Около полутора миллионов сеянцев хвойных пород реализовали на экспорт и в пределах страны работники Ушачского лесхоза

Экология Экономика и малый бизнес

У пагодлівыя восеньскія дні тэрыторыю пітомніка Ушацкага лясгаса па колькасці людзей і тэхнікі, якія працавалі тут, можна было параўнаць хутчэй з вялікай будаўнічай пляцоўкай — на аб’екце вяліся работы па маштабнай рэканструкцыі для пашырэння плошчаў пад пасадкі. Высечкай прылягаючага лесу, яго вывазам і выдаленнем рэшткаў расліннасці займаліся самі лесаводы, а на карчаванні была задзейнічаная тэхніка Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. У выніку і так немалая тэрыторыя прырасла яшчэ трыма гектарамі і зараз плошча ўчасткаў пад усімі відамі лясных культур складае 12,3 гектара. Работы плануюць завяршыць да канца года, пасля абсталявання пляцоўкі для захоўвання кампосту.

— Беднаватыя пясчаныя землі, — тлумачыць намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Паўлавіч Рудасаў. — Для сасны яшчэ падыдуць, а для елкі неабходна ўносіць пажыўныя рэчывы, якія паступова выносяцца з глебы каранёвай сістэмай.

Калі напрыканцы верасня заязджаў на пітомнік, то акрамя будаўнічых вяліся і работы па доглядзе за сеянцамі. Знаходзіцца ён на тэрыторыі Вялікадолецкага, але пры неабходнасці дапамагаюць мясцовым працаўнікам іншыя лясніцтвы — тут падрастае пасадачны матэрыял для ўласных патрэб усяго лясгаса, а таксама вырошчваюцца культуры на продаж. Таму, напрыклад, калі на працягу трох дзён неабходна было нарыхтаваць трыста тысяч сеянцаў сасны, то пад кіраўніцтвам штатных работнікаў пітомніка гэтай справай займаліся і леснікі з лесарубамі суседняга Касарскога лясніцтва. Праца гэта карпатлівая і поўнасцю ручная. Выбраць 13,9 тысячы сеянцаў елкі або 14,7 тысячы сасны — дзённая норма выпрацоўкі на аднаго чалавека. Пастаянныя ж работнікі пітомніка Таццяна Кузьмінічна Пятрова, Галіна Аляксееўна Тарасевіч і Галіна Мікалаеўна Вацьковіч умудраюцца за дзень рабіць па дзве-тры нормы! Прычым адразу і не паверыў, што толькі апошняя з гэтых абаяльных жанчын яшчэ не дасягнула пенсійнага ўзросту. «На прыродзе працуем, на свежым паветры, вось лес нас і маладзіць!» — кажуць работніцы пітомніка.

— Потым сеянцы неабходна звязаць у пучкі па 100 штук, — пяшчотна прыціскаючы да грудзей кволыя парасткі будучых сосен, расказвае Г.М.Вацьковіч. — А карані апускаем у спецыяльны раствор, каб не высыхалі, бо павязуць нашы дрэўцы вельмі далёка, чулі, што аж на Урал.

Як паведамілі ў лясгасе, сёлета на працягу года ўдалося рэалізаваць на экспарт і ў межах краіны 1 мільён 430 тысяч сеянцаў хваёвых дрэў, значную частку з якіх — у Расійскую Федэрацыю, атрымана 268 мільёнаў рублёў. Цяпер можна смела казаць, што не толькі лясныя ўгоддзі нашага раёна і некаторых іншых рэгіёнаў Беларусі, але і частка лясоў суседняй краіны будуць мець ушацкія карані.

Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *