
Спелыя жытнія ўчасткі ля Арэхаўна сваім выглядам красамоўна падказвалі, што камбайны “Сафійскіх дароў” з’явяцца тут літаральна з дня на дзень
– і мы падпільнавалі гэты момант: прыімчалі якраз у той час, калі звяно хлебаробаў рыхтавалася распачаць працоўную змену на мясцовых палях.
Блішчэла яркай фарбай у ранішніх сонечных промнях новенькае “Палессе”, ключы ад якога Юрый Юркевіч атрымаў на нядаўніх “Зажынках”. Пакуль малацілі азімы ячмень і рапс, паспеў ацаніць вартасці мадэлі, у якой канструктары ўдала спалучылі правераныя часам тэхналогіі і апошнія тэхнічныя распрацоўкі. Побач застыў на стартавай пазіцыі ўжо правераны ў справе гомсельмашаўскі камбайн Валерыя Башуна. Ідэальна ўпісваўся ў залатую палявую палітру ярка-жоўты “Нью-Холанд”, на якім апошнія наладкі рабіў Артур Карабань.
“Сафійскія дары” традыцыйна маюць самы вялікі ў раёне клін зерневых і зернебабовых – 2213 гектараў. На ўчарашнюю раніцу тут было ўбрана каля 16 працэнтаў збожжавых палеткаў, намалочана 762 тоны зерня. Усяго гаспадаркі раёна паклалі ў засекі 2107 тон збожжа, змалаціўшы 17,4 працэнта палеткаў.

Тым часам дырэктар сельгаспрадпрыемства Гурамі Буркенадзэ, завяршыўшы інструктаж работнікаў, прыветліва нам усміхнуўся: “Вы якраз удала прыехалі! Сфатаграфуйце хлопцаў, пакуль яны ў кабіны не селі, і вось гэтага юнага памочніка – нашага будучага інжынера – таксама ў кадр вазьміце!” Такім чынам Гурамі Гівіевіч прадставіў нам 12-гадовага Максіма Юркевіча – сына перадавога камбайнера, які ўпрасіў тату ўзяць яго з сабой у поле, а “інжынерскія” прагнозы грунтаваліся на тым, што хлопчык ужо зараз не горш за іншых дарослых ведае асноўныя вузлы і агрэгаты тэхнікі. У гэты дзень яму нават фірменную сафійскую футболку выдалі! “Кагосьці з механізатараў “распранулі”? – пажартавалі мы. І пачулі аптымістычны адказ: “Не! Спецыяльна дадатковыя заказалі – для патэнцыяльных навічкоў гаспадаркі”.
Прыўзняты настрой быў і ў адвозчыкаў, якія разам са сваімі МАЗамі прыбылі на дапамогу нашым аграрыям з прадпрыемстваў абласнога цэнтра. Дарожнік Юрый Дзіканаў, які працуе ў ДБУ-45, у жніве ўдзельнічае ўпершыню. Прызнаўся, што крыху хвалюецца, аднак за рулём грузавіка ён не адзін год, так што дакладна не падвядзе. Тым часам вадзіцель Віцебскага домабудаўнічага камбіната Кірыл Васільеў дапамагаў Артуру Карабаню падкручваць дэталі жняяркі – шафёрскае братэрства наладжваецца вельмі хутка!
…Камбайнеры завялі рухавікі – і ў бункеры пасыпалася збожжа. Марудзіць нельга – на такі спрыяльны дзень і планы адпаведныя!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
