Гэтыя снежаньскія дні напоўнены перадсвяточнымі клопатамі. З жаданнем парадаваць да навагодніх святаў сябе і блізкіх тэматычнымі падарункамі мы бегаем па магазінах у пошуку чагосьці асаблівага, цікавага, душэўнага. І найлепшы варыянт у гэтым плане – аўтарскія сувеніры ад таленавітых ушацкіх майстроў. Раскажам, дзе можна іх набыць.
Навагодні настрой у паліклініцы Ушацкай ЦРБ у гэтую сераду стваралі не толькі святочныя дэкарацыі ў фае на першым паверсе. Тэматычную выставу-продаж сувенірнай прадукцыі прэзентавалі ля рэгістратуры супрацоўнікі Дома рамёстваў.
Вырабы з дрэва і саломкі, тканіны і атласных стужак, упрыгожанні для дома ў выглядзе ёлак і званочкаў, соў і сімвалу 2026 года – канёў… Кропка ўшацкіх майстроў сабрала нямала зацікаўленых медыкаў і пацыентаў.
– Найбольшым попытам карыстаюцца сёння магніты з выявай скакуноў, –расказала дырэктар Дома рамёстваў Святлана Качан. – Непасрэдна ж у нашай установе, дзе выбар сувеніраў яшчэ большы, разыходзяцца вясёлыя брошкі з сінтэпону і фетру. Вырабляем іх у тым ліку па індывідуальным заказе – каб пад канкрэтнае адзенне падыходзілі. Запрашаем усіх і на нашу тэматычную фотазону.
Раім землякам наведаць музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе да 10 студзеня 2026-га будзе працаваць навагодні кірмаш рамёстваў “Ствараем прастору чараўніцтва”. Упэўнены: колькасць і разнапланавасць прэзентаванага вас уразяць.
Вышыванкі, тэкстыльныя лялькі, выцінанкі – усё гэта зможаце знайсці на пляцоўках майстроў творчай студыі “Адраджэнне” Святланы Гарыслаўка, Марыны Герцык і Ксеніі Гардзіёнак. Саламяныя вырабы каляднай тэматыкі, карціны і ўнікальныя панно з прыродных матэрыялаў – справа рук народнай умеліцы Ганны Бабянок. На акварэльных партрэтах ад Галіны Талстой пазнаюцца многія нашы землякі. Шмат цікавага падрыхтавалі спецыялісты Дома рамёстваў, работнікі і наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН. Ёлачныя цацкі з фаамірану прэзентавалі вучні Глыбачанскай школы. Кубкі, сурвэткі, мяккія цацкі і нават вязаныя жаночыя сумкі ручной работы перадаў беларускі мастак і дызайнер Ігар Ермакоў.
Усё пералічанае можна набыць. Пакуль жа вызначаецеся з выбарам, не прамініце прадстаўленыя ў выставачнай зале фотазоны. На адной – этнаграфічнай – зможаце акунуцца ў атмасферу калядных святаў: апрануць касцюмы валачобнікаў, прымерыць маскі ці пасядзець за сталом у імправізаванай сялянскай хаце. На другой жа – вельмі арыгінальнай – “трапіць у кадр” з вялізным плюшавым мядзведзем-матацыклістам.
Пра мінулае нагадваюць і рарытэтныя ёлачныя цацкі, для якіх у музеі адведзена асобная пляцоўка. Выстаўлены і крэатыўныя ёлкі, якія працоўныя калектывы раёна выраблялі ў рамках леташняга навагодняга конкурсу.
Наведвальнікаў у музеі чакаюць у будныя дні (акрамя панядзелка) з 9.00 да 19.00, у суботу-нядзелю – да 17.00. Зараз па адным білеце будзе магчымасць пабываць адразу на дзвюх выставах: акрамя прыгаданай – яшчэ і ад беларускіх мастакоў, фотамастакоў, адкрыццё якой праходзіць сёння ў рамках арт-фестывалю “Лёд і ліра”.
Сувенірная лаўка з’явілася днямі ў раённай бібліятэцы імя Е.Лось.
Акцэнт тут зроблены найперш на прэзентацыю вырабаў навагодняй тэматыкі: кружкі і закладкі для кніг са святочнымі выявамі, віншавальныя паштоўкі, календары на 2026 год – рознага памеру і кошту, з вялікімі лічбамі. У якасці падарунка можна набыць таксама шопер ці, скажам, дыванок для камп’ютарнай мышкі. Прымаюцца і заказы з індывідуальным дызайнам, пры гэтым практычна ўсё вырабляецца ў той жа дзень, максімум – на наступны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ


