Мікалая Леанідавіча Фядосенку ведаюць многія ўшачане, бо ў нашым раёне ён правёў усё працоўнае жыццё, паспрыяў узвядзенню многіх будаўнічых і меліярацыйных аб’ектаў. Не сядзіць без справы і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, сведчаннем чаму – яго дачны ўчастак у Праніках, на якім мы днямі знялі ролік для TikTok-канала газеты. За некалькі дзён відэа набрала больш за 250 тысяч праглядаў, а гаспадар крэатыўнага падворка атрымаў сотні кампліментаў у каментарыях. А паколькі многія падпісчыкі пыталіся пра нюансы стварэння дэкаратыўных элементаў сядзібы, прыйшлося нам зняць і дадатковы ролік.
Што ж прыцягнула такую ўвагу да падворка? Найперш арыгінальныя кампазіцыі, вырабленыя з каляровых накрывак ад пластыкавых бутэлек. Зрэшты, пра гэтае творчае захапленне Мікалая Леанідавіча мы расказвалі ў газеце сем год таму ў праекце “Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны” – і зараз можна канстатаваць, што арыгінальная дарожка з другаснай сыравіны аказалася трывалай. Але гэта і нядзіўна, бо паклаў яе прафесійны інжынер на аснову з пластоў пяску і гравію, цэментнага раствору, хіба што з цягам часу асобныя фрагменты давялося падфарбаваць. Не менш карпатлівай была і работа над пано: кожную накрыўку з арнаменту трэба было прыбіць цвічком на лісты фанеры. Да слова, сыравіну для кампазіцый майстар збіраў некалькі год, затое пластык пайшоў не на сметнік, а ў годную справу.
- Са старых накрывак пасля перапрацоўкі можна зрабіць новыя вёдры і тазы, кантэйнеры, шлангі, сістэмы ізаляцыі і шмат чаго іншага.
Цікавыя рэчы гаспадар вырабляе не толькі з пластыку. У яго шмат кампазіцый з каменю – напрыклад, складзеная ў двары арыгінальная печка. Няспынна вядзе Мікалай Леанідавіч і работу па азеляненні – прычым, добраўпарадкоўвае не толькі свае соткі, а і прылеглую тэрыторыю. Дачны ўчастак іх сям’я атрымала 37 год таму, і за гэты час тут было высаджана 150 дрэў 12 парод. “Бачыце, якая ў нас бярозавая алея незвычайная? Калі будаваў дрывотнік, зрабіў гэта такім чынам, што ствалы аказаліся ўнутры. А вось тыя каштаны ўнук Мікіта садзіў, калі яму было ўсяго тры годзікі. Днямі ж ён з армейскай службы вярнуўся – вельмі хутка жыццё бяжыць”, – правёў нас мужчына па сваіх уладаннях. Паказаў маляўнічы бераг ракі з усталяванай на ім лавачкай, вуллі з пчоламі, самаробныя кошыкі – не так даўно асвоіў лозапляценне. Ён – з тых людзей, якія пастаянна спрабуюць штосьці новае. Шчыры працаўнік і сапраўдны гаспадар сваёй зямлі.
- У Беларусі на працягу сямі год рэалізоўваўся дабрачынны праект, падчас якога валанцёры збіралі накрыўкі і прадавалі на перапрацоўчыя заводы. За гэты час было нарыхтавана 180 тон сыравіны і атрымана каля 50 тысяч рублёў, якія накіравалі на дапамогу выхаванцам дзіцячых дамоў і прытулкаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Отличное видео! Действительно, есть чему поучиться у человека. А чему учит, так называемый гарыныч? Как правильно пить и закусывать?