Первый прокурор России П.И.Ягужинский – наш земляк, выходец Кублич

Наши земляки

Сёлета споўнілася 90 гадоў з дня стварэння ў Беларусі органаў пракуратуры. Заснавальнікам жа пракурорскага нагляду ў Расійскай імперыі лічыцца Пётр І, менавіта па яго Указе 12 студзеня 1722 года была зацверджана Расійская пракуратура. Першым генерал-пракурорам стаў граф Павел Іванавіч Ягужынскі.

Напэўна, мала хто ведае, што гэты знакаміты дзяржаўны дзеяч і дыпламат — наш зямляк! Ён нарадзіўся ў мястэчку Кублічы Полацкага ваяводства ў 1683 годзе ў сям’і арганіста, але праз некалькі год разам з роднымі пераехаў у Маскву, дзе яго бацька паступіў на ваенную службу. Сам жа Павел стаў пажам пры двары, а ў 18-гадовым узросце — дзеншчыком Пятра І. Быў капітанам Праабражэнскага палка, атрымаў званне палкоўніка, потым — генерал-лейтэнанта. Павел быў сярод нешматлікіх гасцей на вяселлі Пятра І і Марты Скаўронскай, будучай Кацярыны І. Дарэчы, сам Ягужынскі  ўдала ажаніўся і, атрымаўшы велізарны пасаг, зрабіўся адным з найбагацейшых і ўплывовых людзей свайго часу.

Менавіта на яго кандыдатуры спыніўся Пётр І, калі вырашыў, што Расійскай дзяржаве неабходны пракурорскі нагляд. Прадстаўляючы Ягужынскага сенатарам, манарх сказаў: «Вось вока маё, якім я буду ўсё бачыць». Згодна Указу Пятра І, генерал-пракурор павінен быў ажыццяўляць нагляд за Сенатам і падпарадкоўваўся толькі імператару. Павел Іванавіч дастойна спраўляўся са сваімі абавязкамі, змагаўся з казнакрадствам і іншымі пасаднымі злачынствамі, чым нажыў сабе шмат ворагаў, у ліку якіх быў князь Меншыкаў. З-за варожасці з апошнім у 1726 годзе Ягужынскі быў фактычна пазбаўлены пасады генерал-пракурора, хоць фармальна займаў яе да 1731 года. Наш зямляк праявіў сябе і ў дыпламатычнай дзейнасці. Быў удастоены ордэна Святога Андрэя Першазваннага, ордэна Вялікага Князя Аляксандра Неўскага. Пражыў жыццё, насычанае яркімі ўзлётамі і балючымі падзеннямі, і пакінуў гэты свет у 1736 годзе, упісаўшы сваё імя ў гісторыю Расійскай дзяржавы.

В.БАБАШЫНСКІ, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *