Трэцяя частка кукурузы ў раёне была пасеяна сёлета на зерне, каб узбагаціць кармавы стол жывёлы каштоўным пратэінам. Ураджайнасць каралевы палёў склала ў сярэднім 84 цэнтнеры з гектара.
Мы ж пабывалі на завяршальным этапе абмалоту ў “Сафійскіх дарах” – спецыяльная жняярка была замацавана за самым прадукцыйным камбайнам Нью-Холанд, якім не першы сезон кіраваў Артур Карабань (на здымку).
Калі высокі механізатар выскачыў з кабіны – шчыльная сцяна сцёблаў схавала яго постаць – што і казаць, на ўчастку за Завячэллем ураджайнасць была добрай. Тым не менш Артур кажа, што ўбіраў сёлета і лепшыя плошчы, дзе бункер напаўняўся за адзін праход. Так, гаспадарка з круга атрымала 65 цэнтнераў – найлепшы вынік за апошнія гады, а ўсе 924 тоны ідуць на плюшчэнне і закладку ў поліэтыленавыя рукавы, каб потым аздобіць кансервамі рацыён і зрабіць яго збалансаваным па бялку, якога недастае ў травяністых кармах.
Ці лічыцца лістапад аптымальным месяцам для ўборкі? Многія, гледзячы на пажухлыя сцёблы, мяркуюць, што пазнавата. Аказваецца – зусім не. А.Карабань пацвярджае, што заўсёды ўбірае кукурузу на зерне ў лістападзе, і паказвае на закрытыя пачаткі: “Ёсць дзе-нідзе і аголеныя, аднак і ў такім выпадку яны не сыплюцца ад ветру ці датыкання – не рапс, для якога крытычна нават мінімальная затрымка ў тэрмінах”.

Больш таго, каб размеркаваць нагрузку на тэхніку, сёлета ўсе палеткі на зерне спецыяльна засеяны гатункамі з сярэдняпознімі тэрмінамі выспявання.
“Гібрыд “Палескі”, як і кожны на зерне, мае асаблівасці вырошчвання. Садзіць лепш па зябліве, а не па ўзаранай вясной землі, варта паклапаціцца аб спрыяльных папярэдніках, якімі з’яўляюцца як сама кукуруза, так і бабовыя травы, вельмі важна, каб было багата ўнесена арганікі”, – расказвае намеснік начальніка райсельгасхарча Станіслаў Лісічонак. – Усё гэта і зроблена “Сафійскімі дарамі”.
Царыцу палёў на зерне ўбіралі новымі спецыяльнымі “кукурузнымі жняяркамі”, якія набыты ва ўсе гаспадаркі раёна. Сцёблы адразу здрабняюцца і будуць заараны, што паляпшае ўрадлівасць палеткаў. А кансервацыя наладжана непасрэдна на комплексах
гаспадарак.
“Перавагі нарыхтоўкі зерня на плюшчэнне відавочныя. Яго не трэба сушыць, што, па-першае, захоўвае больш каштоўных рэчываў, якія губляюцца пры апрацоўцы высокімі тэмпературамі, па-другое, эканоміць сродкі гаспадарак, – тлумачыць начальнік райсельгасхарча Яўген Троцкі. – У плёнцы кукуруза і захоўваецца лепш, да таго ж пры плюшчэнні павышаюцца харчовыя якасці пратэінавага і вугляводнага комплексаў, корм становіцца лёгказасваяльным. Ён карысны маладняку і асабліва малочнаму статку, бо не толькі павялічвае надой, але і паляпшае якасць малака па тлушчы і бялку. І самае важнае – гэта ўласныя кансервы, а не дарагі куплёны камбікорм”.
На добрую ўраджайнасць кукурузы на зерне паўплываў участак “Дабея” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, у якога і плошчы пад культуру займалі ажно 745 гектараў, і ўраджайнасць склала 97 цэнтнераў. Гэта пацвярджае, што пры строгай захаванасці тэхналогіі і на ўшацкіх землях можна расціць выдатнае зерне. Дарэчы, 65 цн “Сафійскіх дароў” – таксама вельмі добры вынік: такая ўраджайнасць значыцца эталоннай пры апісанні характарыстык многіх сартоў. Акрамя таго, каралева палёў з’яўляецца даволі капрызнай культурай, для выспявання зерня патрабуе шмат сонца, цяпла, чым не можа пахваліцца сёлетні год.
Вольга Караленка.

