гэтым дысцыпліна і адносіны да працоўных абавязкаў у многіх работнікаў сельгаспрадпрыемства, мякка кажучы, знаходзіліся на нізкім узроўні. З улікам вялікай аддаленасці нелагічным і немагчымым было б далучэнне “Глыбачан” да іншых гаспадарак раёна.

Што будзе з ворыўнымі землямі і дзе працаваць людзям? На гэтае пытанне Сяргей Сяргеевіч даў грунтоўны адказ, бо яшчэ да ліквідацыі ўсе гэтыя моманты прапрацоўваліся на розных узроўнях. Так, частка палеткаў перададзена сельгаспрадпрыемству “Палімір-агра” суседняга раёна: апрацоўваць тэрыторыі збоку Павулля, Апанаскавіч полацкія аграрыі пад яравую сяўбу пачнуць вясной. Акрамя гэтага, названая гаспадарка гатова ўзяць некалькі глыбачанскіх жывёлагадоўчых памяшканняў для ўтрымання свайго пагалоўя. Зразумела, што для работы як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі патрэбны будуць мясцовыя кадры.

Паступова развіваецца і ўшацкае прадпрыемства “Сарочына-агра”, што спецыялізуецца на вырошчванні свіней. Колькасць пагалоўя расце, а для забеспячэння яго кармамі таксама патрэбны землі для вырошчвання кукурузы, зерня, рапсу. Частка іх ужо перададзена сарочынцам, адпаведна ім таксама патрэбны будуць механізатары, паляводы, спецыялісты. Разглядаецца і пытанне рэалізацыі ў будучым інвестпраекта па будаўніцтве камбікормавага завода “Сарочына-агра”, адзін з варыянтаў – зрабіць гэта на глыбачанскіх землях. Дарэчы, на сустрэчы прысутнічаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Сенчанка, які падкрэсліў, што ўжо зараз жадаючыя могуць працаўладкавацца на комплекс: хапае работы як на мадэрнізацыі вытворчасці, так і на вырошчванні свіней. Калі няма вопыту, навічкоў гатовы ўсяму абучыць на месцы, а пытанне падвозу ці аплаты праезду таксама вырашаць станоўча. Адзіная строгая ўмова – забарона на ўтрыманне на ўласным падворку парсюкоў з мэтай прафілактыкі афрыканскай чумы свіней. Пры гэтым прадпрыемства забяспечвае сваіх работнікаў мясам па льготнай цане.

Трэба адзначыць, што яшчэ перад пачаткам ліквідацыі кіраўніцтвам райсельгасхарча і гаспадаркі з кожным работнікам “Глыбачан” прапрацоўваліся пытанні працаўладкавання ў іншыя арганізацыі – лясніцтва, участак ЖКГ, гаспадаркі раёна. На сустрэчы ж усім прысутным нагадалі і аб магчымасці атрымання беспрацоўнымі бязвыплатнай субсідыі на адкрыццё сваёй справы.

Для гэтага трэба зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, падрыхтаваць па выбраным відзе дзейнасці бізнэс-план і падаць заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама. Дарэчы, сёлета пашыраны пералік атрымальнікаў субсідыі, а разлічваць на яе могуць не толькі тыя, хто планаваў адкрыць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, зарэгістравацца як ІП ці рамеснікі, а і так званыя самазанятыя.

Напэўна, ніводная сустрэча кіраўніка раёна не абыходзіцца без пытанняў, якія датычацца дарожнага абслугоўвання. Так, вяскоўцы зноў пыталіся, ці зробяць аўтобусны прыпынак на вуліцы Паўднёвай. Абсталяваны ён будзе ў наступным годзе падчас асфальтавання дарогі – аб’ект ужо ўнесены ў адпаведныя планы.

“Абяцанні, якія я вам даваў наконт дарог, планамерна выконваюцца, – зазначыў Сяргей Сяргеевіч. – Асфальтаванне па аграгарадку, у Павуллі, праезд да Дубраўкі праз Краснае, да Прудка ў бок Полацкага раёна. Усё гэта для больш камфортнага вашага перамяшчэння і паляпшэння інфраструктуры з мэтай турыстычнай прыцягальнасці краю. Многія не проста прыязджаюць адпачыць на берагах азёр вяркудска-глыбачанскай зоны, а і ўсё больш цікавяцца набыццём тут зямельных участкаў”.

Некалькі пытанняў датычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Несвоечасовы абкос тэрыторый вёсак сельсавета быў звязаны з тым, што тэхніка камунальнікаў разам з замацаванымі за ёй кадрамі адцягвалася на дапамогу аграрыям – пасеяць і ўбраць хлеб – задача першачарговая.

Яшчэ адна крытыка на ЖКГ датычылася збояў графіка ў вывазе смецця. Здараецца такое па аб’ектыўных прычынах і ў іншых населеных пунктах раёна: смеццявозы маюць высокі працэнт зношанасці і часта выходзяць са строю, а на рамонт патрэбны не толькі фінансы, а і час. Кіраўніцтва прадпрыемства і раёна ведае праблему і працуе над яе вырашэннем – у пачатку наступнага года парк ЖКГ павінен папоўніцца новай тэхнікай. Прагучала таксама пытанне наконт рамонту дома па вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку – камунальнікам даручана высветліць сітуацыю і пры неабходнасці разгледзець магчымасць выпраўлення непаладак.

Было нараканне наконт няўстойлівай сувязі Белтэлекама – перыядычна “завісае” інтэрнэт і тэлебачанне “Zala”. Імгненна замяніць усюды звычайныя лініі на оптавалаконныя немагчыма – гэта работа праводзіцца па раёне паступова. Пакуль жа з прычынамі перабояў даручана разабрацца ўчастку электрасувязі.
Абмеркавалі таксама жыхары Глыбачкі з кіраўніцтвам раёна тэму гандлёвага абслугоўвання. Асартымент магазінаў і аўтакрам спажыўкааперацыі, канечне, не параўнаць з прапановамі буйных гандлёвых сетак, але асноўныя тавары маюцца, сітуацыя апошнім часам паляпшаецца.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *