Працяглых выхадных і тым больш адпускоў Аляксандра Коршун сабе не дазваляе. Канечне, часам хочацца куды-небудзь з’ездзіць, змяніць абстаноўку – але ж як пакінуць зямлячак без патрэбных паслуг? Карэкцыя броваў, нарошчванне веек, прычоскі, макіяж – у сферы прыгажосці ўшачанка працуе ўжо дзесяць гадоў. Была візажыстам-стылістам у салоне “Сілуэт”, аформіла самазанятасць, а калі ў 2022-м дадаткова адвучылася на майстра перманентнага макіяжу, стала індывідуальным прадпрымальнікам.
Заходзім у студыю прыгажосці Аляксандры, што па вуліцы Фрунзэ, 19. У светлым, з густам аформленым памяшканні па-дамашняму камфортна: тут і мяккая канапа для працяглых працэдур, і сучасная кава-машына – каб частаваць духмяным напоем кліентак. У жанчыны, якая завітала на мадэліраванне броваў, атрымліваем дазвол папрысутнічаць, размяшчаемся непадалёк і з цікавасцю назіраем за ходам працэдуры. У руках А.Коршун па чарзе з’яўляюцца то пінцэт, то расплаўлены воск, то розныя кістачкі ды фіксатары. Працэс – скрупулёзны, ювелірны, аднак ужо хвілін праз 15-20 яе кліентка задаволена разглядае сябе ў люстэрку.
Вольга Палякова, пенсіянерка: “Да Аляксандры спецыяльна прыязджаю з Жар не першы год, каб прычоску зрабіць, бровы ў парадак прывесці. Заўсёды зараджаюся ад Сашы добрым настроем”.
Свае першыя ўрокі па макіяжы наша гераіня праходзіла яшчэ ў маленстве. Прыхапіўшы ў старэйшых сясцёр касметыку, хавалася пад сталом і наводзіла сабе “прыгажосць”. Што любімы занятак стане прафесіяй, Аляксандра не думала. Атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “юрыспрудэнцыя”, а працоўную дзейнасць пачынала ў “Беларусбанку”.
– Першыя курсы па візажы прайшла дзеля цікавасці, калі яшчэ была студэнткай. З таго часу сабрала сотні нявест і выпускніц, тысячы жанчын на самыя розныя мерапрыемствы – юбілеі, фотасесіі, спатканні, карпаратывы. Для кожнай з нас вельмі важна адчуваць сябе прыгожай – тады і плечы распраўляюцца, і вочы ззяюць.
Цяпер яна спецыяліст высокага профілю. Сведчаць пра гэта шматлікія дыпломы і сертыфікаты Аляксандры, падрыхтоўка мадэляў да знакавых паказаў на ўзроўні краіны, але галоўным для яе заўсёды былі і застаюцца водгукі зямлячак. Кожнай ушачанка падказвае аптымальныя спосабы, тэхнікі пераўвасаблення.
– Радуе, калі за кансультацыяй да мяне жанчыны прыводзяць сваіх дачок-падлеткаў, – кажа А.Коршун. – У такім узросце ў дзяўчат часта ўзнікае павышаная цікавасць да касметыкі, цяга да эксперыментаў. А любыя няправільныя дзеянні – напрыклад з бровамі, якія яшчэ фарміруюцца – могуць нашкодзіць. Вучу, як гэтага не дапусціць, як бяспечна падкрэсліць сваю прыродную прыгажосць.
За карыснымі падказкамі нярэдка прыходзяць і сталыя жанчыны. Маршчынак, апушчаных векаў, іншых узроставых змен Аляксандра раіць не баяцца – зараз ёсць нямала спосабаў, як выдзеліць вартасці і, наадварот, прыхаваць усе “слабыя месцы”. Сярод запатрабаваных у многіх ушачанак – перманентны макіяж, які дазваляе на доўгі час і правільныя бровы, стрэлкі “намаляваць”, і вуснам прыгожы контур прыдаць.
Таццяна Жукава, жыхарка в.Ваўчо: “Такіх спецыялістаў і ў вялікім горадзе нячаста сустрэнеш. Калі нядаўна захацела зрабіць “перманент” броваў у валасковай тэхніцы, у некалькіх салонах Віцебска пачула адмоўны адказ. Саша ж узялася. Прычым, справілася настолькі ўдала, што прыйшла да яе яшчэ і за “прамалёўкай” векаў”.
Графік работы А.Коршун – “плаваючы”, але заўсёды з разлікам на патрэбы жанчын. Бывае, што ўжо ў 6 гадзін раніцы ў салон ці да іх на дом спяшаецца – гэта прывычная практыка ў дні правядзення вяселляў. Быў аднойчы выпадак, калі за макіяж ды прычоску бралася ў 4.15 – былая ўшачанка захацела прыехаць на работу ў Лепель прыгожай. З разуменнем адносяцца блізкія Сашы і да яе позніх вяртанняў: жанчынам ва ўзросце 35+ (а іх сярод кліентак – абсалютная большасць) зручней трапляць на працэдуры, тым больш працяглыя, пасля заканчэння рабочага дня.
Самай сталай кліентцы прадпрымальніцы было 85 – жанчына рыхтавалася да ўласнага юбілею. Самыя ж юныя яшчэ ходзяць у дзіцячы садок: у салон за моднай прычоскай да ранішніка іх прыводзяць бацькі.
Каб быць “у трэндзе”, А.Коршун пастаянна вучыцца – нядаўна, напрыклад, асвоіла тэхніку ўкладкі на фен з дапамогай брашынгу (круглай расчоскі), без усялякіх лакаў ды пенак. Прычым, атрымала такія веды ад аўтара першага ў свеце курса пра салонныя ўкладкі Ларысы Гімаліевай, якая збірае на канцэрты многіх зорак расійскай эстрады.
– Усе навінкі, калі гэта магчыма, тэсцірую на сабе, – прызнаецца Саша. – Мне важна разумець, што адчуваюць на працэдурах кліенткі. Так магу ўнесці неабходныя для паляпшэння карэктывы – напрыклад, іншы інструмент або тэхніку прымяніць, для камфортнага размяшчэння новую мэблю ці дадатковыя падушкі набыць.
Саша – актыўная ва ўсім. Неяк праводзіла для вучняў Арэхаўскай школы майстар-клас на тэму догляду за валасамі. Падтрымлівае даўнія сувязі з санаторыем “Лясныя азёры”, дзе нядаўна кансультавала адпачываючых па макіяжы. Удзельнічала ў акцыі “Прыгажосць выратуе свет”, якая да Дня пажылых людзей праводзілася ў ТЦСАН.
Вольнага часу ва ўшачанкі застаецца няшмат – і яго стараецца праводзіць з блізкімі. З мужам Ігарам, дачушкай Ірынай, сынам Цімафеем любяць павандраваць па Беларусі, наведаць знакавыя мясціны Ушаччыны ці проста сабрацца разам за сямейным сталом. Дарэчы, Аляксандра і кулінар выдатны. Наведвальніцы ж салона прыгажосці ведаюць яе яшчэ як чалавека творчага: прыгожыя дыадэмы, заколкі, іншыя аксесуары для прычосак робіць для іх сваімі рукамі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


