Скоро в школу: сравнили цены на школьные принадлежности в магазинах Ушач

Главное Образование и молодежь

Змесціва школьнага ранца сёлета пацягне ў сярэднім на 80-110 рублёў. Пры гэтым самыя танныя сшыткі можна набыць у магазіне “Белбланк”, скарыстацца вялікай колькасцю акцыйных прапаноў – у “Тры цаны”, а ва “Усё за капейку”, на рынку – і без іх падабраць недарагія варыянты… Да такіх высноў прыйшлі падчас нашага нядаўняга “школьнага рэйду” па гандлёвых кропках райцэнтра. Спадзяёмся, вучням і бацькам будзе цікава даведацца, дзе ва Ушачах выгадней закупіцца канцылярскімі прыладамі.

Адразу трэба сказаць: на паліцах – надзвычай шырокі асартымент такога тавару. Ёсць нават глобусы з падсветкай, амаль прафесійныя наборы для чарчэння і ядомы пластылін для самых маленькіх.

“Белбланк”: Калі хочаце набыць усё ў адным месцы – вам дакладна сюды! З улікам таго, што пакупнікоў тут даволі многа, асартымент пастаянна абнаўляецца. У жніўні запланаваны адразу тры завозы – 10, 17 і 27 чысла. Радуе і кошт на многія тавары. Зараз, напрыклад, простыя 12-аркушавыя сшыткі тут можна набыць усяго за 18 капеек, паўагульныя – за 88, агульныя – 1.44 рубля, “цвёрдыя” дзённікі – 4.30. Вокладкі – таксама на любы густ: 3.00 за 10 штук ці гатовыя наборы ад 4.90 да 11.75 у залежнасці ад класа. Кошт на каляровыя алоўкі вагаецца ад 1.06 да 7.70, фламастары – ад 4.00 да 9.00, пластылін – ад 3.40 да 6.20, акварэльныя фарбы – ад 2.20 да 5.64, гуаш – ад 5.25 да 7.15 – усё залежыць ад колькасці, вытворцы, якасці тавару. Адрозніваецца цэннік таксама на пеналы ды ранцы: просты тубус з лінейкай абыдзецца ў 95 капеек, а стыльны “мяккі” варыянт з некалькімі аддзяленнямі – ужо ў 15.45 рубля; мінулагодні партфель для дзяўчынкі-малодшакласніцы – 22.85, а стыльны варыянт з артапедычнай спінкай для дарослага вучня – 80.90.

“Тры цаны”: Зацікавіць тут павінны перш за ўсё акцыі на сшыткі. Так, калі да 13 верасня купіце дзесяць простых 12-аркушавых (кожная – па 19 кап), адзінаццатую зможаце ўзяць усяго за 1 капейку. Паўагульныя абыдуцца ў 0.93 рубля, а пры наяўнасці карты магазіна – у 0.85 (дарэчы, актуальна гэта і для многага іншага). Кошт агульных – ад 1.85 да 1.99 руб. Вокладкі рэалізуюцца па 10 штук: 4.02 – для падручнікаў, 2.19 – для сшыткаў. Карыстаюцца попытам і наборы з ручкамі ад 1.90 за шарыкавыя да 3.90 за гелевыя. Кошт на каляровыя алоўкі вагаецца ад 3.10 да 5.88, фламастары – ад 3.50 да 8.50, пластылін – ад 3.90 да 8.90, каляровая папера – ад 1.05 да 1.39, кардон – ад 2.23 да 2.71. Дарэчы, на многія тавары ў магазіне прадугледжана акцыя “Тры па цане двух”, што выгадна для “запаслівых” сямей і тых, дзе падрастаюць некалькі школьнікаў.

“Усё за капейку”: У будынак па Фрунзэ ісці за канцылярскімі таварамі зараз не трэба: з 1 жніўня гандлёвая кропка спыніла сваю работу. А вось у запатрабаванай ва ўшачан, размешчанай на другім паверсе аўтастанцыі, выбар цяпер яшчэ большы. Самымі таннымі тут аказаліся дзённікі з мяккай вокладкай – 4.20 рубля (са шчыльнай – 5.50), а таксама каляровая папера – 0.52. Кошт на 12-аркушавыя сшыткі тут не мяняецца ўжо каторы год і складае 21 капейку. Паўагульныя можна набыць за 0.95 руб, агульныя – 1.52. Прыемны цэннік таксама на пластылін – 3.98, каляровыя алоўкі – 1.50, фламастары – 2.00, акварэльныя фарбы – 2.67. Вокладкі на падручнікі, што зручна, рэалізуюцца адразу трыма варыянтамі: наборам з 10 штук – за 2 ці 4 рублі ў залежнасці ад шчыльнасці, паштучна за 30 капеек ці наборам у залежнасці ад класа.

Рынак: Асартымент тут таксама нядрэнны, але трэба быць пільнымі: прапануюцца як даволі танныя варыянты, так і адны з самых дарагіх. Так, напрыклад, 12-аркушавыя сшыткі можна набыць ад 19 да 25 капеек за штуку – пры адным вытворцы “лінейка” чамусьці аказалася даражэйшай за “клетку”. Вялікая разбежка і ў кошце на вокладкі – ад 30 да 75 кап (самыя дарагія – на падручнікі, крыху менш – 65 – на дзённік). Каляровыя алоўкі прапануюцца ад 2.70 да 3.75 рубля, фламастары – ад 3.65 да 7.00, паўагульныя і агульныя сшыткі – за 1.30 і 2.20 адпаведна, акварэльныя фарбы – 3.85, гуаш – 9.00, пластылін – ад 2.65 да 9.70.
* * *

Тавары школьнага асартыменту прадстаўлены і ў іншых гандлёвых кропках, напрыклад, у “Санце”, “Капеечцы”, “Еўраопце”. Удалых усім пакупак!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: юныя пакупніцы ў магазіне “Белбланк”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *