Деньги наши, а права? На вопросы потребителей отвечает специалист

Ваш вопрос - наш ответ Выясняем ситуацию Закон - один для всех Зваротная сувязь Калейдоскоп

“Прамая лінія”, прысвечаная абароне правоў спажыўцоў, прайшла ў рэдакцыі 15 сакавіка. На пытанні жыхароў раёна адказвала начальнік аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама Т.У.ДЗЯМЕШКА. На жаль, нямногія ўшачане скарысталіся магчымасцю задаць сваё пытанне спецыялісту, а таму разам з Таццянай Уладзіміраўнай абмеркавалі найбольш частыя звароты спажыўцоў, з якімі перыядычна даводзіцца сутыкацца ёй і яе калегам з іншых рэгіёнаў краіны.

– У магазіне папрасіў прадаўца адрэзаць мяса ад выбранага мною кумпяка. Мне адмовілі, спасылаючыся на тое, што ў выніку застанецца вельмі маленькі кавалак, прадаць які будзе немагчыма. Ці правы ў гэтай сітуацыі работнік магазіна?

– Не. Спажывец можа патрабаваць ад прадаўца даць яму любую колькасць тавару, незалежна ад таго, што застанецца пасля куплі. У вашым выпадку трэба было звярнуцца да кіраўніцтва магазіна ці пакінуць адпаведны запіс у кнізе скаргаў і прапаноў.

– Набыла зімовыя боты ў жніўні. Пры куплі на абутак была дадзена гарантыя адзін месяц. Напачатку снежня боты расклеіліся. Ці можна прад’явіць прэтэнзіі, калі гарантыйны тэрмін прайшоў?

– Патрабаванні спажывец можа прад’явіць у межах гарантыйнага тэрміну. Яго адлік пачынаецца з наступленнем адпаведнага сезону: для зімовага абутку – з 15 лістапада, вясенняга – з 1 сакавіка, летняга – з 1 мая, асенняга – з 15 верасня.

– Купіў паліто ў падарунак жонцы. Не падышло па памеры. Ці можна вярнуць яго назад і атрымаць грошы?

– Спажывец у праве на працягу 14 дзён з моманту набыцця запатрабаваць замены тавару належнай якасці на аналагічны, калі ён не падышоў яму па памеры, колеры, фасоне. Абавязковая ўмова – рэч  не была ва ўжыванні, захаваны яе таварны выгляд, ярлыкі, этыкетка. Пры адсутнасці замены спажывец можа запатрабаваць вяртання аплачанай сумы.

– Купілі шпалеры аднаго артыкула. Аказалася, што яны адрозніваюцца па тоне (тры трубкі цямнейшыя за астатнія). У магазіне адмовілі ў замене, спасылаючыся на тое, што шпалеры не падлягаюць абмену і вяртанню. Ці так гэта?

– Сапраўды, шпалеры ўключаны ў пералік тавараў, якія не падлягаюць абмену і вяртанню. Аднак толькі ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра добраякасны тавар, які па нейкіх прычынах не спадабаўся пакупніку (напрыклад, шпалеры не падышлі да інтэр’еру). Адрозненне па тоне лічыцца недахопам, а таму ў дадзеным выпадку патрабаванне спажыўца правамернае і павінна быць задаволена.

– Купіла абутак на распродажы. Кошт быў зніжаны ў сувязі з наступленнем другога сезона. Праз два тыдні стаў хістацца абцас. У магазіне адмовіліся прыняць назад абутак, спасылаючыся на тое, што ён быў набыты па зніжаным кошце. Што рабіць?

– Змяншэнне пакупнога кошту не было звязана з наяўнасцю ў абутку дэфекту, а таму спажывец мае права прад’явіць прэтэнзіі прадаўцу з нагоды якасці абутку, і гэтыя патрабаванні павінны быць задаволены.

– У цырульні пры афарбоўцы валасоў фарбавальнік трапіў на маё адзенне – касцюм быў сапсаваны. Парыкмахер сказала, што нічым дапамагчы мне не можа. Што рабіць?

– Спажывец мае права запатрабаваць ухілення недахопу, які ўзнік па віне майстра, а ў выпадку немагчымасці гэта зрабіць – на пакрыццё кошту касцюма.

– Здалі ў гарантыйны рамонт магнітафон. Пасля таго, як рамонт быў зроблены, запатрабавалі аплаціць паслугу, бо прычынай паломкі аказаўся прусак.

– Калі ў пашпарце на выраб ёсць інфармацыя пра тое, што дадзены тавар не можа эксплуатавацца ў памяшканні, дзе знаходзяцца (або могуць з’явіцца) насякомыя, то такі рамонт робіцца за адпаведную прэйскуранта плату. Калі ж такой інфармацыі ў пашпарце няма, то рамонт абавязаны зрабіць бясплатна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *