Терапевтический парк для отдыха появился на территории ТЦСОН Ушачского района

Общество

Не просты парк, а тэрапеўтычны. Арыгінальная пляцоўка для адпачынку пажылых грамадзян, інвалідаў з’явілася ў Градзянцы. Пра стварэнне для сваіх падапечных ды ўсіх землякоў камфортных умоў для сустрэч і прагулак, заняткаў спортам, прафілактыкі хвароб і паляпшэння агульнага самаадчування на свежым паветры паклапаціліся ў ТЦСАН Ушацкага раёна.

Работы па ўладкаванні парка пачаліся ў 2025 годзе. Сёлета ж распрацоўка цэнтра прыняла ўдзел у абласным конкурсе праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, аказалася ў ліку лепшых і атрымала неабходнае фінансаванне. Агульны яго аб’ём склаў звыш 18 тысяч рублёў, з якіх адна тысяча сабрана ініцыятыўнай групай, дзве выдзелены раённым аддзяленнем партыі “Белая Русь”.

– Колькі ўсяго было зроблена за гэты час, нават цяжка пералічыць, – кажа дырэктар ТЦСАН Кацярына Васільеўна Коршун. – На першым этапе праводзілася выдаленне аварыйных дрэў, выкарчоўка пнёў, дэмантаж старога асфальтавага пакрыцця. Неабходна было выраўняць тэрыторыю, завезці ўрадлівы грунт, засеяць газон, закласці сад. Значную падтрымку аказалі лясгас і філіял ДРБУ-105. Дзякуючы намаганням нашых супрацоўнікаў, вясной перад будынкам сацустановы з’явілася прыгожая альпійская горка.
Прыгаданы праект распрацаваны з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб правах інвалідаў, а таксама ў рамках Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030”, якая зараз рэалізуецца ў краіне.

Гульня ў петанк.

Дзякуючы спонсарам, на тэрыторыі сацустановы з’явіліся высокія градкі, другая цяпліца для заняткаў працатэрапіяй, малыя архітэктурныя формы, садовая мэбля, пераносная печ з казаном. Майстар па дрэве з Мінска вырабіў выдатныя кашпо ў выглядзе акенцаў, якія ўпрыгожылі гаспадарчую пабудову, а ўшацкія выратавальнікі падарылі арэлі, зробленыя спецыяльна для цэнтра.

На сённяшні дзень у аддзяленні ТЦСАН залічана каля 200 чалавек з ліку інвалідаў, пажылых грамадзян. Гэта жыхары г.п.Ушачы, бліжэйшых населеных пунктаў – для іх у Градзянец ажыццяўляецца падвоз.

Атрыманае за перамогу ў конкурсе фінансаванне дазволіла прадоўжыць запланаваныя работы. У зоне адпачынку былі размешчаны драўляная альтанка, арыгінальная кастровая зона з паўкруглай лавачкай і крэсламі Кентукі, садовыя арэлі. У зоне вулічных актыўнасцяў з’явіліся пляцоўкі для гульні ў петанк (штосьці сярэдняе паміж боўлінгам, кёрлінгам і більярдам), снукбол (більярд нагамі), сталы для гульні ў шашкі і шахматы. Закуплены мячы, гульнявыя наборы, дэкаратыўныя кашпо.

Усе работы па добраўпарадкаванні парка ажыццяўляюцца сіламі супрацоўнікаў цэнтра і валанцёраў. Імі высаджана некалькі соцень пладовых дрэў, дэкаратыўных раслін і кветак, набытых за ўласныя сродкі ці прынесеных з дому.

Ацаніць у тэрапеўтычным парку дакладна ёсць што, у чым упэўніліся падчас нядаўняга візіту ў ТЦСАН. Літаральна на кожным кроку адбывалася штосьці цікавае: наведвальнікі аддзяленняў гулялі, спявалі, займаліся спортам… Між тым, у ТЦСАН ужо рыхтуюцца да рэалізацыі другога этапу праекта. Так што магчымасцяў цікава, з карысцю правесці вольны час у нашых землякоў дакладна пабольшае. Не выключана, што гэтая ўнікальная пляцоўка ў перспектыве стане таксама месцам правядзення злётаў валанцёраў срэбранага ўзросту, міжраённых спаборніцтваў па настольных гульнях і парадуе не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх гасцей Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *