Договор на вывоз мусора — обязателен

Общество

Тэму заключэння дагавораў з камунгасам на вываз смецця мы аналізавалі неаднойчы, але яна не губляе актуальнасці.

– Ужо не першы год разам з прадстаўнікамі сельвыканкамаў мы праводзім тлумачальную работу, угаворваем людзей утылізоўваць адходы па правілах. Зараз практычна ў кожнай вёсцы раёна або стаяць кантэйнеры, або за смеццем па графіку прыязджае трактар, – зазначае майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Ганна Талалуева. – Аднак некаторыя вяскоўцы мяркуюць, што дагавор на яго вываз цягне залішнія траты, бо ўсё можна выкінуць у бліжэйшыя кусты, а дачнікі сцвярджаюць, што прыязджаюць у вёску нячаста, скрынямі не карыстаюцца, бо адходы забіраюць з сабой. Ёсць вёскі, дзе стаяць прыгожыя катэджы, а іх гаспадары ўпарта не жадаюць развітацца з некалькімі рублямі (зараз тарыф на аднаго чалавека – 3.16). У сувязі з гэтым хачу нагадаць, што адпаведна заканадаўству, калі ў населеным пункце ёсць кантэйнер ці смецце забірае трактар, уладальнікі дамоў павінны ўносіць плату (нават калі ў жыллі ніхто не зарэгістраваны) – і тое, што яны лічаць гэтую паслугу непатрэбнай, нічога не мяняе: скрыня стаіць – значыць, ёю можна скарыстацца. А ў

Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь (арт.415) прапісана, што калі адзін з бакоў ухіляецца ад заключэння абавязковага для яго дагавору, другі (у дадзеным выпадку – камунгас) можа звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб прымусовым заключэнні. Пры гэтым паняцці “адсутнасць адходаў” і “ў мяне смецця няма” заканадаўствам не замацаваны – усе фізічныя і юрыдычныя асобы з’яўляюцца яго стваральнікамі.

Калі хочаце заключыць дагавор на паслугу па вывазе смецця, тэлефануйце на нумар 8-033-6124524.

Тых жа, хто выкідвае яго “пад куст”, могуць прыцягнуць да адказнасці эколагі. “На фізічную асобу накладаецца штраф да 30 базавых велічынь, а яшчэ вылічваецца памер нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды за кожны метр забруджанай адходамі плошчы, – тлумачыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук. – І такія факты ў нашым раёне фіксіруюцца: не так даўно, напрыклад, за несанкцыянаваны сметнік быў аштрафаваны жыхар Слабады”.

У скрыні можна выкідваць толькі цвёрдыя камунальныя адходы! Нельга змяшчаць у іх старую мэблю, будматэрыялы, рэшткі старых парнікоў – гэта прыводзіць да паломкі абсталявання! Буйнагабарытнае смецце лепш пакінуць збоку на пляцоўцы (работнікі вывезуць яго на трактары), а зрэзанае сучча з захаваннем супрацьпажарных правілаў спаліць на ўчастку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *