Калі вы аддаяце перавагу жывым навагоднім дрэўцам, то гэтая інфармацыя для вас. Па ўсёй краіне на гэтым тыдні пачынаюць працаваць елачныя кірмашы. Што прапануюць ушачанам і па якім кошце, дзе набыць галоўны атрыбут свята нам расказалі ва Ушацкім лясгасе.
Рэалізацыя навагодніх дрэўцаў пачнецца ў суботу, 20 снежня, і працягнецца па 31-га ўключна. На звыклым месцы – цэнтральнай плошчы гарпасёлка з 10 да 19 гадзін. Цэны залежаць ад вышыні дрэва: елка або сасна да метра будзе каштаваць 10,80, ад 1 да 2 метраў – 13 рублёў, ад 2 да 3 – 19,50, ад 3 да 4 – 28,20. Па традыцыі прапануе лясгас і навагоднія букеты з іглічных галінак коштам ад 4,10 да 4,60 рублёў у залежнасці ад наяўнасці шышак, букеты на падстаўцы – 5,60 – 6,10. Будуць на кірмашы і еўрапейскія елкі ў кадках вышынёй да метра, вырашчаныя ў лесапітомніку. Цана на такое дрэўца – 14,58. Набыць навагодні атрыбут па прыгаданых цэнах можна і ва ўсіх лясніцтвах у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін.
Паклапаціўся лясгас і пра тых, хто, як у легендарным савецкім кінафільме 31 снежня з сябрамі ходзіць у лазню: на плошчы таксама будуць прадавацца бярозавыя венікі.
Абавязкова захоўвайце на шляху дадому дакумент (чэк, квітанцыю), каб пацвердзіць законнасць набыцця навагодняга тавару. За высечку або пашкоджанне дрэў прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь (для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 200), а таксама пакрыццё шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. З 15 снежня дзяржлесахова перайшла на ўзмоцнены рэжым работы, рэйды па выяўленні незаконных высечак напярэдадні навагодніх святаў праводзяцца рэгулярна, на тэрыторыі ўсіх лясніцтваў працуюць фотапасткі.
Елку ў кадцы не трэба адразу несці ў дом і ўпрыгожваць, некалькі дзён яна павінна пастаяць у халаднаватым месцы і адаптавацца. У доме варта паставіць лясную прыгажуню далей ад батарэй, а паколькі хвоі любяць вільготнае паветра, перыядычна трэба паліваць і апырскваць ёлку. Хвойнае дрэва не можа стаць пакаёвай раслінай, таму пасля святаў яго трэба будзе перанесці на балкон, падвал ці гараж, а з надыходам вясны высадзіць у адкрыты грунт.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА

