Константин Макович

Наш современник Образование и молодежь

У абсалютнай большасці ўсё фарміруецца ў сям’і, гаворым мы, разважаючы пра выхаванне дзяцей. І гэта так. Вось і ў сям’і Маковічаў з гарпасёлка хоць ніхто з бацькоў не мае педагагічнай адукацыі, але добра ведаюць гэта правіла: які падасі прыклад, так і адгукнецца.P1010008

Маці дваіх дзяцей Ніна Мікалаеўна мае вельмі клопатную пасаду: працуе майстрам у камунгасе. На яе адказнасці – падтрыманне ў належным стане жыллёвага фонду гарпасёлка. Бясконцыя рамонты, мноства іншых работ – гэта штодзённыя будні жанчыны. А дома чакае сям’я, якой трэба аддаваць цеплыню сэрца, займацца выхаваннем дзяцей, праяўляць гаспадарчы клопат.

Праўда, Маковічы-старэйшыя самае складанае, як бацькі дваіх дзяцей, прайшлі ўжо. Дачка Антаніна скончыла музычнае вучылішча, завочна займаецца ў Смаленскай акадэміі музыкі.

На выбар сына непасрэднае ўздзеянне аказваў бацька. Яшчэ калі быў вучнем, Уладзімір Маковіч захапляўся валейболам, лёгкай атлетыкай. Як прыгадвае трэнер яго сына Канстанціна, бацька быў адным з лепшых лёгкаатлетаў. Любіў названыя віды, настойліва трэніраваўся і дасягаў поспеху.

А калі прыклад перад вачыма, то хочацца яго пераняць. Так, назіраючы з дзяцінства за бацькам, захапіўся спортам і Косця. Праўда, Уладзіміру Васільевічу не давялося звязаць жыццё са сваім захапленнем, працуе слесарам “Ушачырайгаза”, а вось сын спрабуе гэта зрабіць. Хаця і не сказаць, каб па вышэйшым бале дасягае мэты, займаецца завочна, а хацеў бы стацыянарна і ёсць імкненне. У мінулым годзе юнак паступіў ва універсітэт фізкультуры і спорту.

Уладзімір Васільевіч, як і яго жонка, па рабоце вельмі заняты чалавек, бо мае абавязак ухіляць розныя аварыйныя непаладкі ў сістэме газавага забеспячэння, але не парывае сувязей са спортам: па-ранейшаму любіць валейбол, а калі і ў шахматных паядынках удзельнічае.

Канстанцін паспрабаваў сябе ў некалькіх відах. А найбольш сур’ёзна адносіцца да заняткаў па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны”. У мінулым годзе нашы юнакі занялі другое месца ў вобласці. Сур’ёзна займаецца Косця Маковіч стральбой, якраз тым, што лічыць абавязковым для будучага мужчыны.

А яшчэ хлопец вельмі цэніць сяброўства, як і ўсе ўшацкія аматары спорту. Больш за ўсё давярае Андрэю Аўдошку, які вучыцца яшчэ ў школе і з’яўляецца варатаром футбольнай каманды. Разам яны наведваюцца па вечарах на трэніроўкі ў спартыўную залу ў лясгасаўскім пасёлку.

Галоўны клопат Канстанціна Маковіча сёння – адолець вучобу ў ВНУ. Ён добра ведае (так вучаць яго бацькі), што кожны дзень трэба пераадольваць сябе, самаўдасканальвацца, набываючы веды, а таксама дасягаць поспехаў у спорце, які фарміруе фізічныя і маральныя здольнасці.

Такая атмасфера ў Маковічаў, простай сучаснай сям’і.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *