Праводзіць у апошнія дні года сустрэчу з чытачамі – добрая традыцыя “Патрыёта”. І ў гэты раз, пераўвасобіўшыся ў навагодніх персанажаў, мы прайшліся па цэнтральнай вуліцы Ушач, каб прывітаць нашых падпісчыкаў і пачуць іх меркаванні пра “раёнку”.
“Я заўсёды з “Патрыётам”: па службовых справах у нас плённыя стасункі, ды і як увогуле можна абысціся без крыніцы мясцовых навін?”, – прызналася нам ушачанка Ганна Хамёнак.
Даўнім сябрам газеты лічыць сябе і актывістка раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Пятніца (на здымку) – карыстаючыся выпадкам, жанчына папрасіла павіншаваць з надыходзячымі святамі ўсіх землякоў. “А мы зусім нядаўна з вамі бачыліся: вы да нас дамоў прыязджалі, каб артыкул напісаць!” – узрадавалася сустрэчы школьніца Маша Сіротка.
Так, узроставы дыяпазон сяброў “раёнкі” – самы шырокі, чаму мы бязмежна рады. Чытаюць ушацкія навіны не толькі жыхары рэгіёну: мы маем каля 18 тысяч падпісчыкаў у нашых сацсетках – і гэтая лічба кожны месяц павялічваецца.
Ды ўсё ж асабліва мы ўдзячны тым, хто па-ранейшаму выбірае друкаваную версію. Нагадваем, што сярод чытачоў, якія аформілі падпіску на першы квартал ці паўгоддзе, будзе праведзены розыгрыш прызоў. І калі хтосьці яшчэ не паспеў паведаміць нам пра жаданне ў ім удзельнічаць, у вас яшчэ ёсць для гэтага колькі часу – патэлефануйце ці зазірніце ў рэдакцыю да Каляд.
Мы ж і надалей пастараемся апраўдваць ваш давер, а ў 2026-м годзе будзем расказваць пра ўсё самае цікавае і парадуем новымі праектамі. Шчыра віншуем усіх з Новым годам і Калядамі! Шчасця, дабрабыту і толькі добрых навін!
Патрыётаўцы.

